Анонс событий благочиния

Ражджаство Хрыстова 2024/2025: Пасланне да Ражджаства Хрыстовага мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

Дата события
Место
г.Минск

Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя сыны і дочкі Беларускай Праваслаўнай Царквы!

З малітоўнай радасцю віншую вас з найсвятлейшым і спасіцельным святам Ражджаства Хрыстовага. Сэрцы нашы невымоўна радуюцца і напаўняюцца благадатным хваляваннем, бо «Бесцялесны ўцялесніваецца, Слова матэрыялізуецца, Нябачны сузіраецца, і Неадчувальны – адчуваецца і Беспачатны – пачынаецца. Сын Божы Сынам Чалавечым становіцца: Іісус Хрыстос учора, і сёння, і на вякі Той жа! » (Сабор Прасвятой Багародзіцы. Сціхіры сціхоўныя).

Вялікі настаўнік Царквы свяціцель Іаан Залатавуст раскрывае прычыны нашай радасці і сусветнай урачыстасці: «Сёння старажытныя путы разарваны, смерць пераможана, Рай адчынены, пракляцце зніштожана, грэх выдалены, памылка пераадолена, ісціна вярнулася, ангелы ўваходзяць у зносіны з людзьмі, і людзі бясстрашна гутараць з ангеламі» (Слова на Ражджаство Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста).

І Царква зноў заклікае нас дакрануцца да вялікай тайны набожнасці – тайны Богаўцялеснення, якая адкрывае вялікую ісціну пра любоў і міласэрнасць Бога да чалавечага роду. Бо толькі любоўю да нас можна растлумачыць Яго прыход у свет, пазбаўлены паўнаты зносін з Богам, свет, напоўнены грахом, хваробамі і смерцю.

У гэтыя дні мы з замілаваннем сузіраем вобраз пячоры, у якой нарадзілася Богадзіця. Але гэтая пячора з’яўляецца і сведчаннем Яго вялікага змірэння, пакоры, ласкі да нас, як пра гэта гаворыць святочнае богаслужэнне: «Госпадзі, у Віфлеем прыбыўшы, у пячору Ты ўсяліўся; маючы неба прастолам, у яслі Ты быў пакладзены; Той, Каго акружаюць воінствы Ангелаў, да пастухоў сышоў, каб выратаваць, як Міласэрны, род наш» (Сціхіры сціхоўныя. Сабор Прасвятой Багародзіцы).

Гэтым Гасподзь сведчыць, што Ён нічога не патрабуе і не бярэ ад гэтага свету і яго часовых дабротаў, бо ўжо валодае ўсім. Але Ён прыйшоў падараваць праз Сябе паўнату зносін з Богам усім людзям, усяму тварэнню. Паводле слова свяціцеля Ірынея Ліёнскага, Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў богам па благадаці. Менавіта да гэтага заклікае нас Гасподзь і менавіта ў жыцці з Богам – мэта і сэнс чалавечага існавання.

Першы чалавек, Адам, быў створаны не толькі для таго, каб заставацца найвышэйшым тварэннем Божым: ён быў пакліканы стаць узлюбленым сынам Божым, ва ўсім паслухмяным Айцу, але не здолеў зберагчы годнасці гэтага вялікага звання і, учыніўшы грэхападзенне, «пайшоў у краіну далёкую», страціўшы першародную чысціню і магчымасць зносін з Богам.

Тады Сын Божы становіцца «Другім Адамам», каб выканаць тое, што парушыў Адам першы. Ён быў «паслухмяным нават да смерці  і смерці крыжовай» (Флп. 2:8), Сваёй пакораю і паслухмянасцю выканаў запаведзь Айца Нябеснага, вярнуўшы чалавечай прыродзе Бажэственную годнасць.

Гэтыя святыя і спасіцельныя разважанні над сэнсам Ражджаства Хрыстовага не павінны заставацца ведамі, якія не маюць дзейснай сілы. «Што прынясём Табе ў дар, Хрысце, за тое, што Ты дзеля нас зявіўся на зямлі як чалавек? Бо кожнае з тварэнняў, Табою створаных, падзяку Табе прыносіць: Ангелы – спевы, нябёсы – зорку, валхвы – дары, пастухі – здзіўленне, зямля – пячору, пустэльня – яслі…» – чуем мы запытальны вокліч святочнага богаслужэння, звернуты да нас.

Як Прасвятая Дзева дала Сыну Божаму Сваю Прачыстую плоць, так і ў кожным з нас павінен нарадзіцца Хрыстос, падобна да таго, як Ён нарадзіўся ў Віфлеемскай пячоры. Паводле слова прападобнага Сімяона Новага Багаслова, «у будучым жыцці хрысціянін... будзе пільна выпрабоўвацца, ці меў ён такое падабенства да Хрыста, як сын – да бацькі».

Гэтае новае нараджэнне, уваходжанне ў паўнату Бажэственнага жыцця здабываецца праз удзел у царкоўных Таінствах, якія даюць нам магчымасць ужо тут, на зямлі, далучацца да благадаці Божай, якая спасае і асвячае. І калі неабходнасць Хрышчэння часцей за ўсё людзі прызнаюць, то пра іншыя Таінствы, асабліва Таінства Бажэственнай Еўхарыстыі, Прычасця, часта многія забываюць.

Але еднасць з Хрыстом не можа быць толькі на словах, яна павінна быць жывой і рэальнай. Мы молімся Айцу нашаму Нябеснаму: «Хлеб наш надзённы дай нам сёння». І Гасподзь наш Іісус Хрыстос раскрывае сапраўдны сэнс гэтых слоў: «Я – хлеб жывы, які сышоў з неба; хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечнаі хлеб, які Я дам, ёсць Плоць Мая, якую Я аддам за жыццё свету» (Ін. 6:51). А гэта азначае, што ўдзел у Бажэственнай Літургіі, на якой мы прычашчаемся Цела і Крыві Хрыстовых, неабходны дзеля паўнаты жыцця з Богам і дзеля нашага спасення.

Аднак будзем таксама памятаць, што без багаўгоднага і дабрадзейнага жыцця ўдзел у Таінствах не прынясе неабходных пладоў. «Дастойны Бога той, хто просты, праўдзівы, лагодны, добры, спагадлівы, міласэрны, міласцівы, добрасардэчны, цярплівы, пакорлівы, чалавекалюбны»,  вучыць нас прападобны Сімяон Новы Багаслоў. І калі мы спалучым любоў да богаслужэння з выкананнем Бажэственных запаведзяў, то кожны з нас зможа стаць пячорай, у якой народзіцца Хрыстос і храмам, у якім будзе жыць Дух Божы.

Дарагія ў Госпадзе айцы, браты і сёстры! Сардэчна віншуючы вас з Ражджаством Хрыстовым і Навалеццем, жадаю, каб кожны дзень вашага жыцця быў асвячоны міласцю Божай, каб вашымі ўчынкамі кіравала дзейная любоў да Бога і бліжніх, а думкі натхняліся спасіцельнымі разважаннямі пра вялікія справы, якія Гасподзь здзейсніў дзеля нашага спасення. Няхай радасць у Богадзіцятку Хрысце, Які нарадзіўся ў Віфлееме, заўсёды напаўняе вашы сэрцы, а Яго благаславенне няхай будзе ва ўсіх сем’ях, народзе нашым і беражонай Богам нашай Айчыне!

+ ВЕНІЯМІН,

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Ражджаство Хрыстова

2024/2025

горад Мінск

Фото
Image