Страсны тыдзень, Пасха

Страсны тыдзень, Пасха Пачынаючы з панядзелка кожны дзень страснога тыдня называецца Вялікім — Вялікі Панядзелак, Вялікі Аўторак і так далей. Ужо з Вялікай Серады адмяняюцца зямныя паклоны, гэта значыць на калені не будзем станавіцца аж да Дня Святой Троіцы, апроч паклонаў перад Святой Плашчаніцай на працягу 50- ці дзён.

Страсны тыдзень — асобы час перд светлым Хрыстовым Уваскрасеннем. Ён прысвечаны ўспамінам аб святых і збавіцельных для чалавецтва пакутах і распяцці на крыжы Госпада нашага Іісуса Хрыста. У Святую Чатырохдзесятніцу Страсны тыдзень не ўваходзіць.

Самы строгі дзень — Вялікая Пятніца. У гэты дзень вышэйшая мера посту — цэлы дзень нічога не ядзім і не п’ём. У Вялікую Пятніцу Гасподзь памёр на крыжы як чалавек, але ўваскрэс як Бог. Служба адпраўляецца асобая, Святой Літургіі не бывае.

Чытаюцца 12-аць Евангелляў Святых пакутаў Хрыстовых, звычайна гэта адбываецца ў чацвер вечара на службе ўтрані.

Па хрысціянскаму звычаю пасля пасля чытання 12-ці частак Святога Евангелля, свечку, якую трымалі ў час чытання Евангелля, не тушаць, а нясуць дадому, дзе над уваходам у дом — зверху на дзвярной перакладзіне полымем свечачкі ставяць Святы Крыж.

Трэба сказаць, крыж ад свечкі, якая гарэла пры чытанні 12-ці Евангелляў пакутаў Гасподніх, мае асаблівую сілу для адагнання нячыстай сілы ад нашага жытла. Бо для яе Крыж пакутаў Госпада — страшнае бедства.

Не прамініце службы Вялікага чацвярга вечара, на ёй у час чытання 12-ці Евангелляў, а гэта, як і усе службы Вялікага посту, бывае толькі раз у год, вы будзеце ачышчаны таямнічым агнём Святога Духа, пазбавіцеся недамаганняў і выйдзеце са службы лёгкімі, радаснымі і абноўленымі.

У Вялікую Пятніцу будзе выносіцца з алтара для пакланення людзям Святая Плашчаніца. Святая Плашчаніца — гэта іконаграфічная выява на палатне памершага Госпада нашага Іісуса Хрыста. У гэты дзень мы пакланяемся і цалуем плашчаніцу. Перад цалаваннем павінна стаць на калені 2 разы, пацалаваць Святую Плашчаніцу, пасля зноў пакланіцца на каленях.

У вялікую суботу Святая Плашчаніца абносіцца вакол храма са спевам заўпакойнага «Святы Божа...».

Усе службы страснога тыдня — асаблівыя, непаўторныя, яны звязваюць і прыміраюць нас з Богам, бо Гасподзь памёр і ўваскрэс за кожнага чалавека на Зямлі, каб пазбавіць нас ад путаў грэху. Блізіцца Пасха, усім сваім нутром чалавек адчувае Яе набліжэнне.

Паводле вызначанага распарадку ў Вялікую суботу пасля ўборкі храма вечарам пачынаецца чытанне Дзеянняў Святых Апосталаў. Дзеянні чытаюцца да адзінаццатай гадзіны ночы. Пасля гэтага служыцца паўночніца з канонам Вялікай Суботы. Святая Плашчаніца заносіцца ў алтар.

Роўна ў 12 гадзін ночы па мясцовым часе пачынаецца пасхальная ўрачыстаць. Свяшчэнна-служыцелі і народ выходзяць на хрэсны ход. Са свечкамі ў руках, спяваючы сціхіру «Уваскрасенне Твае, Хрысце Спасе...», пры радасным бесперапынным перазвоне царкоўных званоў, веручыя тры разы абыходзяць вакол храма. Пасля гэтага пачынаецца пасхальная ўтраня, якой папярэднічае спяванне трапара Свята: «Хрыстос уваскрэс з мертвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыццё дараваў»

Незвычайная, лёгкая, радасная служба заканчываецца, пасля асвячаецца артас — вялікі і расфарбаваны і пазалочаны хлеб, па краях якога пішыцца «Хрыстос уваскрэс», у сярэдзіне выява крыжа, або Ўваскрасэнне Хрыстова. Артас увесь пасхальны тыдзень будзе з хрэсным ходам абносіцца вакол храма, а ў светлую суботу — 3-га мая пасля яго раздраблення будзе раздавацца веруючым.

Артас — вялікая святыня, ён захоўваецца ўвесь год, пры хваробе і другіх цяжкіх абставінах ужываецца са Святой вадой для ацалення.

Пасля пасхальнай службы пачынаецца асвячэнне велікодных пасах кулічоў і яечак. Па неабходнасці вы можаце асвяціць свае яечкі і да Пасхі. Нашы благачасцівыя продкі, прыйшоўшы са службы умывалі свае твары вадой у якую апускаліся пасхальныя яечкі. Пасля гэтага хрыстосаваліся адзін з адным.

Чын хрыстосавання такі. Адзін узвяшчае:"Хрыстос уваскрэс!" , другі яму адказвае: «Сапраўды ўваскрэсе!». Павінны тройчы пацалавацца і абмяняцца чырвоным яечкам. Пасля гэтага разгаўляюцца — гэта значыць святочны сняданак ужо з скаромных страў.

а.Аляксандр Пачопка

2015 © Сайт Борисовское благочиние. Первый Борисовский церковный округ Борисовская Епархия Белорусская Православная Церковь,

активная cсылка на использованные материалы сайта обязательна, авторские материалы - только с разрешения автора

мнение администрации сайта не всегда совпадает с мнением авторов

электронная почта info@blagobor.by или воспользуйтесь этой страницей для отправки сообщения