Пасхальнае пасланне Епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна

07/04/2018
Пасхальнае пасланне Епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна

«Ад смерці да жыцця і ад зямлі да неба Хрыстос Бог перавёў нас...»

1-ы ірмас пасхальнага канона.

Дарагія ў Госпадзе айцы, браты і сёстры!

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

З году ў год Пасха Хрыстова прыходзіць у нашы дамы, у нашы гарады і вёскі, у нашы прыходскія абшчыны і манашаскія абіцелі, у нашы душы і ў нашы сэрцы. У гэту «свяшчэнную і дастойную ўсякай урачыстасці ноч» як бы само неба апускаецца на зямлю, даючы паспытаць ад той райскай асалоды, ад таго невыказнага на чалавечай мове райскага блажэнства, якое чакае ўсіх ісцінных хрысціян у будучым жыцці Ўваскрасення. Душа наша імкнецца да гэтага жыцця — да светлага блажэннага жыцця, магчымасць якога дараваў нам Бог Сваім Уваскрасеннем, жыцця, свабоднага ад кайданоў граху, жыцця чыстага, нябеснага, бо наша сапраўдная радасць, сапраўднае шчасце не на зямлі — а на небе, не ў зямным — а ў нябесным.

Велікадню Гасподняму папярэднічаў доўгі шлях Вялікага посту — вельмі цяжкі час пакаяння і ўзмоцненых малітваў. Мы прасілі прабачэння ў сваіх братоў, вучыліся дабрадзейнасці, якая з’яўляецца супрацьлегай нашым грахоўным схільнасцям, стараліся жыць па запаведзях Божых. І, нарэшце, на богаслужэннях тыдня Пакутаў Гасподніх , успамінаючы евангельскія падзеі двухтысячагадовай даўнасці, ішлі разам са Спасіцелем крыжовым шляхам на Галгофу, каб Уваскрасенне Хрыстова, якое пайшло ўслед за Крыжам, стала пачаткам і нашага асабістага ўваскрасення па слову Госпада: «Я — уваскрасенне і жыццё; хто веруе ў Мяне, калі і памрэ, будзе жыць» (Ін. 11:25).

Гэты год Беларуская Праваслаўная Царква абвясціла годам мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), які нямала папрацаваў для Праваслаўнай Царквы на беларускіх землях. Малітоўная памяць пра 220-годдзе з дня нараджэння і 150-годдзе з дня блажэннага спачыну свяціцеля пабуджае нас да разважання пра лёс Праваслаўя на роднай зямлі і стараннага вывучэння асноў нашай веры. Іменна вера ва Ўваскрасенне Хрыстова і будучае вечнае жыццё, вера ў магчымасць змянення і перамянення чалавека, вера слову і справе сваіх архіпастараў і пастыраў, такіх, як мітрапаліт Іосіф, дазволіла нашым продкам зноў уз’яднацца з Праваслаўнай Маці-Царквой.

Дарагія айцы, браты і сёстры! Памятаючы пра найвялікшыя ўрокі пакорнасці, любові і цярпення, дадзеныя нам Богам у дні Пакутнага тыдня , а таксама ўрокі нядаўняй гісторыі нашай Бацькаўшчыны, будзем узрастаць у дабрадзейнасці і заклікаць да гэтага сваіх братоў, каб няпраўды нашага жыцця перамагаць благадатнай сілай Божай, сілай малітвы, сілай веры, каб пасхальная радасць напаўняла нашы душы і сэрцы, а нашы думкі і пачуцці азараліся незямным святлом Пасхі Гасподняй!

САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС ХРЫСТОС!

Веніямін,

Епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі

Пасха Хрыстова, 2018 год, Барысаў

2015 © Сайт Борисовское благочиние. Первый Борисовский церковный округ Борисовская Епархия Белорусская Православная Церковь,

активная cсылка на использованные материалы сайта обязательна, авторские материалы - только с разрешения автора

мнение администрации сайта не всегда совпадает с мнением авторов

электронная почта info@blagobor.by или воспользуйтесь этой страницей для отправки сообщения