Пасха 2020: Пасхальнае пасланне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла

17/04/2020
Пасхальнае пасланне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла


Пасхальнае пасланне
Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА
архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам
і ўсім верным дзецям Рускай Праваслаўнай Царквы

Праасвяшчэнныя архіпастыры, высокашаноўныя айцы,
пачэсныя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Міласцю Ўсяшчодрага Бога мы спадобіліся дасягнуць светлай велікоднай ночы і зноў радуемся слаўнаму Хрыстову Ўваскрасенню. Сардэчна віншую ўсіх вас, мае дарагія, з гэтым вялікім святам і ўрачыстасцю над урачыстасцямі.

Амаль дзве тысячы гадоў аддзяляюць нас ад падзеі, якую мы сёння ўспамінаем. Аднак кожны год мы з нязменным духоўным трапятаннем святкуем Уваскрасенне Гасподняе і нястомна сведчым аб выключнасці таго, што адбылося ў пахавальнай пячоры каля сцен старажытнага Іерусаліма.

Увесь зямны шлях Сына Божага: ад Яго цудоўнага Ўцялеснення да пакут і страшнай смерці на крыжы — з'яўляецца выкананнем абяцання Тварца, дадзенага некалі нашым прабацькам. Бог абяцаў паслаць у свет Таго, Хто возьме на Сябе нашы немачы і забярэ нашы хваробы (Іс. 53:4) і збавіць людзей Сваіх ад грахоў іх (Мф. 1:21). Гэта абяцанне Гасподзь неаднаразова пацвярджаў праз Сваіх прарокаў. Гэтаму абяцанню заставаўся верны нават тады, калі народ Ізраіля адступаў ад запавету і парушаў волю Стварыцеля.

Ва Ўваскрасенні ж Хрыстовым яўлена ў паўнаце любоў Божая, бо пераадолена, нарэшце, смерць — апошні рубеж, які аддзяляў чалавека ад сапраўднай Крыніцы жыцця. І хоць фізічная смерць існуе і забівае чалавечыя целы, яна больш не здатная забіваць нашы душы, гэта значыць пазбаўляць нас жыцця вечнага ў яднанні з Тварцом. Смерць пераможана — яе джала вырвана (1 Кар. 15:55). Паланіў палон Гасподзь (Эф. 4:8) і зрынуў пекла. Бо не застанецца бяссільным у Бога ніводнае слова (Лк. 1:37) — сапраўды Ён уваскрэс, як і казаў (Мф. 28:6)!

У цяперашнім годзе народы Зямлі праходзяць праз асаблівыя выпрабаванні. Гібельная пошасць распаўсюдзілася па ўсім свеце, дасягнуўшы межаў і нашых краін. Улады ўжываюць абмежавальныя меры, для таго каб прадухіліць выбухны рост эпідэміі. У некаторых краінах пастырскай адказнасці Маскоўскага Патрыярхата спынена правядзенне грамадскіх богаслужэнняў, у тым ліку і Бажэственнай літургіі. Аднак нам, праваслаўным хрысціянам, не трэба сумаваць або адчайвацца ў гэтых складаных абставінах, а тым больш паддавацца паніцы. Мы закліканы захоўваць унутраны мір і памятаць словы Спасіцеля, прамоўленыя напярэдадні Яго адкупіцельных пакут: «У свеце гора зазнаеце, але мужайцеся: Я перамог свет» (Ін. 16:33).

Пасха стала для чалавецтва пераходам ад рабства граху да свабоды Царства Нябеснага, на свабоду славы дзяцей Божых (Рым. 8:21). Толькі дзякуючы Ўваскрасенню Спасіцеля мы знаходзім сапраўдную свабоду, пра якую сведчыць усехвальны Павел, які заклікае нас: «Стойце ж у свабодзе, дзеля якой Хрыстос вызваліў нас» (Гал. 5:1). Колькі разоў мы чыталі або чулі гэтыя словы? А цяпер задумаемся: ці не жывем мы сёння так, быццам і не было зусім Уваскрасення Хрыстовага? Ці не разменьваем мы багацце вечнасці, якое раптам адкрылася нам, на бясконцыя клопаты, зноў паланяючыся мітуснёй гэтага свету, паддаючыся часовым страхам і забываючы аб нятленных духоўных скарбах і сапраўдным пакліканні хрысціяніна служыць Госпаду ў святасці і праведнасці перад Ім (Лк. 1:75)?

Аднак набожнасць чыстая і беззаганная перад Богам і Айцом (Іак. 1:27) у тым і заключаецца, каб па прыкладзе, яўленым нам у Евангеллі Пастырам Добрым, рабіць ласку адзін аднаму з любоўю і цярпеннем, дапамагаць і падтрымліваць адзін аднаго ў выпрабаваннях. Ніякія знешнія абмежаванні не павінны разарваць наша адзінства і адабраць у нас тую сапраўдную духоўную свабоду, якую мы ўсе здабылі праз пазнанне Госпада і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста, Які перамог смерць і дараваў нам магчымасць называцца дзецьмі Божымі і з'яўляцца імі (1 Ін. 3:1).

Адно сэрца і адна душа (Дзеян. 4:32) ва ўсіх верных дзяцей Царквы, бо паасобку мы члены, а разам — Цела Хрыстова, і нішто не зможа адлучыць нас ад любові Божай (Рым. 8:39). А таму тыя, хто не мае магчымасці сёння ў сілу аб'ектыўных прычын прыйсці ў храм і памаліцца, хай ведаюць, што пра іх памятаюць і моляцца. Вера дае нам сілу жыць і з дапамогай Божай пераадольваць розныя хваробы і выпрабаванні, у тым ліку і тое, што прыйшло ў наша жыццё праз распаўсюджванне небяспечнага віруса.

Горача заклікаю ўсіх вас, дарагія мае, узмацніць агульныя малітвы аб тым, каб Гасподзь дараваў нам, нягледзячы на ўсе цяжкасці, заставацца саўдзельнікамі благадатнага літургічнага жыцця Царквы, каб Свяшчэннае Таінства Еўхарыстыі здзяйснялася і вернікі маглі з адвагаю прыступаць да ісціннай Крыніцы Жыцця — Святых Хрыстовых Таін, каб хворыя атрымалі вылячэнне, а здаровыя былі засцеражоны ад небяспечнай інфекцыі.

Верым, што Ўваскрэслы Спасіцель не пакіне нас і пашле нам цвёрдасць і мужнасць для непахіснага стаяння ў веры і спасіцельнага праходжання зямнога шляху да жыцця вечнага.

Сардэчна віншую ўсіх вас, мае дарагія браты і сёстры, са светлым святам Святой Пасхі і заклікаю бесперастанна яўляць вобраз сапраўдных вучняў Спасіцеля, падаючы добры прыклад навакольным людзям і абвяшчаючы дасканаласць «Таго, Хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае Сваё святло» (1 Пят. 2:9), каб мы ва ўсе дні жыцця нашага справамі сведчылі аб вечнай сіле і вернасці пасхальных слоў:

САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС ХРЫСТОС!

ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ
Пасха Хрыстова
2020 год

2015 © Сайт Борисовское благочиние. Первый Борисовский церковный округ Борисовская Епархия Белорусская Православная Церковь,

активная cсылка на использованные материалы сайта обязательна, авторские материалы - только с разрешения автора

мнение администрации сайта не всегда совпадает с мнением авторов

электронная почта info@blagobor.by или воспользуйтесь этой страницей для отправки сообщения