Бог аб’явiўся - Хрыстос нарадзiўся!

Изображение
Image

Уся гісторыя чалавецтва зьвязана з цудоўнай падзеяй нараджэньнем Хрыста — нашага Бога. Гэта паслужыла зыходным пунктам летазьлічэньня нашай эры. Збаўца Сьвету, наш Гасподзь — нараджаецца маленькім мілым дзіцём, у бедных ясельках, пяшчотным і безабаронным, як трапяткі агеньчык сьвечкі.

У ваколіцах Віфлеема пачуўся голас анёла:

«Ня бойцеся; я абвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям. Бо сёння нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад» (Лк 2:10-11).
«Народ, што сядзеў у цемры, убачыў Сьвятло вялікае, і усім, хто сядзеў у краіне цені і сьмерці, зазьзяла сьвятло»(Мц.4:16).



Свабода прынесеная Хрыстом


Свабода, якую прынёс Хрыстос, пераўзышла ўсе людскія чаканні. Сам Бог стаўся чалавекам, прыйшоў у канкрэтным гістарычным часе ў канкрэтны народ, пераносіў з людьзьмі радасьці і цярпеньні, і памёр найбольш жудаснай сьмерцю.

Хрыстос не пазбавіў наша зямное жыцьцё ад пакутаў. Падчас Апошняй вячэры Ён папярэджваў: «У сьвеце будзеце мець смутак». Але адразу ж і супакоіў : «Мацуйцеся: Я перамог сьвет» (Ян, 16:33).

І як указаньне гучаць для нас хрысціян словы Нагорнай пропаведзі: «Шчаслівыя тыя, каго праследуюць за справядлівасць, бо ім належыць Валадарства Нябеснае. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая вашая ўзнагарода на нябёсах». (Мц 5:10, 12).

Добрая вестка

Мінула шмат часу. З таго моманту свет стаў непазнавальны: многае адкрыта, многае зьведана. Колькі за гэтыя гады ўзьнікала і рушылася магутных імьперый; колькі ў сьвеце было знакамітых людьзей — і прайшлі яны бесьслядоўна. Якія толькі не ўзрушвалі сьвет перавароты — і духоўныя, і сацыяльныя, і палітычныя. І ўсё гэта мяняла абрысы гэтага зямнога сьвету, алеж і ўсё зьнікала. Нязменным застаецца ў сьвеце гэтым толькі адно — чалавек і чалавечая бесьсмяротная душа.

Нязменная засталася для нас і евангельская добрая вестка аб прыходзе ў сьвет Сына Божага, які стаў Сынам Чалавечым дзеля выратаваньня людьзей. І зноў, і зноў, пакуль існуе сьвет, і пакуль гарыць вера Хрыстова ў людзях, Віфлеемская падзея хвалюе і радуе чалавечыя сэрцы.

Пра гэты найвялікшы цуд апостал Павел усклікае: «Велічна набожнасці тайна: Бог з’явіўся ў плоці, апраўдаў Сябе ў Духу, паказаў Сябе — Анёлам, прыняты вераю ў сьвеце» (1.Цім. 3,16). Мы зноў перажываем гэтыя падзеі, стараючыся ўнікнуць у вялікую іх тайну, бо ўсе мы зьвязаны з Госпадам, нават, магчыма, насуперак свайму жаданьню, бо душа наша па прыродзе хрысціянка. Падзея Раства Хрыстова будзе і надалей прыцягваць нас таму, што тайна Віфлеемскай ночы не спынілася, яна жыве, яна не знікае, як не знікае любоў Нябеснага Айца да роду чалавечага.

Бог прыняў чалавечае аблічча

Бог прыняў чалавечае аблічча! Ён стаўся такім, як мы, Ён стаўся падобным да нас, каб перажыць такія ж праблемы, якія перажываюць людзі, каб прайсьці праз усе цяжкасьці і, галоўнае, каб збавіць нас ад вечнай сьмерці. Хрыстос праз стагоддзі, праз падзеі і розныя абставіны ідзе да нас дзеля нашага абнаўленьня і выратаваньня, бо час і прастора ня маюць над ім улады.

Хрыстос зноў і зноў уваходзіць у наша жыцьцё, паведамляючы нам і Віфлеемскую тайну, і радасьць Богаадносін. Нам не вядомы дзень, калі на сьвет з’явілася Боганемаўлятка Іісус. Але звычай сьвяткаваць Раство Хрыстова адносіцца да старадаўніх часоў хрысціянства.

Сьвяткаванне Раства Хрыстова Святая Царква зьдзяйсняе 25 снежня.Гэта заканчэньне зямнога сонцастаяння, калі прыбываючы дзень знамянуе абнаўленне ўсяго Сусвету. Калісьці язычнікі менавіта ў гэты дзень праслаўлялі сваё падманнае бажаство — Сонца. Хрысціяне ж вырашылі сьвяткаваць Ражство Хрыстова, каб сьведчыць сваё спавяданне Хрыста Выратавальніка, як сапраўднага Сонца праўды, які прасвяціў свет і прывёў чалавецтва да пазнаньня Божай ісціны.

Календарнае пытанне

Што ж датычыць устанавіўшайся практыкі сьвяткаваньня Раства Хрыстова па старому і новаму стылю, то яна абумоўлена існаваньнем двух розных каляндароў: старога — Юліянскага і новага — Грыгарыянскага. І па таму, і па другому Раство Хрыстова сьвяткуецца 25 снежня, аднак розніца паміж каляндарамі складае 13 сутак. Таму 25 сьнежня па Юліянскаму каляндары адпавядае 7 студьзеня па Грыгарыянскаму каляндары.

Некаторыя лічаць, што сьвяткаванне Раства Хрыстова больш правільна 25 снежня, а не 7 студзеня. Але гэты пункт погляду зусім негрунтоўны, бо сьвяткаванне зьдзяйсняецца не ў сувязі з днём, калі з’явілася ў свет Боганемаўлятка, а ў сувязі з падьзеямі Яго нараджэння. Таму 25 сьнежня (7 студзеня) — гэта толькі сімвалічная дата, якую прызнае ўвесь хрысціянскі сьвет.

Але ж хто ж пакланіўся Іісусу Хрысту, хто прыняў Яго пры нараджэньні? З аднаго боку гэта былі самыя простыя людзі — пастухі, а з другога самыя вучоныя і прамудрыя — валхвы. А хто не прыняў Хрыста, хто шукаў Яго пагібелі? Цар Ірад — правіцель і палітык, які быў гатовы на чалавечыя ахвярапрынашэнні дзеля свайго ўладалюбства.

Чаму ж павучае нас гэтая розьніца паміж прыняўшымі і непрыняўшымі Боганемаўля Хрыста? Многаму, таму што Хрыстос адкрываецца або ў прастаце чалавечага сэрца і ў чысьціні маральнага пачуцьця, або ў вялікай чалавечай мудрасьці і ў вялікім пазнаньні.

Раство на Беларусі

У той час як людская пасрэднасць і пошласць ня ў сілах успрыняць Хрыста, так ня здольны злучыцца з Ім і тыя, хто прасьледуе падманныя і грахоўныя мэты. Сьвяты Аўгусцін сказаў, «Бог учалавечыўся, каб мы абажыліся». Нараджэньне Хрыстова урачыста сьвяткуюць усе хрысьціянскія народы праз усе стагодзьдзі і пакаленьні.

Кожны па-свойму усхваляе Народжанага Хрыста і на сваёй мове сьпявае Яму гімны. Зь вялікай радасьцю і урачыстасцю сустракалі і нашы продкі Нараджэньне Хрыстова. Зь замілаваннем і глыбокай пашанай, пачуцьцём сардэчнасці ўслухоўваліся яны ў словы ангельскай песьні: «Слава ў вышынях Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля!»

На услаўленьні Хрыста стагодзьдзямі стваралася хрысьціянская культура Беларусі, зрабіўшая добразычлівымі норавы язычнікаў, якія прынялі веру праваслаўную. Язычніцкая Беларусь зрабілася Сьвятою Беларусьсю, якая дала мноства сьвятых Божых і надала высокую набажнасьць у цэлым беларускаму народу.

Сама Беларусь — унікальнае месца, дзе адзначаецца Раство каталіцкае, Новы год і Раство праваслаўнае. І па сутнасці Беларусь яднае ўсе канфесіі, традыцыі і сучаснасьць — так, як усе народы на ўсе часы аб’яднала само нараджэньне Іісуса Хрыста. Нараджэньне Хрыстова ёсьць сьвята хрысьціянскае, царкоўнае, сьвята веруючых душ.

Хрыстос нарадзіўся!

Хрыстос ізноў нараджаецца, і Ангелы зноў сьпяваюць:"Слава на вышынях Богу, і на зямлі мір, у людзях — добрая воля!" (Лк. 2:14-15). Ангелы сьпяваюць гэтыя тры велічныя абвяшчэньні, але ж, мноства людзей, хаця і сьвяткуюць Нараджэньне Хрыстова, не могуць зразумець значэньня гэтага ангельскага сьпеву.

Сапраўды, — мноства людзей не услаўляе Бога — ні сваімі справамі, ні сваімі словамі. Многія ж наогул сумняваюцца ў самім існаваньні Бога і Яго прысутнасьці ў іх жыцьці. А хтосьці і нават ускладае на Бога адказнасьць за тыя нягоды, што адбываюцца ў іх жыцьці. Але тыя, хто такім чынам паўстаюць супраць Бога, глыбока памыляюцца, бо ад Яго не паходзіць ніякага зла.

Наадварот, праз Увасабленьне Сына і Слова Божага з Ягонай любві да чалавека, і праз усе наступныя падзеі — Яго Укрыжаваньне і Уваскрэсеньне — вернікі вяртаюцца да вобразу сваёй першапачатковай прыгажосьці і атрымліваюць вечнае жыцьцё і мір, які пераўзыходзіць усякае разуменьне, яны становяцца нашчадкамі вечнага Царства Божага.

Гэтая дзея Божага Зьмяншэньня, хаця і зьвязана з надзвычайным прыніжэньнем, насамрэч ужо сама па сабе вартая узьнясеньня Яму хвалы. Нават калі сэрцы многіх людзей не услаўляюць Бога, але ж Яму, Які жыве на вышынях, хвала аддаецца — і ад усяго стварэньня, і ад тых людзей, якія зразумелі тое, што адбылося. Таму і мы з удзячнасьцю усклікнем з Анёламі: «Слава на вышынях Богу» — за велічныя справы Яго і невымерную любоў Яго да нас.

І на зямлі мір!

Выклікае нейкае непаразуменне і другое абвяшчэньне Ангелаў: «і на зямлі мір». Як жа можна адшукаць на зямлі мір, калі на зямлі ідуць ці рыхтуюцца усякага роду і віду войны? Светлае ангельскае абвяшчэньне «на зямлі мір» — гэта, безумоўна, у першую чаргу, Божае абяцаньне і ўпэўненьнасць у тым, што калі б людзі пайшлі тым шляхам, які адкрывае ім народжанае Немаўля, яны б дасягнулі і унутранага міру, і мірнага чалавечага супольнага жыцьця.

Але, на жаль, большую частку людзей заахвочвае і вабіць бой, гэтая арэна сутыкненьняў і чуць словы-абяцаньні мірнага жыцьця для іх — гэта цяжар. Гэта датычыць і ўсіх тых, хто пераўтварае спаборніцтва ў канфлікт супраць іншых людзей, хто ставіць на мэту зьнішчэньне праціўніка. У гэтым сэнсе, вайна ў рэчаісьнасьці можа успрымацца як вайна паміж удзельнікамі спаборнічаючых грамадзкіх груп і рознага кшталту фракцыяў: этнічных, партыйна-палітычных, прафесійных, эканамічных, ідэялагічных, рэлігійных, спартыўных і інш.

І вось у псіхалогіі ўдзельнікаў гэтых груповак выпрацоўваецца схільнасьць да вайны, а не да міру. Але ж, гэта, аднак, не адмяняе праўдзівасьці ангельскага абвяшчэньня, што праз Нараджэньне Хрыстова, праз прыняцьцё Яго вучэньня мір усё роўна запануе на зямлі. Хрыстос прыйшоў у гэты сьвет і прынёс мір, і калі гэты мір не запануе ў сьвеце, то за гэта адказнасьць нясе не Бог, які прынёс яго, а людзі, якія гэты мір не прынялі і якія не жадаюць жыць у адпаведнасьці з ім.

З-за такой пазіцыі сучасных людзей у дачыненьні да Бога і да прынесенага Ім міру, не выклікае зьдзіўленьня той факт, што добрая воля таксама рэдкая ў людзях. Добрая Божая прыхільнасьць да людзей — гэта дар, і добрыя наступствы гэтай любові ажыцьцяўляюцца ня толькі праз усіх людзей агулам, але і асабліва ўспрымаюцца тымі, хто на справе прымае згаданыя ангельскія абвяшчэньні.

Наадварот жа, для тых, хто іх аспрэчвае, прыгнятае і зьнішчае іншых людзей, наступствы перажываюцца як крызіс агульнага неспакою, крызіс жыцьця і, нарэшце, як поўная жыцьцёвая бессэнсоўнасць. На жаль, калі Хрыстос нарадзіўся, Яму не было месца ў доме, а толькі ў ясельках разам з жывёлай. Будзе вельмі шкада, калі і сёння Яму ня знойдзецца месца ў нашых дамах у наш час.

Бог ёсць любоў

Там, дзе ёсць Бог — там любоў , праўда, справядлівасьць і сапраўдная радасьць. Сьвяты Апостал Павел кажа нам:

«Калі споўніўся час, Бог паслаў Сына Свайго (Адзінароднага), Які нарадзіўся ад жанчыны і хадзіў пад законам, каб адкупіць падзаконных, каб нам атрымаць усынаўленьне. А як што вы — сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: „Авва, Ойча!“ Таму ты ўжо ня раб, а сын; а калі сын, дык і нашчадак Божы празь ( Іісуса) Хрыста» (Гал. 4:4 — 7)

Сьвята Нараджэньня Госпада Бога і Выратавальніка нашага Іісуса Хрыста — гэта падарунак і міласьць , якія мы атрымалі дзеля таго каб можна было выратавацца, дзеля вечнага жыцьця. І не скарыстаць гэты дар і міласьць гэта не даравальна, гэта падман самой існасьці жыцьця.

Падрыхтаваў Аляксандр. А. Сакалоўскі