24 сакавіка ў сярэдняй школе в.Вялікая Ухалода праведзены чарговы вусны часопіс «Благавест». Перад школьнікамі выступіў настаяцель прыхода храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца в. Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна протаіерэй Аляксандр Пачопка.
Ён паведаміў наступнае: «Вельмі важна нам ў нашым жыцці пастаянна быць з Богам. Хутка будзе Пасха, і трэба маліцца, чытаць Святое Пісанне, асабліва Евангелле, пасціць. Усё гэта набліжае нас да Пасхі, да Бога. І сёння на нашай сустрэчы я раскажу вам аб зямным жыцці Госпада нашага Іісуса Хрыста, пра Яго пакуты на крыжы, смерць і ўваскрасенне. Вы многа чулі і чыталі пра Іісуса Хрыста, але трэба напамінаць сабе аб гэтым кожны дзень, каб была ў чалавека з Госпадам сувязь. Вось чаму трэба хадзіць у царкву, маліцца там а таксама дома. І, безумоўна, ведаць зямны шлях Іісуса Хрыста. Таму і на нашай сустрэчы пагаварым аб гэтым». Потым протаіерэй Аляксандр Пачопка давёў да вучняў евангельскае апавяданне пра зямное жыццё Іісуса Хрыста.
Далей бібліятэкар духоўна-асветніцкага цэнтра Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ім. І.Х. Каладзеева Алена Валер'еўна Тарасевіч расказала пра народныя звычаі, звязаныя з Пасхай Хрыстовай, зрабіла агляд кніг, у якіх рускія пісьменнікі звярталіся да пасхальнай тэмы.
Быў паказаны відэафільм «Новы Запавет. Уваскрасенне Іісуса Хрыста». Бібліятэцы школы айцец Аляксандр падарыў кнігу доктара багаслоўя, протаіерэя Ўладзіміра Башкірава (на рускай мове) «Чаю воскресения мертвых и жизни будущего века».
А. Медзяльцоў