Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы, багалюбныя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!
Гэтымі жыццесцвярджальнымі і напоўненымі найвялікшай духоўнай сілы словамі сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з вялікім і светланосным Святам Пасхі.
Царкоўная традыцыя невыпадкова называе гэты дзень святам святаў і ўрачыстасцю з урачыстасцяў, бо Уваскрасенне Хрыстова — моцная аснова нашай веры і надзеі. У ім ператварэнне і абнаўленне кожнага чалавека, святло вечнага жыцця і крыніца непераходзячай радасці. Уваскрасенне Хрыстова знішчыла самых страшных ворагаў роду чалавечага — грэх і смерць, разбурыла перашкоду паміж Богам і людзьмі і пазбавіла нас ад улады зла.
Праслаўляючы Уваскрасенне Спасіцеля, свяціцель Мікалай Сербскі пісаў, што «перамога Хрыстова ёсць адзіная перамога, якой могуць радавацца ўсе чалавечыя істоты, ад першароднай і да апошняй. Усякая іншая перамога на зямлі раздзяляла і раздзяляе людзей… Але толькі Хрыстова перамога — як сонца, якое вылівае светлыя праменні на ўсіх тых, хто стаіць пад ім» (Гутаркі. Евангелле пра Пераможцу смерці).
Гэта азначае, што кожнаму чалавеку, які імкнецца да спасення, хто веруе і ідзе ўслед за Хрыстом, даравана магчымасць атрымаць перамогу над грахом і стаць, паводле слова апостала і евангеліста Іаана, узлюбленым дзіцём Божым (1 Ін. 3:1).
Мы святкуем Пасху, не як пераход з адной зямлі ў другую, няхай і Запаветную, як святкавалі старажытныя яўрэі сваю старазапаветную пасху, радуючыся вызваленню са шматгадовага егіпецкага палону. Наша Пасха пра іншае. Гасподзь вызваліў нас ад цемры і ценю смерці (Лк. 1:79) і дараваў нам Нябеснае Царства.
«На святло свабоды вывеў Хрыстос маркотных нявольнікаў — да вышыняў горных Раю ўзвёў Ён іх, лікуючы» (гімн XXXVIII), — гэтыя натхнёныя радкі прападобнага Яфрэма Сірына выказваюць глыбокае перажыванне пасхальнай таямніцы — таямніцы выратавання чалавека ад уздзеяння на яго зла. Зло не знікла, але чалавек атрамаў магчымасць сілай благадаці Божай змагацца са злом і перамагаць яго праз пакаянне, малітву і далучэнне да Цела і Крыві Спасіцеля ў Таінстве Святой Еўхарыстыі. Таму разам з апосталам Паўлам мы сцвярджаем, што Той, Хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашы смяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас (Рым. 8:11).
Пасха Хрыстова азначае пераход ад зямнога тлення да вечнага жыцця з Богам, да адзінства з нашым Тварцом і Адкупіцелем. А таму, радуючыся аб Уваскрэслым дзеля нас Іісусе і з удзячнасцю прымаючы Чашу спасення (Пс. 115:4), у якой Царква дае нам сапраўдную Ежу і Пітво бессмяротнасці — Цела і Кроў Хрыстовы, будзем нястомна і нязмоўкла праслаўляць Госпада справамі любові і міласэрнасці, выяўляючы сябе Яго вернымі вучнямі.
I хоць наша імкненне да дабра і поспех у справе Божай можа часам здавацца сціплай лептай ўдавы (Мк. 12:42), будзем заўсёды мець клопат, каб не слабела ў нас цвёрдасць веры і непахіснасць надзеі, ведаючы, што праца ваша не марная перад Госпадам (1 Кар. 15:58).
Узнясем жа Уваскрэсламу Спасіцелю хвалу і славу, абдымем адзін аднаго з любоўю і падзелімся незгасальнай пасхальнай радасцю з кожным чалавекам, з якім звядзе нас Бог на нашым жыццёвым шляху, словам і справай засведчым, што
САПРАЎДЫ УВАСКРЭС ХРЫСТОС!
+КІРЫЛ,
ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ
Пасха Хрыстова, 2025 год