Перакладчык, асветнік, выдавец Евангелля — Васiль Цяпінскі-Амельяновіч

Перакладчык, асветнік, выдавец Евангелля — Васiль Цяпінскі-Амельяновіч

Да Года кнігі ў Беларусі

З усіх дзеячоў беларускай даўніны постаць Васіля Цяпінскага, напэўна, найменш вядомая. І гэта пры тым, што перакладчыцкая і выдавецкая справа Цяпінскага ставiць яго ў адзін шэраг з найвыдатнымі асветнікамі Беларусі.

Паходжанне

Мяркуецца, што Васіль Цяпінскі нарадзіўся ў 30-я — пачатку 40-х гадоў XVI стагоддзя. ў в. Цяпіна Полацкага ваяводства (зараз Чашніцкі раён). Маёнткі Цяпінскіх былі раскіданыя па розных кутках Беларусі: не толькі на Полаччыне, дзе існавала вёска з назвай Цяпіна (пад Чашнікамі), але на Міншчыне, Лідчыне, Віленшчыне і нават пад Кіевам. Васіль Цяпінскі належыў да дробных землеўласнікаў.

Род Цяпінскіх становіцца вядомым у актах Вялікага княства Літоўскага толькі з XVI ст. як «кроўнародасны» (блізка параднёны) з родам Слушак.

Слушкі і Цяпінскія паходзяць ад аднаго продка, Амяльяна, які атрымаў сваё шляхецтва і землеўладанне, як можна меркаваць паводле яго прозвішча, за службу (у XVI ст. часам пісалася Служка, Служыч). У Амяльяна былі сыны Рыгор і Іван. Па Рыгору далей пайшла лінія Слушкаў, а па Івану (відаць, малодшаму сыну) — лінія Цяпінскіх (атрымалі сваё прозвішча, верагодна, таму, што ім дастаўся напачатку толькі адзін буйны ўдзел — Цяпіна, хоць частка гэтага маёнтка заставалася і ў Слушкаў).

У 1547 годзе спадчынныя дакументы кіеўскага гараднічага Івана Грыгор’евіча Слушкі загінулі ў час пажару ў Мінску. Па хадайніцтву Слушкі гаспадарская канцылярыя выдала яму пацверджанне на яго спадчынныя маёнткі. У гэтым акце ўпершыню ў вядомых зараз гістарычных крыніцах згадваецца і Цяпіна.

Жонка Васiля Цяпiнскага Соф’я Данілаўна паходзіла з роду князёў Жыжэмскіх.

Васiль Цяпiнскi меў радавы маёнтак Цяпіна (каля Лепеля), спадчынныя і набытыя ўладанні ў Мінскім, Лідскім, Ашмянскім, Віленскім паветах. Відаць, менавіта Васіль Мацвеевіч быў блізкі з Філонам Кмітам-Чарнабыльскім.

Пасаду аршанскага падстарасты Васіль Цяпінскі займаў таксама пад час староства Філона Кміты, які з 1566 г. быў старастам аршанскім. Пад яго камандай Васіль служыў у коннай роце каля 1567 г., а ў 1582 г. па яго даручэнню выступаў у судзе. Варта ўлічыць, што Філон Кміта знаходзіўся ў сяброўскіх адносінах з Астафеем Валовічам, карыстаўся яго асабістай падтрымкай.

Такім чынам, ёсць падставы звязваць дзейнасць Васіля Цяпінскага з асобай Астафея Валовіча, які перайшоў у пратэстантызм з праваслаўя (прыкладна з сярэдзіны 1550-х г., напачатку патаемна, а пазней і адкрыта). Васіль прымаў удзел у Інфлянцкай вайне 1558–1563 гг.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў пачатку 1570-х гадоў ён жыў на Валыні.

Творчая дзейнасць

Васiль Цяпiнскi прадоўжыў гуманістычныя і культурна-асветніцкія традыцыі Францыска Скарыны, быў асабіста і ідэйна звязаны з Сымонам Будным, падзяляў яго грамадска-палітычныя і рэлігійныя погляды.

Як і Сымон Будны, ён прыйшоў ад кальвінізму да антытрынітарызму. Дзеячы памяркоўнага сацыяльнага крыла антытрынітарызму (С. Будны, В. Цяпінскі) у рэлігійна-філасофскай сферы займалі радыкальна-рацыяналістычную пазіцыю, крытыкавалі царкоўна-рэлігійную дагматыку кананічных хрысьціянскіх цэркваў (у тым ліку і некаторыя тэалагічныя пастулаты Рэфармацыі).

У кнізе «Пра найважнейшыя артыкулы хрысціянскай веры» Сымон Будны паведамляў, што ў 1574 годзе у доме «брата мілага Васіля Цяпінскага» адбыўся сінод антытрынітарыяў. У другой сваей кнізе ён пісаў пра сінод 1578 года, на якім Цяпiнскi адстойваў пазіцыю, што валодаць маёнткамі і зямлёй, а таксама ўдзельнічаць у справядлівых войнах супраць нашэсцяў і пагрозы тыраніі — гэта не грэх і не супярэчыць Бібліі, як даводзілі крайне левыя антытрынітарыі.

Такія погляды Цяпiнскага супадалі з поглядамі шляхецкага крыла пратэстанцкага руху.

У 1570-я гады Васiль Цяпiнскi на свае сродкі арганізаваў друкарню (якая знаходзілася, відаць, у Цяпіне) з намерам выдаваць кнігі на русінскай мове. У яго была добрая бібліятэка, неабходная яму для выдавецкай дзейнасці. Наважыўшыся надрукаваць Евангелле на дзвюх мовах — царкоўнаславянскай і русінскай, Цяпiнскi распачаў цяжкую і складаную работу па яе перакладзе.

Зараз вядома толькі адно яго выданне Евангелля, якое выйшла каля 1570 года і змяшчае Евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі (захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу). Гэта частка выдання выяўлена ў XIX стагоддзе ў рукапісным зборніку, куды былі ўплецены 62 друкаваныя аркушы Евангелля Васiля Цяпiнскага.

Кнiга мае арыгінальную будову: тэкст надрукаваны ў два слупкі (на царкоўнаславянскай і русінскай мовах) са шматлiкiмi спасылкамi на лiтаратурныя крынiцы. Прадмова да гэтага выдання на 6 аркушах напісана iм жа.

Пры перакладзе Евангелля на русінскую мову Васiль Цяпiнскi абапіраўся на стараславянскія пераклады Бібліі асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем. Выданне ўпрыгожана наборным арнаментам. Прадмова да «Евангелля» адрозніваецца ад іншых прадмоў публіцыстычнай яскравасцю, вастрынёй пастаўленых пытанняў. Васіль Цяпінскі асуджае царкоўную і свецкую знаць, якая абыякава ставіцца да будучынi Айчыны.

Уся перакладчыцкая і друкарская дзейнасць вялася ім з патрыятычных пачуццяў да Радзiмы. Пра сваё высокае прызначэнне служыць народу Васiль Цяпiнскi пісаў у рукапіснай прадмове да Евангелля. Ён высока цаніў свой «зацный, славный, острий, довстипный» народ, да якога адносіў і сябе.

Занепакоены заняпадам нацыянальнай культуры і асветы, духоўнасці існуючага грамадства, ён звязваў яго з агульным заняпадам навукі і маралі, заклікаў паноў і духавенства дапамагчы паспалітаму люду, адкрыць школы і ўзняць навуку «занедбаную». Рэлігійную адукацыю ён звязваў з асветай навогул.

Выдавецкая справа

Васiль Цяпiнскi імкнуўся даказаць вялікую карысць чытання Евангелля на роднай мове як «сумы закону божиего», якое дае магчымасць лепш разумець рэлігію. Такiм чынам асветніцкая праграма Васiля Цяпінскага была разлічана на ўздым нацыянальнай культуры, школьнай справы, пісьменства, кнігадрукавання, умацаванне пазіцый русінскай мовы, абуджэнне грамадзянскай актыўнасці народа, яго гістарычнай і нацыянальнай свядомасці.

Яго падыход да рэлігіі быў рацыяналістычны, цярпімы. . Евангелля адрасаваў і дарослым, і дзецям, усім вернікам, незалежна ад канфесіі, усім, хто хоча чытаць гэту частку Бібліі

У сваей прадмове да Евангелія Цяпiнскi пісаў, што з-за цяжкага матэрыяльнага становішча процідзеяння непрыяцеляў, якія здзекаваліся з яго шчырага імкнення надрукаваць кнігу, яму давялося выпусціць толькі пісанні святых Матфея, Марка і пачатак з ЕвангелляЛукі. Выданнем Евангелля Васiль Цяпiнскi ставіў за мэту не толькі спрыяць рэлігійнаму выхаванню, але ўзняць асвету і нацыянальную самасвядомасць народа.

Пры перакладзе Евангелля на беларускую мову Цяпiнскi апіраўся на стараславянскія пераклады Свяшчэннага пісання асветнікамі Кірылам i Мяфодзіем. Уся перакладчыцкая i друкарская дзейнасць вялася ім з патрыятычных пачуццяў «своей Руси услугуючи». Пра сваё высокае прызначэнне служыць беларускаму народу Ц. пісаў у рукапіснай прадмове да Евангелля. Ён высока цаніў «зацный, славный, острий, довстипный» беларускі народ, да якога адносіў i сябе. Асноўную прычыну цяжкага становішча і заняпаду сваёй айчыны ён бачыў у афіцыйнай палітыцы паланізацыі і акаталічвання, у падтрымцы гэтай палітыкі мясцовымі феадаламі, якія не толькі не дапамагалі народу развіваць сваю культуру, але і самі адракліся ад таго, што калісьці было зроблена іх «фалебными предками», саромеюцца свайго паходжання і мовы. Таму, паводле Цяпiнскага, «за такою неволею» замест «мудрости и цвичения» «оплаканая неумеетность пришла, же вжо некоторые и писмо се своим... встыдают».

Даўно наспелай справай ён лічыў адкрыццё школ, у якіх выкладанне вялося б не на лацінскай ці польскай, а на русінскай мове, дастаткова багатай для выкарыстання яе ў навучальных установах.

Такія школы і вывучаемыя ў іх прадметы, на яго думку, павінны адпавядаць усебаковаму развіццю адукацыі на роднай мове і, значыць, усебаковаму развіццю чалавека «для лепшого розсудку», каб у іх «детки смыслы свои неяко готовали, острили и в вере прицвичали».

У сваім выданні Евангелия Васiль Цяпiнскi змясціў 210 глос (слоў-перакладаў), якія тлумачылі на палях кнігі незразумелыя ці малазразумелыя словы.

У 60-я — 70-я гг. XVI ст. у ВКЛ было цяжкае становiшча. Не скончылася яшчэ вайна, няпростымі былі адносіны паміж Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім у новым дзяржаўным фарміраванні — Рэчы Паспалітай. У сваёй боскай справе Цяпінскі апрача магната Валовіча меў падтрымку з боку пратэстанцкай грамады, якая была зацікаўленая ў перакладным Евангелля.

Сама дзейнасць па перакладу і выданні Евангелля (ды яшчэ з каментарамі), клопат пра пашырэнне «Навукі Слова Божага», што гучыць у прадмове, сведчаць аб натхнёнай душапастырскай дзейнасці гэтай асобы. Мяркуюць, што ў 1562 Цяпiнскi. надрукаваў у Нясвіжы 2 творы С.Буднага: «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам».

Але толькі ў творчасці самаго Цяпінскага асветніцкія і духоўныя тэндэнцыі знайшлі найбольш моцнае ўвасабленне, сталі асноўнай духоўнай справай яго жыцця і дзейнасці.

Цяпінскі, мабыць, не вучыўся ў замежных універсітэтах, бо ўсё папярэдняе жыццё яго было павязана з вайсковымі, грамадскімі і складанымі хатнімі абавязкамі. Але ж пераклады Бібліі былі пад сілу толькі людзям вельмі адукаваным, таленавітым, маючым значныя гістарычныя, лінгвістычныя, тэалагічныя, літаратурныя веды. Безумоўна, пашырэнню яго інтарэсаў, кругагляду, грамадскай і духоўнай актыўнасці, зацікаўленасцi біблейскімі перакладамі спрыяла яго сяброўства з Сымонам Будным і яго паплечнiкамi, удзел у рэфармацыйным руху, знаёмства з дзейнасцю Францыска Скарыны i Нясвiжскай друкарнi.

Высакародная справа і жыццёвыя цяжкасці

У Супрасльскім зборніку XVI ст. перад прадмовай да Евангелля Цяпiнскага, змешчаны «Катэхизисъ, або Соума Науки детей въ Христе Исусе», магчыма, тэкст падрыхтаваны Цяпiнскiм.

Уражвае шчырасць гэтай прадмовы, яе эмацыянальнасць, мастацтва, з якім Цяпінскі акрэслівае духоўны заняпад грамадства, асабліва яго пастыраў, занядбанне боскіх запаведзяў, пагоню за матэрыяльнымі здабыткамі, пашырэнне невуцтва, недастатковую развітасць школьнай і кніжнай справы, «трапенасць» і «заведзенасць» народу простага, беднага, паспалітага.

Для асветніцкіх і талерантных поглядаў Цяпінскага вельмі характэрным быў яго заклік да духоўных іерархаў і свецкіх вучоных асоб, выпускнікоў еўрапейскіх універсітэтаў, магістраў і дактароў навук, якія павінны б былі актыўна займацца школьнымі, кніжнымі і іншымі патрэбнымі рэчамі.

На жаль, гэтыя яго чаканні не спраўдзіліся. Адчуваючы вострыя патрэбы Айчыны і свайго народа, ён вымушаны быў сам узяцца за гэту высакародную справу. Лепей сказаць яго ўласнымі словамі:

«И о тое маючи пана (бога) на помочи, не смысленым або красомовным выводом, не залецаными ани часу угажаючими словы, але яко сприязливый, простый и щирий правдиве, верне а отвористе з зычливости ку моей отчизне, — поневаж, которым бы то властней учинити пристоило митрополитове, владыки и нихто з учоных через так многий час не хотели...»

Па словах прадмовы бачна, як цяжка прыйшлося небагатаму шляхціцу Вясiлю Цяпiнскаму ў ажыццяўленні складанай справы па перакладу евангельскіх кніг, наладжванні ўласнай друкарні, якія фінансавыя і іншыя перашкоды прыйшлося пераадольваць.

У канцы жыцця Цяпiнскi, відаць, не захаваў за сабой усіх маёнткаў, бо ў студзені 1604 г. Полацкі суд разглядаў справу паміж яго сынамі і жонкай пра падзел толькі Цяпіна. Астатнія маёнткі, магчыма, былі прададзены ім на пакрыццё выдаткаў, звязаных з кнігадрукаваннем.

Васіль Цяпінскі быў забіты сваімі дваюраднымi братамi ці на пачатку 1600 г., ці ў 1599 г. ужо ў сталым узросце. Матывы гэтага злачынства невядомыя, але карані яго, магчыма, бяруць пачатак яшчэ з даўняй варожасці Васіля і Мацея Цяпiнскiх, з-за маёмасці.

Бібліяграфія:

  • Вяроўкін-Шэлюта У. Васіль Цяпінскі і род Слушкаў-Цяпінскіх у 16 стагодзьдзі . Годнасьць: Выданьне згуртаваньня беларускае шляхты. 1994. № 1. С. 15-21.
  • Галенчанка Г.Я. Васіль Цяпінскі — паслядоўнік скарынінскай справы. 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
  • Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі: Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мінск, 2000. Вып. Первый С. 64-69.
  • Мельнікаў А. А. Цяпінскі Васіль Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. Мінск, 1995. Т. 6. С. 239
  • Клімаў І. П. Нарыс бібліяграфіі аб Васілю Цяпінскім . Здабыткі: Дакументальныя помнікі на Беларусі. Мінск, 1995. С. 81-89
  • www.asoby.iatp.by

Аляксандр А. Сакалоўскі

2015 © Сайт Борисовское благочиние. Первый Борисовский церковный округ Борисовская Епархия Белорусская Православная Церковь,

активная cсылка на использованные материалы сайта обязательна, авторские материалы - только с разрешения автора

мнение администрации сайта не всегда совпадает с мнением авторов

электронная почта info@blagobor.by или воспользуйтесь этой страницей для отправки сообщения