Епіскап Арцемій (Кішчанка): Пропаведзь на Дзень Усіх Беларускіх Святых

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Сённяшні дзень — Дзень памяці ўсіх беларускіх святых. Гісторыя народу найбольш ярка ўвасоблена ў духоўных вобліках, справах і творчых плёнах яго лепшых сыноў і дачок... Мы не толькі павінны, але і абавязаны ведаць сваё мінулае, каб лепш убачыць сваё заўтра, каб ясней уяўляць, як да яго ісці.

Неабходна адзначыць спецыфічны характар беларускай святасці, якая ў значнай ступені адлюстроўвае і характар народу.

Незалежна ад таго, ці гутарка ідзе пра князёў, свяціцеляў, мучанікаў або прападобных, іх святасць была, як правіла, дзейная, накіраваная на грамадскае, агульнае дабро. Аскетніцтва, якое прынцыпова паклікана для ізаляванага, асабістага збаўлення, у беларускіх святых спалучалася з грамадскім служэннем. Яны не абмяжоўваліся закрыццём у манастырскіх келлях, але ахвоча неслі ў народ святло сваіх ведаў, сваю высокую мараль і ўласны прыклад праведнага жыцця. Дзякуючы гэтаму беларускія святыя былі сапраўднымі светачамі, соллю зямлі беларускай, яе святлом, розумам,
гонарам і сумленнем.

Свята ў гонар беларускіх святых гэта не простае пералічэнне нейкіх дзіўных людзей, якія жылі на нашай зямлі ў старажытныя часы і не мелі ніякага дачынення да рэальнага жыцця, гэта сцвярджэнне менавіта душы, духоўнага стрыжню беларускага народа, яго гісторыі, яго самавызначэння і светаўспрымання. Гэта сцвярджэнне таго, што кожны народ мае душу — гэта значыць, усё тое самае высокае, чыстае і лепшае, адносна чаго ён сябе вызначае. І гэта самае высокае, чыстае і лепшае, што ёсць у беларускім народзе, увасабляюць яго святыя. Дзень усіх беларускіх святых перарастае сваё ўласна царкоўнае і богаслужбовае значэнне. Ён становіцца пытаннем, звернутым да народа, пытаннем аб душы, аб сэнсе жыцця, аб сапраўдных каштоўнасцях нашага народа.

Дзень святкавання памяці нашых святых у гэтым годзе супадае з днямі памяці вызвалення Беларусі ад фашыстаў.

Вялікая Айчынная вайна была адным з самых цяжкіх выпрабаванняў, якое выпала на долю нашага народа ў мінулым дваццатым стагоддзі.

Як вядома, перад пачаткам вайны Праваслаўная Царква перажыла самае страшнае ганенне ў сваёй гісторыі, якое не спынялася амаль чвэрць стагоддзя. Зачыняліся манастыры і храмы,
апаганьваліся святыні, фізічна знішчаліся духоўныя асобы і актыўныя міране. У канцы 30-х гадоў царкоўная структура на тэрыторыі краіны была амаль цалкам знішчана.

Падзеі ваенных гадоў асабліва яскрава прадэманстравалі той факт, што значная частка насельніцтва, нягледзячы на гады рэпрэсій і спробы таталітарнай дзяржавы прымусова ўвесці атэістычную ідэалогію, засталася праваслаўнай і захавала вернасць Божым запаведзям
і традыцыям продкаў. Забыўшы пра свае асабістыя трагедыі, крыўды і перанесеныя пакуты, пра сваё становішча «непаўнавартасных грамадзянаў», якімі яны былі для савецкай улады, яны сапраўды ўзышлі на высокую ступень хрысціянскай свядомасці і паказалі сябе вернымі чадамі Царквы і зямной Бацькаўшчыны.

Гады вайны — гады духоўнага адраджэння нашага народа пасля доўгіх часоў панавання бязбожнага рэжыму. Многія людзі ў гады вайны вярталіся да бацькоўскай веры. Не выпадкова, што менавіта тады змяніліся царкоўна-дзяржаўныя адносіны.

Вельмі важна асэнсаванне таго гістарычнага факта, які яскрава сведчыць нам пра тое, што ў час драматычных выпрабаванняў значная частка нашага народа знайшла духоўную падтрымку ў Праваслаўнай Царкве.

Сталінская палітыка ў адносінах да Царквы ведала два пераломы.

Сёння часцей прыгадваюць станоўчыя зрухі, якія адбыліся ў адносінах дзяржавы да Царквы ў 1944-га года, але забываюць, што ў пасляваенныя часы з другой паловы 1948-га года замест яўнага ганення на Царкву прыходзіць новае — прыхаванае.

Наша Айчына за гады бязбожжа ў духоўных адносінах страціла вельмі шмат з таго, што было здабыта за стагоддзі яе існавання. Святыя беларускай зямлі сёння моляцца за нас, каб гэтыя страшныя шматлікія чорныя старонкі нашай гісторыі ніколі не паўтарыліся.

Сёння, каб узнавіць нашу краіну, неабходна адрадзіць у ёй рэлігійны дух. Ні палітычныя планы, ні эканамічныя разлікі не дапамогуць, калі Гасподзь не ўбачыць, што народ звярнуўся да Яго. Збаўленне і паўната жыцця не могуць быць здабытыя сілаю дзяржаўнага, палітычнага, эканамічнага ўздзеяння.

Тым, хто хоча здабыць духоўную ісціну, вольную ад любога ідэалагічнага ўціску, патрэбна працяглы час з глыбокім пакаянным пачуццём даследаваць нашу шматпакутную гісторыю і зрабіць адпаведныя высновы з атрыманых урокаў.

Знамянальна, што памяць беларускіх святых адзначаецца ў дні Пятровага посту, устаноўленага ў памяць аб прыгатаванні апосталаў да вялікага служэння дабравешчання. Святыя зямлі Беларускай указваюць адзіную галоўную мэту нашага часовага зямнога існавання — набыццё благадаці Святога Духа ў сэрцах нашых. Пакліканыя да святла Хрыстовай веры, мы не павінны ўдзельнічаць у згубных справах цемры. Адноўленыя Духам, мы павінны прыносіць добрыя плады справаў духоўных — дабрату, справядлівасць, праўду (Эф.5:9).

Давайце памолімся, каб Гасподзь малітвамі святых падзвіжнікаў умацаваў у нашых сэрцах веру, каб іх малітвамі Гасподзь даў нам любоў да Царквы і да Радзімы, каб нішто не змагло нас адлучыць ад любові Божай у Хрысце Іісусе. Будзем «сваякамі» беларускім святым не толькі па плоці, але і па духу! Усе святыя зямлі Беларускай, маліце Бога за нас! Амінь. Са святам!