Плакід Янкоўскі - пісьменнік і святар

Плакід Гаўрылавіч Янкоўскі (Placyd Jankowski) - пісьменнік і святар

Плакід Гаўрылавіч Янкоўскі (Placyd Jankowski) нарадзіўся 20 верасня 1810 года, дзень памяці святога велікамучаніка Яўстафія Плакіды, ў в. Войская Гродзенскай губерні. Зараз гэта тэрыторыя Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці.

Сям’я Янкоўскіх

Сям’я Янкоўскіх паходзіла з роду Мазавецкіх. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі адносіць Янкоўскага да польскай нацыянальнасці — «польскі пісьменнік» Сам Плакід Гаўрылавіч адносіў сябе да беларусаў. Бацька яго Гаўрыіл (Габрыэль) Янкоўскі спачатку служыў ў войску, потым прыняў сан свяшчэнніка (уніяцкага). Маці Плакіда Янкоўскага звалі Аннай, паходзіла з роду Лыткоўскіх. У іх было чацвёра дзяцей: Ян — 1803 года нараджэння, Анна, Кацярына (выйшла замуж за Іпаліта Гамаліцкага, памерла ў 1846 годзе) і самы меншы Плакід.

Гаўрыіл Янкоўскі пераехаў разам з сям’ей пад Брэст, а да гэтага яны жылі на Холмшчыне. Сям’я была хоць беднай, убогай, але ў ей былі згода, любоў. Усё гэта мела станоўчае ўздеянне на маленькага Плакіда, які рос уражлівым, тонкім, далікатным, садзейнічала развіццю ў Плакідзе глыбокай павагі да сям’і і вялікай любові да блізкіх.

Ён вельмі любіў маці, а бацька для Плакіда быў ідэалам. Асобы маці і бацькі для чулага і ласкавага сына займалі пасля яго думкі ў творах. Сын таксама будзе мець лёс падобны да лёсу свайго бацькі, які хоць меў гучны тытул кафедральнага архіпрасвітара ва ўбогай брэсцкай царкве святога Мікалая, аднак перайшоў на правінцыю ў в.Войскую, дзе пражыў да 1832 года.

Там Гаўрыіл Янкоўскі і памёр. Восем год Плакід Янкоўскі пражыў у родным доме. Гэтыя гады ён успамінаў з найлепшымі пачуццямі. У дзіцячыя гады Плакід не зазнаў жыцця з матэрыяльным дастаткам. Багаццём, якое ён вынес з дзяцінства, была любоў да бацькоў і роднай зямлі.

Адукацыя і праца

Першапачатковую адукацыю Плакід атрымаў дома, з 8 да 14 гадоў ён навучаўся ў Свіслацкай гімназіі, з 1818г. вучыўся ў Брэсцкай школе базыльян, якая мела правы рускай гімназіі. Янкоўскі ў семінарыі быў адным з найбольш падрыхтаваных. Закончыўшы навучанне ў 1824 годзе, прыехаў дадому, бо па прычыне непаўналецця не мог паступіць ва ўніверсітэт. У 1826 годзе Плакід паступіў у Галоўную семінарыю ў Вільні, якая была пры Віленскім універсітэце на правах багаслоўскага факультэта. Янкоўскі быў прыняты на вучобу за казённы кошт. У Віленскім універсітэце вучыўся родны брат Плакіда Ян Янкоўскі. Ян удзельнічаў у тайным студэнцкім таварыстве філаматаў, за процізаконную дзейнасць быў высланы ў Волагду, дзе і памёр.

У 1830 годзе Плакід закончыў навучанне, атрымаўшы ступень магістра багаслоўя. У гэтым жа годзе быў прыняты прафесарам Літоўскай семінарыі ў Жыровічах, якая была адкрыта ў 1828 годзе. Прадметы чыталіся на польскай мове, багаслоўскія — на лацінскай. Выкладаліся таксама прадметы агульнаадукацыйныя. У далейшым, яшчэ да скасавання ўніі, стала звяртацца ўвага на вывучэнне прадметаў на рускай мове, была пастаўлена задача навучаць студэнтаў у чыста ўсходнім абрадзе. Плакід Янкоўскі выкладаў Свяшчэннае Пісанне, дагматычнае багаслоўе, лацінскую мову.

Падчас халеры 1831 года малады прафесар быў вымушаны вярнуцца ў Вільню. Шукаючы сродкаў для далейшага навучання і жыцця, да 1832 года быў хатнім настаўнікам у маёнтку Нізы Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні мясцовага прадвадзіцеля дваранства Т. Чудоўскага. Там П.Г. Янкоўскі рыхтаваўся да экзаменаў на ступень доктара багаслоўскіх навук, авалодваў замежнымі мовамі, пераклаў з італьянскай твор Сільвіа Пеліка «Аб абавязках людзей».

Сям'я, пасвячэнне ў сан

У 1832 годзе вярнуўся да выкладчаскай дзейнасці ў Жыровічах, у гэтым жа годзе пахаваў бацьку. У 1833 годзе ажаніўся на шаснаццацігадовай Алене Тупальскай, дачцэ старшыні Літоўскай кансісторыі ў Жыровічах.

20 жніўня 1833 года Плакід Янкоўскі быў пасвечаны ў духоўны сан свяшчэнніка. Маладая сям’я мела першынца Канстанціна, якому ў маі 1835 года ішоў другі год. Усяго ў Янкоўскіх было пяцёра дзяцей, а пазней яны ўзялі на выхаванне яшчэ шасцёра дзяцей роднай сястры Плакіда Анны, якая была замужам за Іпалітам Гамаліцкім, рэктарам Літоўскай духоўнай семінарыі і памерла ў 1846 годзе.

Адзін з сыноў Янкоўскіх раптоўна памёр па дарозе ў Расію, дзе вучыўся ў вышэйшай навучальнай ўстанове ў 1867 годзе, другі — Ян, пасля заканчэння духоўнай праваслаўнай семінарыі ў Вільні, уступіў у 1863 годзе ў паліцыю; памёр у 1884 годзе ў рангу калегіяльнага прыстава ў Зельве Ваўкавыскага павета, дзяцей у яго не засталося. Дачка Плакіда Янкоўскага Тэафіла (па мужу Васільева) пражывала ў Варшаве, валодала рукапісамі бацькі, якія ёй дасталіся ў спадчыну. Аб астатніх дзецях звестак не захавалася. У 1845 годзе ў сувязі з пераводам Літоўскай семінарыі і кансісторыі ў Вільню протаіерэй Плакід Янкоўскі пераехаў туды, дзе быў прызначаны настаяцелем царквы святога Мікалая.

Слабае здароўе вымусіла Янкоўскага пераехаць у 1846 годзе ў мястэчка Бялавічы Слонімскага ўезда, дзе Плакід Гаўрылавіч стаў мясцовым свяшчэннікам і благачынным.

Канец жыцця

У 1858 годзе па дазволу Св.Сінода П.Г Янкоўскага адпусцілі на пенсію, за штат, па словах Мітрапаліта Іосіфа Сямашкі «...потерявшего здоровье, кажется, невозвратно»

Протаіерэй Плакід Янкоўскі быў узнагароджаны нагрудным залатым крыжам, ордэнамі Святой Анны 2-ой і 3-яй ступені, меў званне віцэ-прэзідента кансісторыі; валодаў замежнымі мовамі: англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай, чэшскай, свабодна карыстаўся рускай, польскай, лацінскай, старажытна-яўрэйскай. З сялянамі размаўляў на беларускай мове, заняткі ў семінарыі праводзіў на рускай, польскай, лацінскай. Бездакорнасць рускай мовы П.Г Янкоўскага здзіўляла многіх яго сучаснікаў. Жонка Янкоўскага Алена памерла ў 1867 годзе, маючы ўсяго 50 гадоў ад роду. Пасля яе смерці Плакід Янкоўскі пражыў толькі 5 год, 28 лютага 1872 года протаіерэй Плакід Янкоўскі адышоў на вечны спачын.

Літаратурная дзейнасць

Акрамя прафессарскай працы, пастырскага служэння, Плакід займаўся літаратурнай дзейнасцю. Менавіта творчасць, якая наогул раскрывае душу кожнага чалавека , перажыванні яго сэрца, дазваляе нам убачыць любоў Плакіда Янкоўскага да роднай старонкі і сваіх землякоў — бедных сялян-палешукоў.

Псеўданім Янкоўскага — John of Dycalp (Джон Дікальп). Прачытаўшы Dycalp справа налева, атрымаем імя пісьменніка, а John — адносіцца да прозвішча -Ян — Янкоўскі. Яшчэ адзін літаратурны псеўданім — Віталіс Камаед з першага твора Янкоўскага «Хаос, тры пальцы фіміяму, расказаныя рыфмаплётам ад Віталіса Камаеда», выдадзенага ў Вільні ў 1835 годзе.

Творчая спадчына П.Г Янкоўскага паводле Энцыклапедычнага даведніка наогул немалая:

Пісаў на польскай і рускай мовах. Аўтар кніг прозы „Засценак“ (1841), „Хвіля“ (1842), Апавяданні (1843)», «Складзеная аповесць» (1843, з Ю.І Крашэўскім), «Універсітэцкія ўспаміны» (1849), «Крыніцы» (1853), «Адась» (1856), «Фанабэрыя пана старосты Канеўскага» (1873), камедыі «Прадчуванне» (1842), нататкаў «Пра Ігната Шыдлоўскага» (1898) і інш. У газеце «Виленский Вестник», альманаху «Rocznik litenacki» («Літаратурны штогоднік»), часопісах «Литовские епархиальные ведомости»,«Оndyna DryskienickichZrodel» надрукаваны яго працы «Пушкін на Елісейскіх палях» і «Разалія Шэйнер» (1844), «Мясцовыя забабоны і прымхі» (1863), «Сялянская праўда» (1865), «Карэспандэнцыі з Слоніма» (1867). На польскую мову перакладаў творы У.Шэкспіра, І.Гётэ,А.Манзоні і інш. Гэты пералік далёка не поўны. Ён прадаўжаецца вершамі, некралогамі, эпіграмамі, п’есамі, нават анекдотамі. Янкоўскі меў намер яшчэ ў 1842 годзе выдаваць альманах «Літвіны».

Гэту работу планавалася весці сумесна з польскімі літаратарамі і дзеячамі навукі. Плакід Гаўрылавіч цікавіўся гісторыяй свайго роднага краю. Вядомы яго нарысы по краязнаўству. Тагачасная перыёдыка таксама змяшчала біяграфічныя нарысы, апісанні побыту духавенства і сялянства, успаміны і допісы, гістарычныя даследванні навуковага характару, матэрыялы параўнальнага багаслоўя і інш. працы пісьменніка.

«Нікто как Бог»

Для нас, сучасных людзей, асабліва важна не толькі ўзнавіць гістарычную праўду таго часу, побыт, узровень веры і культуры, але і душу хрысціяніна як падабенства і вобраз Божы. Гэта можна ўбачыць у творах Плакіда Янкоўскага, прысвечаных простым людзям. Напрыклад, у нарысе «Нікто как Бог» аўтар дае сюжэт драматычнага характару з добрым заканчэннем. Прычым, асаблівай ўвагі заслугоўвае іменна заключная частка, у якой праслаўляецца Прамысленне Божае, Прасвятая Дзева, наогул цуд Божы.

У творы Плакід Янкоўскі з цеплынёй апавядае пра вясковых людзей, якія знаходзяцца ў абстаноўцы трывогі, вялікіх перажыванняў (у пушчы згубіўся пяцігадовы хлопчык, якога шукалі на працягу сямі дзён). Аўтар не застаецца староннім назіральнікам, яго перажыванні суправаджаюцца спачувальнымі фразамі і разважаннямі. Янкоўскі ўжывае выраз «нашы вясковыя дзеці», гэтым ён яднаецца з простым беларускім людам. Са стрыманным гумарам ставіцца да наіўных ведаў вяскоўцаў ў медыцыне, калі тыя спрабуюць апраўдацца перад фельдшарам.

«Пасхальные куличи»

Аўтабіяграфічны нарыс «Пасхальные куличи» раскрывае пастырскае служэнне протаіерэя П.Г. Янкоўскага ў Бялавічах, які адносіў сябе да разраду простага прыходскага свяшчэнніка. Тут пастыр Янкоўскі раскрывае сябе як суперажывальніка сваёй паствы. Яго служэнне не толькі штодзённае, якое патрабуе аддачы многіх фізічных сіл, але і небяспечнае для жыцця па прычыне заразных хваробаў, якімі пакутуюць мясцовыя беларускія сяляне. Ён дзеліць са сваімі прыхаджанамі «апошні кавалак надзённага хлеба». Плакід Янкоўскі не толькі спавядаў, прычашчаў, але і проста наведваў для суцяшэння.

Любоў да радзімы

Хрысціянская творчасць П.Г. Янкоўскага пранікнута любоўю,спагадай і суперажываннем да чалавека. Не толькі людзі, але і родная старонка займаюць яго сэрца. Жывучы ў сціплым доме ў Жыровічах, Янкоўскі надзвычай узлюбіў гэта мястэчка:

«Гэта месца настолькі прыгожае, настолькі шчаслівае..., што кожны раз адпачываю тут цэлымі днямі так радасна, адчуваючы, так сказаць, такія саладосць і пах вакол, што вымушаны гаварыць сабе вечарам: «Ох, тут бы мне жыць і памерці».

Яго сучаснік і сябар А.Валіцкі заўважыў, што яму не даводзілася яшчэ сустракаць чалавека, які так шчыра любіў свой край, родны кут, усіх землякоў, дамашні ачаг.

Сама асоба Плакіда Янкоўскага, адораная ад Бога рознабаковымі творчымі талентамі па сведчанню яго сучаснікаў была адчувальный, сардэчнай, вясёлай; аднак заўважалі ў ім нейкую тугу. Безумоўна, прычына яе — уражлівая душа Плакіда Янкоўскага.

Трагічныя абставіны сваякоў, сям’і, наогул — народнае гора, усе гэта магло аказаць уплыў на яго настрой і паводзіны. Хоць яго выхаванне і навучанне праходзіла ў атмасферы польскай мовы і культуры, заставацца ўніятам Янкоўскі не хацеў, а перайшоў у Праваслаўе, паставіўшы свой подпіс у саборным Акце ўз’яднання 1839 года. Яркая нідывідуальная асоба Плакіда Янкоўскага, хрысціяніна, свяшчэнніка, пісьменніка і грамадзяніна — застаецца для нас узорам любові да Бога, чалавека і Айчыны.

прот. Аляксандр Пачопка

2015 © Сайт Борисовское благочиние. Первый Борисовский церковный округ Борисовская Епархия Белорусская Православная Церковь,

активная cсылка на использованные материалы сайта обязательна, авторские материалы - только с разрешения автора

мнение администрации сайта не всегда совпадает с мнением авторов

электронная почта info@blagobor.by или воспользуйтесь этой страницей для отправки сообщения