«Мая душа, як лук, нацягнутай была..» — да 120-годдзя Максіма Багдановіча

«Мая душа, як лук, нацягнутай была..» — да 120 годдзя Максіма Багдановіча

Максім Багдановіч — выдатны класік беларускай літаратуры, рамантычны паэт, лірык, празаік, крытык, публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык, геній зямлі беларускай нарадзіўся 9 снежня 1891 г. (паводле новага стылю) у Мінску ў сям’і настаўнікаў.

Паходжанне Багдановіча

Бацька — Адам Ягоравіч Багдановіч (1862-1940) паходзіў з сям’і беззямельнага селяніна з м. Халопенічы Барысаўскага уезду. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, працаваў выкладчыкам і кіраўніком гарадскога пачатковага вучылішча ў Мінску, ацэншчыкам і землеўпарадчыкам у Сялянскім зямельным банку ў Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі. Вядомы як вучоны-фалькларыст, этнограф, гісторык. Быў блізкім сябрам славутага рускага пісьменніка Максіма Горкага. Маці — Марыя Апанасаўна Мякота (1869-1896) — скончыла настаўніцкія курсы ў Пецярбургу, займалася педагагічнай практыкай. У шлюбе Адама Ягоравіча з Марыяй Апанасаўнай было чацвёра дзяцей: 3-ы сыны і дачка.

У 1892 г., амаль адразу пасля нараджэння Максіма, сям’я пераехала ў Гродна, а ў 1896 г., пасля смерці ад туберкулёзу Марыі Апанасаўны, Багдановічы змянілі месца жыхарства на Ніжні Ноўгарад. Праз некалькі гадоў Адам Ягоравіч уступіў у шлюб з Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай (роднай сястрой жонкі Максіма Горкага), аднак яна памерла пры родах, а іх маленькі сын Аляксандр гадаваўся у сям’і Горкага (у двухгадовым узросце хлопчык цяжка захварэў і памёр). Пазней А.Я. Багдановіч звязаў сваё жыццё з сястрой сваёй першай жонкі — Аляксандрай Апанасаўнай Мякотай, і ў іх нарадзілася пяцёра сыноў.

У сям’і Багдановічаў размаўлялі па-руску, але сам лад жыцця, звычкі, густы, настрой думак у сваёй аснове былі беларускія. Тут дзеці чулі беларускія казкі, песні, прымаўкі. Бацька ўдзяляў шмат увагі сваім сынам, ён прывіў ім любоў да літаратуры. У адным з лістоў да сябра Максім пісаў:

«Мяне выхоўваў бацька. Неяк я паказваў вам яго бібліятэку. У ёй усё ёсць істотнае, што з’явілася калі б там ні было ў літаратуры ўсяго свету. Мы з дзяцінства праходзілі гэтую сусветную школу... Зразумела, галоўная ўвага звярталася на славянскія літаратуры...».

І, відавочна, гэтыя абставіны паспрыялі таму, што ўжо ў дзесяцігадовым узросце Максім пачаў спрабаваць пісаць мастацкія творы па-беларуску.

Творчая дзейнасць

Творчая дзейнасць Максіма Багдановіча пачалася з публікацыі апавядання «Музыка». У 1908 годзе былі напісаны і апублікаваны першыя вершы «Прыйдзе вясна», «Над магілай», у якіх аўтар пазначыў месца напісання: Ніжні Ноўгарад. Ужо з маленства ў Максіма абудзіліся цікавасць да роднага краю, яго трагічнага лесу, яго людзей і прыроды — цікавасць, якая перарасла затым у самаахвярную любоў, вялікую мэту ўсяго жыцця.

На прасторах зямлі гучаць і сёння яго знакамітыя радкі :

«Ізноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сцены мохам параслі,
Ўсё ў пылу. І стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне.
Я ў сад пайшоў... Ўсё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было,
І толькі надпіс „Вераніка“,
На ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб тэй пары.»

Ідэя нацыянальнага адраджэння Бацькаўшчыны становіцца мэтай і сэнсам яго жыцця.

У чэрвені 1908 года сям’я Багдановічаў пераязджае на пастаяннае месца жыхарства ў Яраслаўль. Максіма пераводзяць у шосты клас яраслаўскай гімназіі. Вясной 1909 года юнак захварэў туберкулёзам. Нягледзячы на хваробу, гады вучобы ў гімназіі былі плённымі ў творчасці.

Газета «Наша Ніва» перыядычна друкуе вершы, у газеце «Голос» публікуюцца нататкі, рэцэнзіі, фельетоны, крытычныя артыкулы.
У 1909 годзе Адам Багдановіч адвозіць сына на лячэнне ў Крым. Здароўе яго паляпшаецца.

З творамі М.Багдановіча ў 1909 годзе знаёміцца С.Палуян, супрацоўнік газеты «Наша Ніва». Вядомы публіцыст, крытык адыграў значную ролю ў творчым лёсе маладога паэта. Члены рэдкалегіі газеты «Наша Ніва» лічылі вершы М.Багдановіча «дэкадэнскімі», і яны захоўваліся ў архіве рэдакцыі. С.Палуян настаяў на іх публікацыі

У 1911 годзе М.Багдановіч заканчвае гімназію і наведвае Вільню. Па прапанове братоў І. і А Луцкевічаў паэт жыве ў фальварку Ракуцёўшчына (непадалёк ад Маладэчна). Да гэтага часу ён меў толькі кніжнае ўяўленне аб Беларусі, але тут, у 20-гадовым узросце змог зблізку ўбачыць беларускую прыроду, жыццё і побыт беларусаў. Будучы ў Вільні малады паэт азнаёміўся ў прыватным беларускім музеі братоў Луцкевічаў з калекцыямі старажытных рарытэтаў, і пад іх уражаннем напісаў верш «Слуцкія ткачыхі».

«Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.»

У Вільні ў 1914 годзе выходзіць адзіны прыжыццёвы зборнік М. Багдановіча «Вянок».

Пасля атрымання атэстата сталасці, Максім Багдановіч меў намер паступіць у Пецярбургскі універсітэт на філалагічны факультэт, але з-за адсутнасці сродкаў, а таксама з-за таго, што сыры клімат сталіцы не падыходзіў для чалавека са слабым здароўем, не здолеў здзейсніць свой намер і, вярнуўшыся з Беларусі ў Яраслаўль, паступіў у Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. Пры гэтым Максім вельмі настойліва займаўся самаадукацыяй. Ужо к таму часу яго веды ў галіне гісторыі, літаратуры, культуры народаў славянскага свету мелі энцыклапедычны характар. Ён таксама шмат увагі аддаваў замежным мовам: вывучаў грэчаскую, лацінскую, італьянскую, польскую, французскую і нямецкую.

У сваёй творчасци М.Багдановіч здолеў падняць сапраўдныя «глыбы» ў даследаванні гісторыі беларускага пісьменства і закласці асновы нацыянальнага літаратуразнаўства і крытыкі. Першыя артыкулы «Глыбы і слаі» (1911г.), «За тры гады» (1913г.) даследчыкі лічаць пачаткам беларускай прафесійнай крытыкі.

М.Багдановіч стварае «навукова абгрунтаваную канцэпцыю развіцця беларускай літаратуры ад старажытнасці да пачатку ХХ ст.» («Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця» (1911г.), «За сто лет» (1911г.), «Новый период в истории белорусской литературы» (1912г.), «Белорусское возрождение» (1914г.)).

Калісьці Бялінскі пісаў, што паэт ніколі не стане вялікім ад самога сябе, а толькі выражаючы душу народа і свой час. Багдановіч якраз і стаў натхнёным выразнікам запаветных дум, жаданняў народа, праўдзівым і непадкупным суддзёй свайго суровага часу. Ці можна сёння свядомаму беларусу без духоўных дрыжыкаў чытаць такія пранікнёныя радкі :

«Народ, Беларускi Народ!
Ты — цёмны, сляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалi,
Цябе не пушчалi зь ярма
I душу тваю абакралi,-
У ёй нават мовы няма.
Збудьзiўшысь ад грознай бяды,
Увесь поўны сьмяротнай жуды,
Ты крыкнуть ня вольны: „Ратуйце!“
I мусiш ты „Дзякуй“ крычаць.
Пачуйце жа гэта, пачуйце,
Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!»

1913г.

Сярод падзей асабістага жыцця Максіма Багдановіча з 1914 і амаль да канца 1916 г. былі паездка ў Крым для паўторнага курса лячэння і каханне, якое прынесла яму шмат перажыванняў. У гэты час адбаваецца і прафесійнае прызнанне маладога літаратара з боку калег. Максіма Багдановіча прынялі ў члены «Усерасійскага таварыства дзеячаў перыядычнага друку і літаратуры».

Творчая праца Максіма выліваецца ў мастацкія цыклы вершаў. Максім Багдановіч пісаў вершы і на рускай мове. Да гэтага часу адносятся і пераклады на беларускую мову твораў А. Пушкіна, Э. Верхарна. Акрамя таго, у расійскім і ўкраінскім друку з’яўляюцца публіцыстычныя артыкулы Максіма Багдановіча на рускай мове, прысвечаныя пытанням гісторыі літаратуры, нацыянальным і грамадска-палітычным праблемам («Новая интеллигенция», «О гуманизме и неосмотрительности», «Белорусы», «Украинское казачество», «Образы Галиции в художественной литературе»), выходзяць гісторыка-краязнаўча-этнаграфічныя працы («Червонная Русь», «Угорская Русь», «Братья-чехи»), а таксама літаратуразнаўчыя рэцэнзіі, фельетоны.

У верасні 1916 года М.Багдановіч заканчвае Яраслаўскі ліцэй. Ён марыць аб выданні новых паэтычных зборнікаў. Але здзейсніць свае творчыя планы М.Багдановіч, на жаль, не паспеў.

Восенню 1916 года ён пераязджае ў Мінск і пачынае працаваць сакратаром у харчовым камітэце Мінскай губернскай управы. Асяроддзе аднадумцаў натхняе паэта на творчасць і актыўную грамадскую дзейнасць. У гэты перыяд ён піша сваю легендарную «Пагоню».

«Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах,-
Успомню Вострую Браму святую
І ваякаў на грозных канях.
У белай пене праносяцца коні,-
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.
У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?
Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі ўздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?
Бійце ў сэрца іх — бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...
Маці родная, Маці-Краіна!
Не ўсцішыцца гэтакі боль...
Ты прабач. Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..
Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць».

(1916г.)

Пагібельная хвароба, якая ўвагнала ў магілу яго маці і старэйшых братоў, прымушае Багдановіча кінуць усё — планы, справы, сяброў. Дзякуючы сябрам, якія сабралі грошы, Максім Багдановіч паехаў на поўдзень на лячэнне. У канцы лютага 1917 года М.Багдановіч назаўсёды пакідае Мінск. Блізілася трагічная развязка.

«Ужо пара дадому збірацца, -
Вечар позны, а час не стаіць.
Ах, калі б ты магла здагадацца,
Як не хочацца мне ухадзіць.»

Багдановіч паміраў мужна і з годнасцю: без нараканняў і скаргаў. На яго стале засталося неадпраўленае пісьмо да бацькі: «Добры дзень, стары варабей... Маладому вераб’ю дрэнна...». За свой нядоўгі век Багдановіч зведаў шмат гора і пакутаў, цяжкіх душэўных мук.

Пра сваю хуткую смерць ён ведаў, але не страціў мужнасці, не змаладушнічаў. Аб смерці ён гаворыць у вершах проста і натуральна, як аб жыцці, без адчаю і жаху.

У краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю...

25 мая 1917 года ў Ялце ў творчым росквіце абарвалася жыццё таленавітага мастака. Ён пахаваны ў Ялце на гарадскіх могілках. Максім Багдановіч быў сярод тых дзеячоў беларускага нацыянальнага адраджэння, хто спрабаваў паказаць месца і ролю беларускага народа ў гісторыі і часе, сфармуляваць нацыянальную ідэю беларусаў, асэнсаваць шляхі далейшага развіцця беларускай нацыі. Усяго дзесяць гадоў доўжылася дзейнасць таленавітага сына беларускай зямлі. Але творам, якія ён паспеў падарыць народу, выпаў зайздросны лес. Імя паэта стала адным з самых дарагіх у памяці ўдзячных нашчадкаў.:

«Нашто на зямлi
Сваркi i звадкi, боль i горыч,
Калi усе мы разам ляцiм да зор».

Творчую спадчыну Максіма Багдановіча вывучае адна з галін беларускай літаратурнай навукі — багдановічазнаўства. Збор твораў паэта ў двух тамах выходзіў у Мінску ў 1927-1928 гг. і ў 1968 годзе. Поўны збор твораў у трох тамах выдадзены ў Мінску ў 1992-1995 гг. У 1981 годзе у Мінску выйшла факсімільнае выданне зборніка «Вянок».

Памяць Максіма Багдановіча ўшанавана ў назве буйной вуліцы Мінска. Вуліцы яго імя ёсць таксама ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце і іншых населеных пунктах. Яго імя нададзена школам і бібліятэкам у многіх гарадах Беларусі.

Аб жыцці і творчасці Максіма Багдановіча зняты кіна- і відэафільмы. Яго лёсу прысвечаны поп-опера і аперэта. На яго вершы запісваліся музычныя творы. Некаторыя з іх сталі знакамітымі народнымі песнямі («Лявоніха», «Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»).

Аляксандр А. Сакалоўскі

2015 © Сайт Борисовское благочиние. Первый Борисовский церковный округ Борисовская Епархия Белорусская Православная Церковь,

активная cсылка на использованные материалы сайта обязательна, авторские материалы - только с разрешения автора

мнение администрации сайта не всегда совпадает с мнением авторов

электронная почта info@blagobor.by или воспользуйтесь этой страницей для отправки сообщения