Пасха 2021: Пасхальнае пасланне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла

Дата события

Пасхальнае пасланне
Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам
і ўсім верным дзецям Рускай Праваслаўнай Царквы
 

Праасвяшчэнныя архіпастыры, высокашаноўныя пастыры і дыяканы, пачэсныя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!

У гэты выдатны і святы дзень, напоўнены пасхальнай радасцю і дзіўным святлом, з вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца перадаецца жыццёсцвярджальнае дабравесце:

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Гэтымі словамі мы вызнаём непарушную веру ў Таго, Каму ў Страсную пятніцу прадстаялі каля Крыжа́, Каго разам з вучнямі і жанчынамі- міраносіцамі аплаквалі, молячыся перад Плашчаніцаю. Цяпер жа разам з Ангельскім Воінствам, яўляючы адзінства Царквы зямной і нябеснай, урачыста абвяшчаем: «Сёння спасенне свету, бо ўваскрэс Хрыстос, бо Ён усясільны» (Канон Пасхі, ірмос 4-й песні).

Пасха Гасподняя – яскравае сведчанне прамудрасці Божай і невыме́рнай любові Творцы да чалавечага роду. Пачатак гісторыі, як мы ведаем, быў азмрочаны духоўнай трагедыяй: з-за падзення прабацькоў дзверы Рая былі зачынены для людзей, а пакуты і смерць сталі з той пары непазбежным наступствам грахоўнасці чалавека. Але, страціўшы сувязь з Богам – Крыніцаю жыцця, людзі не пазбавіліся Ягонай добрасці і любові.

Разам з тым, як піша Мікалай Кава́сіла, святы XIV стагоддзя, «любоў Божая была бязмернаю, а знака, якім бы вы́ казаць яе, не было» (Сем слоў аб жыцці ў Хрысце. Слова VI). Любоў выка́звае сябе ў здзяйсненні дабра бліжняму і ў гатоўнасці добраахвотна цярпець за яго цяжкасці, цеснату і нават пакуты, і Спасіцель здзяйсняе і адно, і другое. Уцяле́сненнем Сваім Ён абнаўляе пашкоджаную грахом чалавечую прыроду, а Крыжовым подзвігам ратуе нас ад улады зла. «Так мы атрымалі жыццё ў Хрысце, – заключае прападобны Яфрэм Сірын, – Цела Госпада спажылі замест пладоў дрэва..., праведнаю крывёю Яго абмытыя ад праклёну і праз надзею ўваскрасення... жывём жыццём Яго» (Тлумачэнне на Чацвёраевангелле, 21).

Уваскрасенне Спасіцеля адчыніла чалавецтву дзверы ў Царства Нябеснае і напоўніла наша зямное быццё вечным сэнсам. Гасподзь дараваў Сябе ўсім веруючым у Яго як узор дабрадзейнасці і здабыў нятленне, каб услед за Ім ішлі ўсе, хто спасаецца, як піша пра гэта прападобны Максім Вызна́ўца (Амбігвы, 42). А для гэтага мы павінны ўжо тут, на зямлі, навучыцца дыхаць паветрам вечнасці, здымаючы з сябе старога чалавека з учынкамі яго (Кал. 3, 9), будуючы сваё жыццё згодна з Евангеллем і ўдзельнічаючы ў Таінствах Святой Царквы – наследніцы вялікіх абяцанняў Божых.

Вера ва Уваскрасенне Спасіцеля гасіць полымя жыццёвых трывог і дазваляе ўзвысіцца над ма́рнасцю свету, дапамагае адкідаць спакусы граху і пераадольваць розныя страхі. У адказ на Бажэственную любоў мы пакліканы праяўляць «любоў ад чыстага сэрца, добрага сумлення і некрывадушнай веры» (1 Цім. 1, 5). У адказ на Яго міласэрнасць – аказваць міласць людзям, якія вакол нас. У адказ на Яго апеку – клапаціцца аб уладкаванні грамадскага жыцця ў адпаведнасці з высокімі евангельскімі ідэаламі.

Пасхальная ўрачыстасць, пераадольваючы нацыянальныя і дзяржаўныя межы, духоўна яднае мільёны хрысціян, якія жывуць у розных краінах. Гэты шматгалосы зямны хор разам з сонмам безцялесных Сіл Нябесных узносіць хвалу Госпаду Іісусу, Які за ўсіх праліў Сваю Кроў і жываноснаю цаною адкупіў свет (Актоіх. Глас 6, сціхіры ў суботу раніцай).

Гэтая падзяка з года ў год, з веку ў век, з тысячагоддзя ў тысячагоддзе пераможна гучыць па ўсёй зямлі – гучыць нягледзячы ні на якія спакусы, цяжкасці і выпрабаванні. Не перапыняецца яна і сёння, калі свет пакутуе ад згубнай пошасці.

У цяперашні няпросты час асабліва важна падтрымаць тых, хто хворы і нямоглы, хто пакутуе з-за страты сваіх родных і блізкіх, хто пазбавіўся сродкаў да існавання, хто не можа прыйсці ў храм. Акажам пасільную дапамогу тым, хто пакутуе, не пройдзем абыякава міма тых, хто патрабуе чалавечай спагады, увагі і клопату.

Зусім нядаўна з-за эпідэмічных за́хадаў многія з нас не маглі наведваць богаслужэнні. Набы́ты намі вопыт паказаў, наколькі важна цаніць і выкарыстоўваць любую магчымасць дзеля таго, каб удзельнічаць у сумеснай малітве, у богаслужэннях і святых Таінствах, а найбольш – у Бажэственнай Еўхарыстыі, Якая злучае нас са Хрыстом і аднаго з адным.

Дарагія мае, сардэчна віншую вас з вялікім святам Пасхі і жадаю вам моцнага здароўя і шчодрасцяў ад Жыццядаўца Іісуса. Няхай міласэрны Гасподзь спадобіць усіх нас цясней злучацца з Ім у невячэрнім дні Царства Яго і радасна сведчыць:

ХРЫСТОС УВАСКРЭС! САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС ХРЫСТОС!

 

ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ

Пасха Хрыстова, 2021 год

Фото
Image