Протаіерэй Сергій Гардун: Беларускія святыя — найвышэйшы духоўны скарб нашага народа

Размова з клірыкам Свята-Духава Кафедральнага сабора г.Мінску, протаіерэем Сергіем Гардуном

— Ці памятаеце вы, як пачалося святкаванне Сабора беларускіх святых?

Упершыню дзень беларускіх святых святкаваўся ў 1985 годзе. А за год да гэтага, у 1984-м, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Пімен даў благаславенне на святкаванне гэтага дня, і ён быў уведзены ў наш царкоўны каляндар.

Канешне, ініцыятыва сыходзіла ад Мітрапаліта Філарэта, які звярнуўся з такой просьбай да Патрыярха. Ідэя вылучыць Сабор Беларускіх святых як асобнае свята ў тыя часы, калі мала яшчэ хто пра гэта гаварыў і думаў, спрыяла росту нацыянальнай самасвядомасці праваслаўных беларусаў.

Царква імкнулася да таго, каб нагадаць, што мы як праваслаўны народ маем сваіх святых, якія ў найбольшай меры і паўнаце адлюстроўваюць самае светлае, самае добрае, самае чыстае, што ёсць у нашым народзе. Гэта сапраўды гонар і слава нашага народа. З іх мы павінны браць прыклад. Сабор святых — тое, што нас павінна злучаць, аб’ядноўваць, кансалідаваць, на што мы павінны раўняцца.

Прыкладна такая ж задача, толькі шырэйшая, заключана і ў святкаванні Дня ўсіх рускіх святых. Трэба памятаць, што ў Саборы ёсць не толькі тыя святыя, якія нарадзіліся на землях Беларусі. Сярод іх ёсць і тыя, якія праславіліся ў служэнні беларускаму народу, хаця маглі паходзіць з іншых краёў, напрыклад, свяціцель Георгій, архіепіскап Магілёўскі і Беларускі. Ён паходзіў з Украіны, але асноўнае яго служэнне было ў Беларусі. З другога боку, у Сабор уваходзіць, напрыклад, прападобны Генадзій, архіепіскап Магілёўскі і Любімаградскі, які паходзіў з Магілёва. Там ён атрымаў адукацыю і сфарміраваўся як асоба, і толькі потым, у пошуках подзвігаў духоўных, паехаў у Расію.

Калі гавораць пра свецкую гісторыю, кажуць, кожны народ мае сваю гісторыю, свае славутыя імёны. Часам падставай для ўзвышэння той ці іншай асобы да рангу героя могуць быць яго учынкі, выгадныя ў пэўных гістарычных абставінах. І за гэта чалавек можа праслаўляцца і ўспрымацца як герой. Але не заўжды ацэньваецца яго духоўны воблік. Дык вось у адносінах да святых, канешне, мае значэнне ўся асоба цалкам. Гэта не пэўныя заслугі ці подзвігі, бо імёны многіх іншых людзей могуць успрымацца як імёны слаўныя, як імёны вядомыя.

Напрыклад, Францыск Скарына для Беларусі — безумоўна, імя вядомае і слаўнае, і тое, што ён зрабіў — вельмі важна для Беларусі. Але калі мы гаворым пра святых, то, па-першае, яны праслаўляюцца Богам, у тым ліку і праз цуды, якія здзяйсняюцца па малітвах да іх.

Рускі філосаф Іван Ільін сказаў: «Важна не тое, што кожны народ думае аб сабе сам, а важна тое, што Бог думае аб тым ці іншым народзе». Калі мы вывучаем той ці іншы народ, яго гісторыю, менталітэт, яго духоўны воблік, то трэба яго вывучаць праз святых, праслаўленых Богам. Толькі так мы зможам пазнаць народ у яго найбольшай паўнаце, ацаніць яго найвышэйшыя дасягненні. Гэта тое, чым народ павінен жыць, на што раўняцца, і радавацца сваім высокім духоўным здабыткам.

— Якім павінен быць ідэал святкавання Сабора Беларускіх святых, да якога нам трэба імкнуцца?

Я думаю, што гэты дзень павінен стаць дзяржаўным нацыянальным святам, тым больш што яно заўсёды бывае ў нядзелю, таму не трэба будзе рабіць дадатковы выхадны дзень.

Канешне, і па радыё, і па тэлебачанні павінна быць не толькі інфармацыя пра тое, што ў гэты дзень адзначаецца Сабор Беларускіх святых, але і перадачы пра тое, хто яны, гэтыя беларускія святыя, пра іх жыццёвы шлях, пра іхняе служэнне, пра тое, чаму яны вучылі, пра што прапаведавалі, чым яны займаліся, што яны далі нам, якая ад іх засталася духоўная спадчына. Гэта могуць быць самыя разнастайныя перадачы: і гутарка, і інтэрв’ю, і цэлы мастацкі фільм — чаму б не зрабіць фільм пра свяціцеля Кірыла Тураўскага ці пра свяціцеля Георгія Каніскага? Гэта можа быць і «круглы стол» з дыскусіяй.

Я ўспамінаю перадачу, якую я з цікавасцю глядзеў па расійскаму каналу — «Імя Расія», дзе былі дыскусіі пра розныя гістарычныя асобы, найбольш значныя ў гісторыі Расіі. Ідэя цудоўная, і перадача была вельмі цікавая, таму што і людзі, і меркаванні былі розныя. Гэта была размова не пра нешта павярхоўнае, а размова пра сваю гісторыю і пра сваіх гістарычных дзеячаў. Канешне, такую передачу можна зрабіць і ў Беларусі. Але калі параўноўваць гістарычных дзеячаў і святых таго ці іншага народа, то, канешне, святыя павінны стаяць вышэй. Таму, калі мы гаворым пра святкаванне Дня беларускіх святых, то такога роду дыскусіі і размовы павінны быць пра кожнага святога.

Недастаткова знаць толькі імя — Кірыл Тураўскі, Еўфрасіння Полацкая. Многія, нажаль, іх і не ведаюць. Многія нашыя суайчыннікі не ведаюць іх жыццёвага шляху, іх служэння, тых ідэй, думак і пачуццяў, якімі жылі святыя. Калі гэта данесці да людзей, адкрыць людзям гэтую таямніцу — яно будзе пераймацца, будзе ўплываць на нас. Калі мы ведаем жыццёвы шлях святога ўгодніка Божага, для нас ёсць больш падстаў звярнуцца да яго з малітвай, і сувязь Царквы зямной з Царквою нябеснай будзе мацнейшай.

— Калі б быў праект «Імя — Беларусь», каго са святых вы б прадстаўлялі?

Для мяне найбліжэйшы вобраз святога прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага, таму што ў ім злучаецца ўсё — і аскетычныя подзвігі, і апалагетычная дзейнасць, і дзейнасць юрыста-дыпламата, абаронцы Царквы перад уладамі. І, нарэшце, мучаніцкая смерць, стаянне за ісціну да канца, да смерці. І ўсё гэта — у асобе аднаго чалавека: ён і падзвіжнік, аскет, малітвеннік, і актыўны царкоўны дзеяч, які стараўся падтрымліваць храмы, будаваць новыя, рамантаваць манастыры, і абаронца ісціны і Царквы ад нападак ерэтыкоў. Ён жа і мучанік, які сваёю крывёю, сваёю смерцю даказаў сваю любоў да Хрыста і да Царквы.

— Можа так стацца, што ў гэты дзень не ва ўсіх храмах Беларусі будуць сапраўды ўшаноўваць Сабор Беларускіх святых. Могуць нават не ўзгадаць аб гэтым у пропаведзях. Як даць нейкі імпульс сапраўнаму ўшанаванню?

Гэта складанае пытанне. Цяжка прымусіць свяшчэнніка прапаведваць на тую ці іншую тэму. Але ў практыцы царкоўнай (не ў апошнія дзесяцігоддзі, калі на прапаведніцтва ўвагі належнай, на жаль, не звярталася, а калі браць практыку ранейшую, напрыклад, ХІХ стагоддзе), былі часы, калі благачынны павінен быў сачыць, каб на кожным прыходзе кожную службу свяшчэннік гаварыў пропаведзі, нават тэма пропаведзі прадпісвалася. Гэта адзін шлях. Прычым, у пропаведзях можна гаварыць аб усім Саборы, можна выдзеліць каго-небудзь аднаго са святых, можна расказаць пра адну рысу характару. Да таго ж архіерэй кожнай епархіі можа даць такое прадпісанне свяшчэннікам, а можа, нават, як на Вялікдзень ці Ражджаство, скласці святочнае пасланне і разаслаць яго па епархіі.

Бяседу вёў Сяргей АРЛОЎ
Газета «Царкоўнае слова»
№ 26(368) 2009

2015 © Сайт Борисовское благочиние. Первый Борисовский церковный округ Борисовская Епархия Белорусская Православная Церковь,

активная cсылка на использованные материалы сайта обязательна, авторские материалы - только с разрешения автора

мнение администрации сайта не всегда совпадает с мнением авторов

электронная почта info@blagobor.by или воспользуйтесь этой страницей для отправки сообщения