Узлюбленыя ў Хрысце архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя сыны і дочкі Беларускай Праваслаўнай Царквы!
Духоўнай радасцю напоўнены сёння нашы сэрцы, урачыстыя песнапенні гучаць у Божых храмах, ва ўсіх канцах зямлі славяць Богадзіця Хрыста, Які нарадзіўся. І ўсе мы сёння ўсклікаем услед за вялікім тайнаведцам прарокам Ісаіем: «Радуйцеся, нябёсы, і весяліся, зямля, і ўсклікайце, горы, ад радасці; бо суцешыў Гасподзь народ Свой» (Іс. 49, 13).
У гэтае спасіцельнае свята мы разам з мудрацамі пакланяемся Госпаду, славім Яго разам з пастухамі і лікуем разам з ангеламі, бо «…нарадзіўся вам сёння... Спасіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь» (Лк. 2, 11).
Ражджаство Хрыстова глыбей за многія кнігі і мудрыя настаўленні раскрывае нам вялікую таямніцу быцця Божага і Яго адносінаў да чалавека, выказаную ў словах апостала Іаана Багаслова: «Бог — гэта любоў» (1 Ін. 4, 16).
У пакутах, хваробах і смерці знаходзіўся чалавек, і ўсё гэта было вынікам яго грэхападзення, ганарлівай перакананасці ў тым, што магчыма ўладкавацца ў гэтым свеце без благадатнай дапамогі Тварца.
Аднак Бог не пакідае Свайго тварэння. І чалавеку не толькі вяртаецца ранейшая годнасць — ён атрымлівае нешта вышэйшае, бо, паводле слова свяціцеля Грыгорыя Паламы, «Гасподзь прыйшоў не толькі абнавіць і адрадзіць, але даць яшчэ больш».
І гэтае абнаўленне пачынаецца праз таямніцу Бажэственнага ўцялеснення, праз злучэнне Божай і чалавечай прыроды ў Госпадзе нашым Іісусе Хрысце. Як сведчыць свяціцель Кірыл Александрыйскі, «Ён, будучы Богам па прыродзе, стаў дзеля нас чалавекам і не адступіў ад таго, чым Ён быў».
Пасля нараджэння Спасіцеля, пасля таго як «Сын Божы стаў сынам Дзевы», мы маем вялікую адвагу і вялікі дар звяртацца да Бога як да Свайго нябеснага Айца, а не толькі як да Стваральніка і Тварца. «Вялікае ж таінства гэтай ахвяры і гэты дар перавысіў усе іншыя дары, бо абвяшчае Бог чалавека сынам, а чалавек называе Бога Айцом», — як сведчыць свяціцель Леў Вялікі.
Гасподзь дзейнічае як мудры лекар, выкарыстоўваючы для ацалення нашых немачаў і хвароб адпаведныя лекі і аднаўляючы ў нас першародную прыгажосць і годнасць. Богапакінутасць ацаляецца Богаўцялесненнем, варожасць і злосць — любоўю, ганарлівасць і высакамернасць — лагоднасцю.
Іісус Хрыстос прыйшоў у гэты свет як Дзіця, а не як грозны ўладар, Ён нарадзіўся ў простай пячоры, а не ў царскім палацы, быў пакладзены ў яслі для жывёл, а не ў багата аздобленых харомах, каб паказаць нам Сваю пакору і прыхіліць да Сябе «ўсіх струджаных і абцяжараных» (Мф. 1, 28).
Такімі абставінамі Свайго Нараджэння Гасподзь і нам паказаў шлях, які вядзе да паўнаты зносін з Богам. Як вучыў падзвіжнік сучаснасці архімандрыт Іаан Красцьянкін, «чалавечае сэрца за імгненне свайго жыцця павінна таксама стаць падабенствам Віфлеемскай пячоры, дзе нараджаецца, узрастае, жыве і царствуе Хрыстос — Бог і Чалавек».
Кожны з нас павінен ісці не шляхам самалюбства, абыякавасці і ганарлівасці, а дабрадатным шляхам пакоры, міласэрнасці і ўважлівасці да бліжніх. Менавіта гэтага так не хапае сучаснаму свету, і толькі дзейсная любоў здольная надаць сілу нашай веры і пропаведзі аб Спасіцелі, Які нарадзіўся ў свет.
Святыя айцы і падзвіжнікі набожнасці са старажытных часоў і да нашых дзён аднадушна заклікаюць праслаўляць Ражджаство Хрыстова не толькі ў малітвах на богаслужэнні і святочных урачыстасцях, але ў першую чаргу богаўгодным жыццём і справамі міласэрнасці.
У гэтыя святыя дні асабліва выразна ўсведамляецца, што дары Усяшчодрага Спасіцеля не памяншаюцца, а благадатна памнажаюцца ў душах тых, хто дзеліцца імі з іншымі людзьмі. Будзем жа радавацца вялікаму святу Ражджаства Хрыстовага і несці гэтую радасць усім нашым блізкім і ўсім, хто паводле Промыслу Божага сустрэнецца на шляхах нашага жыцця. Бо паводле слова свяціцеля Ціхана Задонскага, «радасці без любові не бывае, і дзе любоў, там і радасць».
Няхай жа гэтая благадатная радасць заўсёды напаўняе нашы сэрцы, робячы іх тымі свяцільнікамі, якія, успрыняўшы святло ад Віфлеемскай зоркі, няспынна сведчаць пра Хрыста і Яго любоў да кожнага чалавека.
Жадаю вам, дарагія, у новым годзе добрага здароўя і ўсемагутнай дапамогі ад Госпада, Богам беражонай краіне нашай — дабрабыту і росквіту, міру ва ўсім свеце, сем'ям — любові і згоды. Няхай будзе благаславенне Божае і заступніцтва Прасвятой Багародзіцы з усімі намі!
+ ВЕНІЯМІН,
МІТРАПАЛІТ МІНСКІ І ЗАСЛАЎСКІ,
ПАТРЫЯРШЫ ЭКЗАРХ УСЯЕ БЕЛАРУСІ
Ражджаство Хрыстова
2025/2026 г.
Мінск