Беларускамоўная літургія ў прыходзе Жывапачатнай Троіцы г.Барысава

Дата события
Место
г.Борисов

«Ушанаваў Гасподзь беларускі край святымі, што добра дагадзілі Яму...», — гэтыя словы святочнага трапара нядаўна гучалі ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі. На працягу тысячагадовай гісторыі Праваслаўная Царква нашай айчыны ўзгадавала святых угоднікаў божых, якія ў розныя часы сталі дастойнымі ўдзельнікамі славы Айца нябеснага. Сваім нашчадкам яны пакінулі ў спадчыну неацэнны духоўны вопыт і ўзор высокага служэння. Гэты ўзор вельмі блізкі і даступны, бо дарагія нам людзі — нашы святыя продкі: свяціцелі, мучанікі, прападобныя і праведнікі. Штогод Беларуская Праваслаўная Царква адзначае памяць сваіх верных сыноў і дачок. Сапраўды, вялікай міласцю божай з’яўляецца для нашага народа праслаўленне святых, якія праходзілі подзвіг служэнне Госпаду на Беларусі. Праз малітвы да іх людзям адкрываецца шлях пакаяння, спасення і вечнага жыцця. А зараз надзвычай важна ўсведамляць малітвенную еднасць і цесную сувязь вернікаў са святымі божымі. Для кожнага з беларускіх святых прызначены асобны дзень памяці, а ў трэцюю нядзелю пасля Пяцідзесятніцы адзначаецца святкаванне сабора беларускіх святых, устаноўленае 3-га красавіка 1984 года пры ўдзеле мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. 25 чэрвеня ў Барысаўскай епархіі ў дзень памяці сабора беларускіх святых у Богаяўленскім храме прыхода Святой Жывапачатнай Троіцы ўпершыню была адслужана літургія на беларускай мове. У літургіі прынялі ўдзел: кіраўнік маладзёжнага аддзела Барысаўскай епархіі протадыякан Сергій Кярко і ўдзельнікі праваслаўнага маладзёжнага брацтва г. Барысава. Былі выкарыстаны беларускамоўныя богаслужбовыя тэксты Свята-Петрапаўлаўскага сабора г. Мінска, дзе ўжо даўно існуе практыка адправы службы на беларускай мове. Служба вельмі ўразіла вернікаў. Беларуская мова надала гэтаму ўваскрэснаму дню асаблівую сімвалічнасць. Мы спадзяемся, што практыка службы па-беларуску будзе працягвацца ў нашым прыходзе і далей. Усе святыя беларускай зямлі, маліце Бога за нас!

Па матэрыялах сайта borisoveparhia.by

Фото
Image
Image
Image
Image