Узлюбленыя ў Хрысце архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя сыны і дочкі Беларускай Праваслаўнай Царквы!
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!
З малітоўнай радасцю віншую Вас са Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем!
Мінулі дні Вялікага посту, здзейсніліся падзеі Страснога тыдня і мы зноў стаім перад пустой грабніцай Спасіцеля, якая яшчэ нядаўна змяшчала Яго прачыстае цела, і чуем словы ангела: «Не бойцеся, бо ведаю, што вы шукаеце Іісуса распятага; Яго няма тут — Ён уваскрэс!» (Мф. 28–6).
«Радуйцеся!» (Мф. 28, 9) — звяртаецца Уваскрэслы Гасподзь да Жанчын-Міраносіц; «заўсёды радуйцеся», — запаведуе Яго вялікі служыцель апостал Павел (1 Фес. 5, 16).
Што б ні адбывалася ў свеце, для нас, хрысціян, ёсць адна найважнейшая навіна, якая гучыць дамінантай сёння і ва ўсе дні, яна ўпраўляе нашым жыццём, кіруе нашымі ўчынкамі, вызначае лад мыслення і радасцю напаўняе нашы сэрцы. «Хрыстос Уваскрэс!» — вось тыя словы, з якімі Царква ўжо дзве тысячы гадоў звяртаецца да кожнага, хто шукае адказы на галоўныя пытанні чалавечага быцця, хто шукае радасць зносін з Богам.
«Мужайцеся: Я перамог свет» (Ін. 16, 33), — для ўсіх людзей і на ўсе часы абвяшчае нам Гасподзь Іісус Хрыстос. Таму ў жыцці хрысціяніна заўсёды ёсць падставы для ўдзячнасці і радасці: «бо паўстаў Хрыстос — радасць вечная» (трапар 1-й песні Пасхальнага канона).
Сучасны падзвіжнік набожнасці архімандрыт Еміліян (Вафідзіс) гаворыць: «Божая воля ў тым, каб мы радаваліся, захоўвалі ў сэрцы мір, каб узносілі Яму хвалу з лікаваннем і любоўю. І не для сябе Бог жадае гэтага.., але толькі дзеля нас, дзеля нашага дабра».
Разам з тым наша духоўнае лікаванне павінна суправаджацца ўдзячнасцю Богу, каб у нашай радасці мы ніколі не забывалі Крыніцу Радасці. Бо менавіта ў забыцці Бога, Яго запаведзяў і духоўных законаў караніцца галоўная прычына чалавечага смутку.
«Не бойцеся, але радуйцеся!» Вось ужо больш за дзве тысячы гадоў гучыць гэты заклік. І сёння ён звернуты да кожнага з нас. Сучасны свет усё больш пагружаецца ў вадаварот ваенна-палітычных канфліктаў, сацыяльна-эканамічнага разладу, прыродных катаклізмаў, і часам здаецца, што мы стаім на парозе ажыццяўлення прароцтваў пра канец свету.
Пры гэтым сучасная інфармацыйная прастора, напоўненая бясконцым патокам трагічных навін і чутак, толькі ўзмацняе напружанне і трывогу ў свеце.
Таму так важна памятаць словы Спасіцеля: «Калі ж пачуеце пра войны і чуткі аб войнах, не жахайцеся, бо павінна так быць, але гэта яшчэ не канец» (Мк. 13, 7).
У гэтыя неспакойныя часы мы павінны быць асабліва засяроджанымі, уважліва ставіцца да свайго духоўнага жыцця, да тых адносін, якія ў нас складваюцца з бліжнімі ў сям’і, на працоўным месцы, у грамадстве. Не варта думаць, што ад нас не залежыць зыход той бітвы, якая адбываецца ў гэтым свеце. Наша душа — вось тое галоўнае месца, дзе мы змагаемся з грахом і злом, у якім мы з дапамогай Божай будуем храм, дзе будзе царстваваць Хрыстос.
Кожны дзень нашага жыцця няхай пачынаецца з малітвы, са звароту да Бога за благаслаўленнем і дапамогай. Бо Гасподзь дапамагае таму, хто жадае гэтай дапамогі, умацоўвае тых, хто шукае ўмацавання, ачышчае тую душу, якая сама шукае маральнай і духоўнай чысціні, напаўняе яе Пасхальнай радасцю.
Будзем жа, дарагія, сёння і ва ўсе дні жыцця нашага радавацца Хрыстоваму Уваскрасенню, будзем напаўняцца духоўным лікаваннем і ўдзячнасцю Богу. І няхай кожны з нас нясе гэтую радасць аб Уваскрэслым Хрысце ў свае сем’і, працоўныя калектывы, да ўсіх людзей! Няхай Пасхальная радасць абвяшчаецца на нашай зямлі і на ўсякім месцы, куды прывядзе нас Гасподзь. Напоўнім дзейснай любоўю да Бога і бліжніх сваё жыццё, каб кожны наш учынак і кожнае слова былі сведчаннем веры ў нашага Спасіцеля і надзеі на Яго ўсемагутную дапамогу.
Хрыстос Уваскрэс!
+ВЕНІЯМІН,
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Пасха Хрыстова, 2026
горад Мінск