Ражджаство 2019/2020: Пасланне да Ражджаства Хрыстовага епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна

06/01/2020
Пасланне да Ражджаства Хрыстовага епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага

Пасланне да Ражджаства Хрыстова
Праасвяшчэннага Веніяміна
Епіскапа Барысаўскага і Мар'інагорскага

Прыйдзіце, узрадуемся аб Госпадзе ,
усклікнем Богу Спасіцелю нашаму!
(Пс. 94: 1)

Узлюбленыя ў Хрысце высокашаноўныя айцы,
пачэсныя інакі і інакіні,
дарагія браты і сёстры!

З малітоўнай радасцю віншую ўсіх вас з вялікім і светлым святам Ражджаства Хрыстова! Сёння мы зноў услухоўваемся ў ангельскія словы, якія ўзвяшчаюць ўсім людзям вялікую радасць: «нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давідавым Спасіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь» (Лк.2: 11).

У чым жа крыніца гэтай радасці? Чаму нараджэнне ў Віфлееме дзіцяці Хрыста збірае ў храмах мільёны людзей і натхняе іх адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам ўзносіць Богу хвалебную песню: «Слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, у людзях добрая воля» (Лк.2: 14)?

Раскрываючы сэнс гэтай падзеі, свяціцель Іаан Златавуст усклікае: «Цяпер ад Дзевы-Маці Марыі Хрыстос Іісус нарадзіўся, калі ўжо быў час, каб нас прывесці да Айца вечнага. Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў Богам. Цяпер заззяў дзень Новага спасення, дзень, які спрадвеку наперад быў падрыхтаваны, дзень шчасця вечнага».

У падзеі Ражджаства Хрыстова адкрываецца нам спрадвечная таямніца адносін Бога да чалавека і сэнс чалавечага быцця. Пра гэтую таямніцу кажа апостал Іаан Багаслоў, раскрываючы галоўную ўласцівасць Бажэственнай прыроды: «Бог ёсць любоў» (1 Іаан. 4: 8). Менавіта любоў Бога да чалавека прыводзіць да цуда Ражджаства Хрыстова, да таямніцы Богаўцялеснення. Любоў, перш за ўсё, з'яўляецца ключом да разумення сэнсу таго, што адбылося больш двух тысяч гадоў таму назад ў Віфлееме.

Пакорнае яўленне Хрыста адбылося не ва ўтульным чалавечым жыллі, а ў яслях для жывёлы таму, што так лягчэй было Госпаду наблізіць да сябе людзей. Свяціцель Філарэт Маскоўскі тлумачыць гэтую ісціну: «Паколькі чалавек не адважваўся наблізіцца да Бога і далучыцца да славы Яго, Бог набліжаецца да чалавека і далучаецца да яго прыніжэння... Каб нямоглае стварэнне не знікла ад славы ўсемагутнага Творцы, ён ужо не адзяваецца ў славу, але ў нямоглае ... дзяцінства i ва ўбогія пакрывалы».

Далейшы шлях Госпада, ад Віфлеемскіх ясляў да Галгофскай гары, уяўляе нам няспыннае бажэственнае «знясіленне» дзеля выратавання чалавека. І гэты шлях разам з Госпадам прапануе нам прайсці Царква ў наступным пасля Ражджаства літургічным цыкле. Святы Хрышчэння, Стрэчання, Вялікі Пост, Тыдзень Пакутаў, і, нарэшце, Пасха – гэтыя вехі нашага выратавання мы прызваны прайсці, глыбока перажываючы ў сваіх сэрцах вялікую таямніцу Божай любові да чалавецтва.

Любоў дорыць адзінства, грэх жа вядзе да процілеглага. Менавіта адсутнасць паўнаты зносін з Богам і робіць ўсе раздзяленні, якія існуюць у свеце. Гасподзь Іісус Хрыстос Сваім уцялесненнем, пропаведдзю, пакутамі і смерцю паказвае той шлях, на якім пераадольваюцца раздзяленні і сама смерць. «Як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так няхай і яны ў Нас будуць адно» (Іаан. 17: 21). Гасподзь стаў чалавекам, каб кожнага веруючаго ў Яго прывесці ў цяснейшыя зносіны з Богам, а разам з гэтым пераадолець адвечнае адчужэнне ў галіне чалавечых адносін.

Увесь свет, раней раздроблены і раздзелены, аб'ядноўваецца вакол ясляў, у якіх ляжыць Богадзіця Хрыстос. Людзі і ангелы, бедныя і багатыя, знатныя і нязнатныя, мудрыя і праставатыя, звяры і нават неадушаўлёная матэрыя–усе прыходзяць да свайго Творцы і Бога і дораць Яму тое, што яны здольныя прынесці. Пра гэта гаворыць нам кандак свята, раскрываючы яго найглыбейшае веравучыцельнае значэнне: «Дзева сёння нараджае, Вышэйшага за ўсякую істоту, і зямля вяртэп Непрыступнаму прыносіць; ангелы з пастухамі праслаўляюць, а вешчуны з зоркаю падарожнічаюць; бо дзеля нас нарадзілася Дзіця малое – Спрадвечны Бог».

У нашым свеце яшчэ вельмі шмат раздзяленняў і варожасці. Таму на нас, хрысціянах, ляжыць асаблівая адказнасць у захаванні і прымнажэнні духа міру і згоды ў сямейных адносінах, у прафесійных калектывах і ў тым грамадстве, у якім мы жывем. А калі вакол нас бушуе мора варожасці і нянавісці, мы пакліканы быць закваскай, якая ўносіць у навакольны свет той благадатны і жыватворчы пачатак, што быў прынесены нашым Спасіцелем, які нарадзіўся ў Віфлеемскай пячоры.

Сёння мы таксама малітоўна праслаўляем Прасвятую Багародзіцу, якая дала Сваю плоць Спасіцелю і якая стала лесвіцай, што злучыла неба і зямлю. Асабліва радуе тое, што ў нашай епархіі аднойдзены дзве Яе цудатворныя іконы: Мар'інагорская і Вяляціцкая. Для бачнага напаміну аб заступніцтве Багародзіцы, памятаючы аб глыбокіх традыцыях шанавання Нябеснай Уладычыцы на нашай зямлі, хацелася б заклікаць усіх клірыкаў і міран нашай епархіі паклапаціцца пра тое, каб ва ўсіх благачыннях была шанаваная ікона Божай Маці, каб Імя Яе няспынна праслаўлялася і ў нашых храмах, і ў нашых сэрцах.

Дарагія ў Госпадзе браты і сёстры! Віншуючы ўсіх вас з вялікім святам Ражджаства Хрыстова і Навалеццем, малітоўна жадаю, каб нашы сэрцы напаўняліся радасцю аб Госпадзе, Які нарадзіўся, каб мір і згода былі ў кожным доме. Добрага вам здароўя, усемагутнай дапамогі Божай, і няхай святло Віфлеемскай зоркі асвячае ўсе шляхі, па якіх нам належыць прайсці ў Новым годзе!

З любоўю аб Спасіцелі, Які нарадзіўся ў свет

ЕПІСКАП БАРЫСАЎСКІ І МАР'ІНАГОРСКІ

Ражджаство Хрыстова 2019/2020

2015 © Сайт Борисовское благочиние. Первый Борисовский церковный округ Борисовская Епархия Белорусская Православная Церковь,

активная cсылка на использованные материалы сайта обязательна, авторские материалы - только с разрешения автора

мнение администрации сайта не всегда совпадает с мнением авторов

электронная почта info@blagobor.by или воспользуйтесь этой страницей для отправки сообщения