Лявонцій Карповіч — святы спаведнік Беларускай царквы

Лявонцій Карповіч — святы спаведнік Беларускай царквы

Лявонцій Карповіч (свецкае імя Логін) нарадзіўся каля 1580 г. у сям`і праваслаўнага свяшчэнніка са шляхецкага роду Карповічаў з Пінскага павету.

Пачатак жыцця

Адукацыю атрымаў у Астрожскай школе на Валыні. Лявонцій Карповіч шчыра шанаваў веру бацькоў, таму стаў актыўным праціўнікам Брэсцкай царкоўнай уніі, якая фактычна паставіла Праваслаўную Царкву па-за законам. Лявонцій уступіў у Віленскае Свята-Духава брацтва, вядомага сваёй дзейнасцю ў абарону Праваслаўя .

Дзякуючы высокай адукаванасці і актыўнасці Лявонцій меў вялікі аўтарытэт сярод членаў брацтва.

У 1609 годзе ён быў абраны свецкім паслом на Варшаўскі сейм, дзе абараняў інтарэсы праваслаўных. У 1610 годзе ён з’яўляецца пісарам, старшым тыпаграфам і карэктарам Віленскага брацтва.

Абаронца Праваслаўя

З’яўляючыся энергічным дзеячом абаронцам Праваслаўя ад уніяцтва, ён узначальвае тыпаграфію Віленскага праваслаўнага брацтва, у якой у 1610 годзе выходзіць знакамітая кніжка Максіма (у манастве Мялета) Сматрыцкага «Фрынас, што значыць Плач адзінай кафалічнай апостальскай Усходняй Царквы з вытлумачэннем догматаў веры».

Кніжкаа выклікала вялікае ўражанне як праваслаўных, так і ворагаў Праваслаўя, якія накінуліся з абурэннем і абвінавачваннямі на выдаўцоў.

У Вялікую Суботу 7 красавіка 1610 года ў тыпаграфіі быў праведзены вошук, у час якога галоўнага тыпографа і карэктара Лонгіна Карповіча арыштавалі і без суду і следства кінулі ў турму. Два гады выдавец правёў у кайданах, яго вадзілі з аднога суда на другі, пераводзілі з адной турмы ў другую, штодзённа падвяргалі допытам, пабоям, здзекам, вымушаючы адрачыся Праваслаўя і перайсці ў унію, але ён нязломна адстойваў права народу захаваць родную веру.

На целе святога ад кайданоў утварыліся яззвы, сляды якіх былі заўважныя нават пасля ягонай праведнай смерці. Не зламіўшы стойкасці і мужнсці падзвіжніка і пакутніка за веру, яго выпусцілі з турмы.

Манскі пострыг

Затым Лонгін Карповіч прымае манаскі пострыг з імем Лявонт (Лявонцій) і, дзякуючы свайму высокаму аўтарытэту, у 1615 становіцца першым архімандрытам Віленскага Свята-Духава манастыра, усталёўваючы ў манастыры супольніцкі статут паводле чыну святога Васіля Вялікага.

З’яўляючыся таксама рэктарам брацкай школы, ён выхоўвае моладзь у духу вернасці Праваслаўю.

У брацкай тыпаграфіі, якую ён па-ранейшаму ўзначальвае, выдаюцца новыя кнігі: «Евангелле навучальнае», Малітаўнік, Службоўнік, Трэбнік, «Ветраград душэўны» святагорца Фікарды. У апошнім выданні ёсць таксама прадмова архімандрыта Лявонція.

Пропаведзі, кнігі, будаўніцтва

Усім праваслаўным архімандрыт Лявонцій быў вядомы як боганатхнёны прапаведнік. Веручыя лічылі архімандрыта Лявонція падобным па красамоўстве да Златавуста. Віленскі прапаведнік не толькі сам «выкрываў і граміў» словам казання, але і іншых заклікаў ахоўваць Праваслаўе. Быў шырока вядомы як пастыр Хрыстоў, яго пропаведзі прыходзілі паслухаць нават іншаверцы. Ён звяртаўся да жывой народнай мовы, што спрыяла развіццю нацыянальнай культуры.

Значная роля належыць архімандрыту Лявонцію ў пашырэнні праваслаўя на Беларусі.

У 1612 г. ён падпісаў грамату на будаўніцтва Мінскага Петра-Паўлаўскага манастыра і паслаў у Мінск неабходную колькасць інакаў для ўладкавання манастырскага жыцця і назірання над будаўніцтвам.

У 1618 г. архімандрыт Лявонцій падпісаў грамату на пабудову ў Мінску жаночага Свята-Петра-Паўлаўскага манастыра і апекаваўся абодвума манастырамі да свайго спачыну.

Менавіта пры архімандрыце Лявонціі Карповічы, які апынуўся на чале ўсяго праваслаўнага брацкага руху на беларускіх землях, Віленскі Свята-Духаў манастыр стаў апорай Праваслаўя, цэнтрам супраціўлення ўніі, духоўнасці і асветніцтва ў краі.

Лявонцій Карповіч узначальваў навучальную і выдавецкую дзейнасць праваслаўнага брацтва ў Вільні і Еўі (цяпер Вевіс, Літва), быў першым рэктарам брацкай школы. Архімандрыт быў вядомы строгім манашаскім ладам жыцця, што адзначалі нават уніяцкія іерархі.

У 1615 г. былі надрукаваны дзве яго пропаведзі: на Праабражэнне Гасподняе і на Успенне Прасвятое Багародзіцы. Ён аўтар рукапіснага твора «У нядзелю перад нараджэннем Хрыстовым» і некалькіх лістоў за 1619 год, пасланых ім ад імя Віленскага брацтва Львоўскаму брацтву і манахам на Афоне.

У 1619 г. архімандрыт Лявонцій сказаў надмагільнае слова на адпяванне ў Віленскім Свята-Духавым манастыры князя Васілія Галіцына. Той разам з мітрапалітам Філарэтам (Раманавым) некалькі гадоў знаходзіўся ў польскім палоне і памёр у Гродне, калі , вяртаўся дадому.

Карповіч аўтар прадмовы да кнігі манаха Фікарыя «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620) і прадмовы да выдання перакладу тлумачэнняў Іаана Златавуснага на «Ойча наш».

Спачын

Калі ў 1620 годзе аднаўлялася ў Кіеве праваслаўная іерахія для ўсёй заходне-рускай царквы, архімандрыт Віленскага Свята-Духава манастыра Лявонцій Карповіч быў выбраны кандыдатам на архіерэйскае месца і быў ужо намінантам (названым епіскапам) на Ўладзіміра-Брэсцкую кафедру.

Але ў гэты час інак-падзвіжнік ужо быў цяжка хворы і не мог адправіцца ў Кіеў на пасвячэнне ў епіскапа. Спачыў ён у верасні 1620 года, трохі не дажыўшы да сарака. Цела яго шэсць тыдняў стаяла ў храме, пакуль не вярнуўся з Кіева яго пераемнік архіепіскап Мялецій Сматрыцкі.

У надмагільным слове Мялецій сказаў, што:

«Сведчаннем цярплівасці гэтага святога спаведніка і мучаніка служаць язвы, нацёртыя аковамі на гэтым пачэсным целе, якое хоць ужо 6 тыдняў як мёртвае, але благадаццю жывучага ў ім жыватворнага Духа застаецца непашкоджаным...».

У працяг гэтага архімандрыт Кіеўскай лаўры Захарыя Капысценскі ў 1521 г. ахарактырызаваў спачылага ў наступных словах:

«блажэнны Лявонцій Карповіч, архімандрыт Віленскі, муж богадухнавенны, у мовах грэчаскай і лацінскай знакаміты, абаронца пабожнасці».

Ушанаванне прападобнага Лявонція пачалося неўзабаве пасля яго спачыну ў 1620 годзе. Архіепіскап Мялецій Сматрыцкі ў сваім слове на пахаванне настаўніка адзначыў нятленнасць яго пачэсных мошчаў. У друкарні манастыра ў тым жа годзе была выдадзена паэма, у якой архімандрыт апісваецца як святы падзвіжнік і вызнаўца праваслаўя.

Надалей, аднак, адкрытае ўшанаванне архімандрыта Лявонція (Карповіча) спынілася, бо абставіны для гэтага былі неспрыяльныя, аднак у царкоўнай гісторыі захавалася яго імя як мужнага абаронца праваслаўнай веры

Лявонція Карповіча спасціг лёс шматлікіх самадданых падвіжнікаў, якія не шукалі ні славы чалавечай, ні ўзнагарод, ні нават простай удзячнасці, — яго імя на доўгі час знікла са старонак беларускай гісторыі.

Ушанаванне ў чыне праподобных

Але, сёння, калі існуе магчымасць свабодна выказваць святую праваслаўную веру адбылося тое, чаго чакалі ад вернікаў нябёсы: прайшло шанаванне святога ўгодніка Божага, шчырага абаронцы бацькоўскай веры, праведніка любві, багаслова Лявонція Карповіча ў Беларускай Праваслаўнай Царкве і ягонае агульнацаркоўнае праслаўленне.

Пастановай Святога Сінода Беларускай Праваслаунай Царквы 4 красавіка 2011 года к ліку святых Беларускай Праваслаўнай Царквы ў чыне праподобных прылічаны архімандрыт Віленскі Лявонцій (Карповіч; 1580-1620), самаадданы абаронца Праваслаўя ў перыяд увядзення ўніі.

15 мая 2011 года ў мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім саборы адбылося праслаўленне новага святога зямлі Беларускай — прападобнага Лявонція, архімандрыта Віленскага. Чын праслаўлення здзейсніў Святы Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы на чале з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

Аляксандр А. Сакалоўскі

2015 © Сайт Борисовское благочиние. Первый Борисовский церковный округ Борисовская Епархия Белорусская Православная Церковь,

активная cсылка на использованные материалы сайта обязательна, авторские материалы - только с разрешения автора

мнение администрации сайта не всегда совпадает с мнением авторов

электронная почта info@blagobor.by или воспользуйтесь этой страницей для отправки сообщения