Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры,
высокашаноўныя прасвітары і дыяканы, богалюбівыя інакі і інакіні,
дарагія браты і сёстры!
Сёння, у свята святаў і ўрачыстасць з урачыстасцяў, якое, паводле слова свяціцеля Грыгорыя Багаслова, столькі пераўзыходзіць усе ўрачыстасці, не толькі чалавечыя і зямныя, але нават Хрыстовы і тыя, што для Хрыста здзяйсняюцца, наколькі сонца пераўзыходзіць зоркі (Слова 45. На Святую Пасху), з вялікай радасцю звяртаю да вас старажытнае і вечна новае, усім звыклае прывітанне, якое і ў той жа час нязменна акрыляе нашы сэрцы:
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!
У гэтых двух жыццесцвярджальных словах змяшчаецца столькі сілы, што ад іх твары людзей ззяюць духоўнай радасцю і рэчаіснасць, якая акружае нас, літаральна перамяняецца: неба, зямля і нават прадонне напаўняюцца святлом, бачны і нябачны свет святкуе, бо паўстаў Хрыстос - радасць вечная (канон свята).
Уваскрасенне Спасіцеля - гэта не проста гістарычная падзея, пра якую даведваемся са свяшчэнных тэкстаў. Гэта краевугольны камень веры і, паводле слова свяціцеля Маскоўскага Філарэта, вечная навіна, крыніца разважання, здзіўлення, удзячнасці і надзеі (Слова ў дзень Святой Пасхі).
Уцялесненнем, пакутамі і трохдзённым паўстаннем з мёртвых Спасіцель абнаўляе чалавечую прыроду, вызваляе нас з-пад улады граху і смерці, адкрывае людзям вароты Царства Нябеснага і паказвае нам шлях да адзінства з Тварцом. Менавіта ў Хрысце, у Якім прымірыў з Сабою свет (2 Кар. 5, 19), усе мы маем магчымасць атрымаць усынаўленне і апраўданне, здабыць вечнае жыццё, бо няма пад небам іншага імені, якім належала б нам спасціся, акрамя імені Іісуса, Якога Бог уваскрасіў з мёртвых (Дз. 4, 10-12).
Паўстанне Спасіцеля з магілы ператварае смерць у бессмяротнасць, смутак – у радасць, безнадзейнасць – у надзею. На Крыжы і ва Ўваскрасенні нам адкрываецца Бог – бясконцай дабрыні і дасканалай любові.
Усведамленне гэтай усёпераможнай любові Божай пабуджае нас да ўдзячнасці Стварыцелю і дае сілы пераадольваць самы цяжкі душэўны стан і складаныя абставіны, узвышае над мітуснёй паўсядзённасці, дапамагае выправіць ранейшыя памылкі і пераадольвае адчай, які перашкаджае нам паўнавартастна жыць і духоўна развівацца.
Нярэдка людзі паддаюцца падманным уяўленням, што зло, пануе і перамагае, а дабро ўяўляецца незаўважным і слабым. Наш розум сумняваецца ў сіле здзейсненага Хрыстом Адкуплення, калі бачыць вакол смерць блізкіх, чуе пра вечнасць пакут для грэшнікаў са старонак Евангелля і назірае за светам, які ляжыць у зле (1 Ін. 5, 19). Але Царква Божая на працягу тысячагоддзяў пераканаўча сведчыць: Спасіцель перамог грэх, знішчыў смерць і спустошыў пекла (свц. Іаан Златавуст. Слова агалашальнае на Святую Пасху). Хрыстос адолеў непазбежнасць смерці і ўсеагульнасць зла, і мы глядзім на іх паражэнне вачыма веры ўжо з жыцця будучага веку, з Пасхальнай вышыні.
Паўстанне Спасіцеля з мёртвых нагадвае нам не толькі пра самую важную падзею мінулага, але і сведчыць пра будучае ўсеагульнае ўваскрасенне, бо калі мы веруем, што Іісус памёр і ўваскрэс, то і памерлых у Іісусе Бог прывядзе з Ім (1 Фес. 4, 14). Нам жа неабходна праз выкананне запаведзяў Гасподніх, праз здзяйсненне спраў любові і міласэрнасці, праз удзел у таінствах Царквы далучыцца да Хрыстовай перамогі і застацца верным Яму да канца, памятаючы словы Свяшчэннага Пісання: стойкасць патрэбна вам, каб, выканаўшы волю Божую, атрымаць абяцанае (Яўр. 10, 36).
А таму, узлюбленыя браты і сёстры, паводле слова апостала, не пакідайце спадзявання вашага, якому належыць вялікая ўзнагарода (Яўр. 10, 35). І няхай свята Ўваскрасення Госпада Іісуса Хрыста будзе нязменным напамінам пра гэтыя праўдзівыя Божыя абяцанні, якія даюць нам надзею і сілы ў самых складаных абставінах. Няхай гэтая ўрачыстасць натхняе ўсіх нас жыць у веры і любові, ведаючы, што ні смерць, ні пакуты, ні зло не змогуць адолець нас, калі мы са Хрыстом і ў Хрысце, Які перамог грэх, смерць і ўсякую няпраўду.
Будзем жа святкаваць Пасху Гасподнюю чысцінёю жыцця, прыстойнасцю і добрымі справамі (свц. Афанасій Вялікі. Дзесятае пасхальнае пасланне), каб, перамяняючыся ў новага чалавека ў Хрысце і каб служыць Богу жывому і ісціннаму і чакаць з нябёсаў Сына Яго, Якога Ён уваскрасіў з мёртвых, Іісуса, Які збаўляе нас ад надыходзячага гневу (1 Фес. 1, 9-10). Амінь!
ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ
Пасха Хрыстова
2024 г.