Пасхальнае пасланне епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна

12/04/2017
Пасхальнае пасланне епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна

Дарагія ў Госпадзе айцы, браты і сёстры!

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Зноў і зноў радасць азарае нашы сэрцы, якія з верай адклікаюцца на гэтае прывітанне ў велікодную ноч Уваскрасення! Сапраўды, ноч велікодная — святлазарная ноч святланоснага дня, як спяваецца ў Царкве! Сапраўды, цяпер «усё напоўнілася святлом — і неба, і зямля, і прадонне», усё асветлена, усё напоўнена сэнсам, бо сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

Паўстаўшы з мёртвых, Гасподзь наш Іісус Хрыстос перамог смерць і праз Крыж, які стаў знакам перамогі над смерцю, пазбавіў нас ад улады граху. «Смерці святкуем мы ўмярцвенне» — спяваецца ў Пасхальным каноне, бо ў Хрысце смерць, як сказаў апостал Павел, страціла сваё джала і стала ўваходам у паўнату новага жыцця — жыцця, якое пераўзыходзіць усё. Па ўсім хрысціянскім свеце разносіцца лікаванне, усё запаўняе сабою пераможны велікодны гімн: «Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў»!

Хрыстос — «Першынец з памерлых» (1 Кал. 1:18). Усё жывое ў Ім захавалася, усё смяротнае — пераможана. Веруючы ў безумоўную перамогу Сына Чалавечага, нам больш не трэба баяцца смерці, нам падаравана жыццё, дадзена ўпэўненасць у канчатковай перамозе святла і праўды над цемраю і злом. Адсюль — святло і радасць нашай веры, адсюль — сусветная радасць Уваскрасення Хрыстовага, адсюль — святло, агні і радасць гэтай пасхальнай ночы.

Магчымасць далучыцца да сённяшняй урачыстасці з урачыстасцей і прыняць плады ўсяленскай адкупіцельнай ахвяры Спасіцеля для ўсіх адкрыта ў таінстве Хрышчэння. Ад нас саміх залежыць — прыняць або не прыняць спасенне, прапанаванае нам Хрыстом.

Перамога, дасягнутая шляхам насілля і няпраўды — непазбежна часовая. Без жыцця паводле запаведзяў Божых нельга дасягнуць шчасця і пабудаваць гарманічнае грамадства. Перамагчы зло ў сабе — вось галоўная мэта жыцця кожнага хрысціяніна.

Ад усяго сэрца віншую вас, дарагія айцы, браты і сёстры, са святам Светлага Хрыстовага Уваскрасення і звяртаю да ўсіх веруючых прывітанне, якое неаднаразова чулі з вуснаў свайго Бажэственнага Настаўніка святыя апосталы: «Радуйцеся! І зноў кажу вам — радуйцеся!». Смерць пераможана і жыццё святкуе перамогу. І хай скрыты адвеку Божыя таямніцы, але адна таямніца сёння нам адкрыта: дабро пераможа зло, бо Хрыстос уваскрэс!

САПРАЎДЫ УВАСКРЭС ХРЫСТОС!

+ВЕНІЯМІН,
епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі

Пасха Хрыстова, 2017

2015 © Сайт Борисовское благочиние. Первый Борисовский церковный округ Борисовская Епархия Белорусская Православная Церковь,

активная cсылка на использованные материалы сайта обязательна, авторские материалы - только с разрешения автора

мнение администрации сайта не всегда совпадает с мнением авторов

электронная почта info@blagobor.by или воспользуйтесь этой страницей для отправки сообщения