Іярэй Аляксандр Агеенка ўдзельнічаў у «Зажынках»

Дата события
Место
г.Борисов

У календары барысаўскіх земляробаў важная падзея: аграрыі рэгіёна адзначаюць свята першага снапа – «Зажынкі». Мерапрыемства сёлета праходзіла на землях філіяла аграрна-жывёлагадоўчай гаспадаркі ААТ «Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік».

На свяце прысутнічала кіраўніцтва раёна на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама Мікалаем Швайбовічам, старшыня Барысаўскага райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Антаніна Котава, дырэктар ААТ «Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік» Дзмітрый Цітавец, кіраўнік філіяла АЖГ завода Вячаслаў Чарнуха і іншыя кіраўнікі гаспадарак раёна, кіраўніцтва сельвыканкама, духавенства.

Ганаровае права падняць сцяг жніва-2024 было прадастаўлена лепшаму камбайнеру гаспадаркі Сяргею Вяршку. Прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

– Таварышы, воіны, якія пачынаюць бітву за ўраджай, – ад імя Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта звярнуўся да галоўных герояў уборачнай кампаніі камбайнераў Мікалай Швайбовіч, адзначыўшы, што добры ўраджай – гэта наша харчовая і нацыянальная бяспека. – Мы павінны памятаць, што нашы продкі не толькі асвятлялі першы сноп і прасілі блаславення ў светароў, але і  казалі «Божа, памажы, а сам не ляжы», «І да Божай дапамогі патрэбна снароўка чалавека», і галоўнае «Хто рана ўстае, таму Бог дае».

Мікалай Дзмітрыевіч падкрэсліў, што традыцыйны беларускі абрад «Зажынкі» – не проста абрад. Гэта адпраўная кропка ва ўборцы ўраджаю.

– Нам трэба якасна і зладжана працаваць, задзейнічаўшы ўсе рэсурсы: арганізацыйныя, тэхналагічныя, ідэалагічныя і маральна-псіхалагічныя. І, як патрабуе кіраўнік дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, галоўнае ў працэсе работы – не крыўдзіць людзей. 

Клірык жаночага манастыра Ксеніі Пецярбуржскай iярэй Аляксандр Агеенка правёў малебен, чын асвячення зерня і тэхнікі.

Жнейкі па традыцыі зжалі першы сноп.

Сайт Борисовской епархии/Адзінства/Таццяна САКОВІЧ, фота Юрыя АБРОСЬКІНА

Фото
Image
Image