Аб прыгажосці

Прарок і псалмапевец Давід у псалтыре казаў: «Аднаго прасіў я ў Госпада, таго толькі шукаю, каб прабываць мне ў доме Гасподнім ва ўсе дні жыцця майго, сузіраць прыгажосць Гасподнюю і наведваць храм Яго»(Пс.26,4) У кнізе Прытчаў Саламонавых чытаем: «Мілавіднасць — падманлівая і прыгажосць — сумятлівая, але жанчына, якая баіцца Госпада, дастойная хвалы»(Пр:31,30)

Гасподзь у Бібліі дае нам ісціннае паняцце прыгажосці. Яна не ў знешнім праяўленні — прыгажосці твару — мілавіднасці ці прывабнасці, што з’яўляецца чалавечым і створанным, а ў сузіранні прыгажосці сапраўднай і вечнай, што ёсць бажэственнае і не кім не створанае.

Сапраўды, у наш век высокатэхнічных тэхнплогій не з’яўляецца праблемай зрабіць знешні бляск любому вобразу ці прадмету. Камп’ютэрныя магчымасці — бязмежныя, фантазіі — касмічныя, а вынік аніякі — падман і сумятня. Аказваецца, што дастойнае хвалы — толькі баяцца Госпада, гэта значыць любіць Яго, і знаходзіцца ў доме Яго, каб сузіраць прыгажосць Гасподнюю, а не чалавечую. Падманлівасць знешняго бляску, сумятня чалавечай прыгажосці — відавочна, бо нават толькі недаўгавечнасць яе ўжо паказвае на несапраўднасць і тлен. Як жа нам ухіліцца ад гэтага падману, які забірае наш дарагі час, неабходны для сузірання прыгажосці Гасподняй?

У нашых дамах павінны быць іконы Спасіцеля і Божай Маці, Крыж Гасподні, праваслаўныя кнігі, рэпрадукцыі цэркваў і манастыроў, свяшчэнныя прадметы: лампадкі, царкоўныя свечкі, асвячоная вярба і ладан.

На жаль, вельмі часта замест ікон на сценах знаходзяцца метровыя выявы аголеных маладзіц. Прызнаць гэта за прыгажосць ніяк нельга. Па-першае, гэта нарушэнне другой заповедзі, а таксама знявага жонак, маці, дзяцей. Цела — храм Божы, агаляць і пэцкаць яго фарбай, татуіроўкамі — знявага Бога.

Тэлебачанне, прэса, інтэрнэт запоўнены інфармацыяй толькі аб тым як стаць прыгажэй, зграбней, мацней, чым харчавацца, як модна апранацца, і зусім мала пра тое, як стаць больш добрымі, як навучыцца кахаць адзін аднаго, як пабудаваць храм у сваёй душы.

Наогул, у кожнай сям’і павінен быць выпрацаваны свой стыль жыцця, паводзін, адзення, харчавання, адпачынку. На жаль, у большасці выпадкаў — гэта капіраванне дасягненняў масавай культуры і моды. Бацькі павінны прывіць сваім дзецям густ, навучыць карыстацца адзеннем і прадметамі дамашняга ўжытку. Адзенне трэба насіць сціплае, у адпаведнасці з узростам, сезонам і месцам прымянення. Спартыўнае — для спорта, загараднай паезкі, дачы. У горадзе, ва ўстановах — непрыстойна хадзіць у шортах і майках.

Амаль усе дзяўчынкі мараць стаць мадэлямі, а не добрай жонкай і маці. Колькі гадзін і грошай траціцца на тое каб стаць прыгожай і моднай. Хлопчыкі заняты камп’ютэрнымі гульнямі, ім няма часу на малітву, на храм, няма часу дапамагчы бацькам, старым людзям, ды і на вучобу таксама часу не хапае.

«Прыгажосць выратуе свет» ... У гэтай фразе, несумненна, гаворка ідзе пра тую прыгажосць, якая прыходзіць да нас звыш, і крыніцай якой можа з’яўляцца толькі сам Бог.

Жыццё па Запаведзях Божых — гэта шлях да сапраўднай прыгажосці.

прот.Аляксандр Пачопка

2015 © Сайт Борисовское благочиние. Первый Борисовский церковный округ Борисовская Епархия Белорусская Православная Церковь,

активная cсылка на использованные материалы сайта обязательна, авторские материалы - только с разрешения автора

мнение администрации сайта не всегда совпадает с мнением авторов

электронная почта info@blagobor.by или воспользуйтесь этой страницей для отправки сообщения