Анонс событий благочиния

Ражджаство Хрыстова 2024/2025:Пасланне да Ражджаства Хрыстовага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла

Дата события

Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы, багалюбныя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!

Узносячы хвалу ў Троіцы славімаму Богу і падзяляючы з усімі вамі радасць сённяшняй урачыстасці, звяртаюся да вас, праваслаўных сыноў і дачок нашай Царквы, якія пражываюць як у Расіі, так і ў іншых краінах пастырскай адказнасці Маскоўскага Патрыярхата, і сардэчна віншую са святам Ражджаства Хрыстовага — святам увасобленай любові Тварца да Свайго стварэння, святам здзяйснення абяцання аб прышэсці на зямлю Сына Божага, святам надзеі на спасенне і вечнае жыццё.

Вялікі і славуты цуд здзейсніўся сёння: Дзева нараджае і ўлонне не пашкоджана: Слова ўцялесніваецца і ад Айца не адлучаецца. Ангелы з пастухамі спяваюць славу, і мы з імі ўсклікаем: слава ў вышніх Богу і на зямлі мір (сціхіра свята). Такімі словамі Царква Хрыстова сведчыць пра таямнічую падзею, якая адбылася звыш двух тысячагоддзяў таму ў Віфлеемскай пячоры і перамяніла ўвесь далейшы ход сусветнай гісторыі. Са здзіўленнем і глыбокай пашанай мы схіляем калені нашых сэрцаў перад гэтай недаступнай чалавечаму розуму таямніцай Божай задумы аб спасенні. З падзякай прымаючы гэты ахвярны дар Тварца і Прамысліцеля, Які пажадаў здзейсніць гэта дзеля нас, мы вызнаём благадаць, прапаведуем міласэрнасць, не ўтойваем дабрадзеянняў (малітва вялікай агіясмы).

Што ж нам, хрысціянам XXI стагоддзя, неабходна рабіць, каб далучыцца да гэтага сапраўды неацэннага дабрадзеяння Божага і ўдастоіцца Яго Царства, угатаванага ад стварэння свету (Мф. 25, 34)?

Усё, што мы можам і павінны зрабіць у сваім жыцці, — адказаць на Яго любоў узаемнасцю. А гэта азначае — верыць і цалкам давяраць Богу, выконваць евангельскія запаведзі, ўхіляцца ад зла і рабіць дабро (Пс. 33, 15), быць, па закліку Спасіцеля, святлом свету і соллю зямлі (Мф. 5, 13-14).

Будучы надзеленым свабоднай воляй і неад’емным правам выбару, любы чалавек можа або прыняць Хрыста, або адвергнуць Яго, быць на баку святла — або пагрузіцца ў цемру граху, жыць паводле сумлення — або паводле стыхій свету(Кал.2,8), праз добрыя справы ствараць у сэрцы сваім рай—або, наадварот, робячы зло, ужо тут на зямлі цярпець пякельныя мукі. Інакш кажучы, кожны з нас закліканы да радасці і паўнаты жыцця, або па-просту —да шчасця, а яно,гэта важна ўсведамляць і разумець,немагчыма без Бога,бо Ён — крыніца жыцця і ўсякага дабра, Ён — Тварэц і Прамысліцель, Ён — любячы Айцец, наш клапатлівы Памочнік і Абаронца. Валодаючы свабоднай воляй, чалавек можа выбраць жыццё і дасягнуць падабенства Богу, але ён таксама вольны і ў выбары для сябе іншага, бязбожнага і безблагадатнага жыцця, якое вядзе да пагібелі.

Вось чаму Гасподзь, Які стварыў нас, усё ж не спасае нас без нашага ўдзелу. У спалучэнні волі Божай, добрай і дасканалай (Рым. 12, 2), з воляй чалавечай, няхай недасканалай, але якая імкнецца да дабра, — залог нашага паспяховага праходжання зямнога шляху. У канчатковым выніку, вечны лёс кожнага чалавека з’яўляецца працягам таго духоўнага стану, які быў уласцівы яму ў зямным жыцці.

Памятаючы пра гэта, будзем, паводле слова Апостала Паўла, імкнуцца ўзрошчваць у сабе любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, добрасць, міласэрнасць, веру, лагоднасць, устрыманасць (Гал. 5, 22-23) і іншыя дары Духу. Будзем рабіць усё магчымае, каб нам заставацца хрысціянамі не толькі паводле назвы, але і паводле ладу жыцця, па адносінах да родных і блізкіх, да супрацоўнікаў і таварышаў па службе, да кожнага чалавека, які мае патрэбу ў нашай дапамозе і саўдзеле, спагадзе і падтрымцы.

Ва ўсе дні, а найперш у гэтае вялікае свята, мы пакліканы старанна маліцца за мір ўсяго свету і добры стан святых Божых Цэркваў, за хворых, тых, што пакутуюць, паланёных і за спасенне іх. Значнасць гэтых прашэнняў цяпер вельмі актуальная, бо сілы зла, якія хочуць войнаў і раздзяленняў, апалчыліся на Праваслаўе. Яны сеюць варожасць і нянавісць, выкарыстоўваюць любыя сродкі для здзяйснення сваіх каварных задум. Але мы верым і спадзяёмся, што сілай Божай усе нямоглыя напады дэманаў і іх памагатых будуць пасаромлены.Так было нераз у мінулым, так будзе і цяпер. Шматвяковы вопыт Царквы пераконвае нас у гэтым.

Асаблівую падзяку выказваю ўсім, хто, здзяйсняючы цяпер пастырскае служэнне ў межах Украіны, часам з рызыкай для жыцця і здароўя працягвае захоўваць вернасць кананічнаму Праваслаўю, хто бязбоязна ідзе па шляху веравызнання,пераносіць знявагі і пакуты за Хрыста і за Царкву. Такім мужным абаронцам і захавальнікам Ісціны няхай дапаможа Гасподзь у выпрабаваннях і няхай пакуты іх залічыць за праведнасць.

Нягледзячы ні на што, духоўна мы адзіныя. Мы адзіныя, бо выйшлі з адзінай хрысцільнай купелі. Мы адзіныя, бо сукупна яўляем паўнату Адзінай, Святой Саборнай і Апостальскай Царквы. Мы адзіныя, бо з’яднаны непарыўнай повяззю любові ў Хрысце. Мы адзіныя, бо нязменныя словы Спасіцеля: «Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку» (Мф. 28, 20). Таму нам, хрысціянам, няма каго і няма чаго баяцца,пра што і нагадвае апостал Павел, усклікаючы:«Калі Бог за нас, то хто супраць нас?» (Рым. 8, 31). Натхняючыся гэтым абяцаннем, мы жывём і здзяйсняем, змагаемся і перамагаем іменем Гасподнім, бо, як піша святы апостал Пётр, «няма пад небам іншага імя, дадзенага людзям, праз якое належыць нам спасціся» (Дзеян. 4, 12). Не было, няма і не будзе, — сведчыць Царква.

З часу прышэсця на зямлю Госпада і дасёння ўсім веруючым у Яго даравана магчымасць быць дзецьмі Айца Нябеснага, бо, як сцвярджае святы апостал Павел, цяпер мы свае, а не чужыя Богу (Эф. 2, 19). І гэта азначае, што ўсе мы — Яго дзеці, а ў Ім і праз Яго — родныя і блізкія адзін аднаму.

У богаслужэннях і свяшчэннадзействах Царквы, якая з’яўляецца месцам сустрэчы чалавека са сваім Тварцом, нам прыадчыняецца заслона вечнасці і ўжо тут, на зямлі, даецца прадчуванне будучай паўнаты быцця, калі, паводле слова Свяшчэннага Пісання будзе Бог усё ва ўсіх (1 Кар. 15, 28), калі ніхто і нішто незможа адлучыць нас ад любові Божай (Рым. 8, 39), ад радасці зносін з Ім, калі ўтрэ Бог кожную слязу з вачэй чалавечых, і смерці ўжо не будзе, бо ранейшае мінула (Адкр. 21, 4).

Абвяшчаючы людзям добрую вестку аб прыходзе ў свет Спасіцеля, Царква, як дзеталюбная маці, усіх заклікае ўвераваць у Хрыста і жыць па Яго запавету, каб стаць спадкаемцамі вечнага блажэнства. Сапраўды Гасподзь прыйшоў на зямлю, каб нас узвесці на неба. Ён нязменна прапануе людзям ісці шляхам духоўна-маральнага перамянення, якое дасягаецца выкананнем евангельскіх запаведзяў, добраахвотным супрацоўніцтвам чалавека і Бога, садзеяннем Яго благадаці, якая пасылаецца праз Таінствы Царквы.

І калі ва ўзаемаадносінах з людзьмі, у паўсядзённых справах і клопатах мы навучымся кіравацца Божымі ўстанаўленнямі, то многае пераменіцца не толькі ў нас, але і вакол нас: жыццё набудзе сапраўдны сэнс, напоўніцца сапраўднай радасцю і шчасцем.

Дык будзем жа вартымі хрысціянскага звання і паклікання. Будзем ісці па жыццёвым шляху з цвёрдай верай і непахіснай надзеяй на дапамогу звыш, радуючыся кожнаму новаму дню і новай магчымасці рабіць добрыя справы, любячы бліжніх і дзякуючы заўжды за ўсё Богу (Эф. 5, 20), Яму ж належыць уся слава, гонар і пакланенне на векі вякоў. Амінь.

Са святам усіх вас, мае дарагія, з Ражджаством Хрыстовым!

ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ

Ражджаство Хрыстова

2024/2025 года г. Масква

Фото
Image