Беларускі друкар, мастак, гравёр — Пётр Цімафеевіч Мсціславец (да года кнігі ў Рэспубліцы Беларусь)

Беларускі друкар, мастак, гравёр — Пётр Цімафеевіч Мсціславец


Паходжанне

Пётр Цімафеевіч Мсціславец — адзін з вядомейшых усходнеславянскіх першадрукароў, гравёр 16 ст. Прадоўжыў друкарскую справу пасля Францыска Скарыны на тэрыторыі Беларусі, з’яўляецца адным з заснавальнікаў друкавання кніг у Маскоўскай Русі і на Украіне.

Пётр па прозвішчу Мсціславец нарадзіўся ў купецкай сям’і Цімафея і Еўдакіі, дзе апроч яго было яшчэ двое дзяцей, недзе ў першай чвэрці 16 ст.у Мсціславе на Магілёўшчыне. Адукацыю атрымаў у межах Мсціслава ў Пустынскім або Тупічаўскім праваслаўных манастырах. Працоўныя навыкі набыў на радзіме.

3 друкаванай кнігай i друкарскай справай пазнаёміўся ў роднай Беларусі, дзе яшчэ раней працаваў i выдаваў кнігі беларускі гуманіст i першадрукар Францыск Скарына.

Верагодна, Мсціславец быў знаёмы i з кнігамі, выдадзенымі кірыліцай у Кракаве Ш.Фіёлем.
Пасля смерці бацькі, стрыечны брат маці — майстар-будаўнік Васіль ўзяў Пятра да сябе вучнем. Магчыма, разам з дзядзькам Пётр трапіў у Маскву.Там ён пазнаёміўся з Іванам Фёдаравым і пачалася сумесная праца. Па даручэнню цара Івана 4 Грознага i мітрапаліта Макарыя яны стварылі друкарню

Дзейнасць у Маскве

Мсціславец і Фёдараў добра ведалі выданні Францыска Скарыны і Сымона Буднага. У выніку ўдалага сінтэзу мастацка-выдавецкіх традыцый былі створаны арыгінальныя высокамастацкія творы кнігадруку, якія, несумнена, паўплывалі на ўсё дальнейшае беларускае і украінскае кірыліцкае (часткова і лаціна-польскае) кнігадрукаванне.

Разам з Іванам Фёдаравым Пётр выдаў у Маскве «Апостал» — першую датаваную рускую друкаваную кнігу (1564), два выданні «Часоўніка» (1565). У пасляслоўях да маскоўскіх выданняў «Апостала» (1564) і двух выданняў «Часоўнікаў» (1565) ён упамінаецца як «клеврет» (таварыш, паплечнік) Фёдарава.

У 1566 г. з-за ганенняў Петр Мсціславец і Іван Фёдараў пакінулі Маскву і пераехалі ў ВКЛ, у мястэчка Заблудава Гродзенскага павета (цяпер тэрыторыя Польшчы).

У Заблудаве

Заблудаў належыў гетману Вялікага княства Літоўскага Рыгору Хадкевічу. У Заблудаве майстры арганізавлі друкарню і выдавецкую справу.

Шрыфты, гравіраваныя дошкі заставак, канцовак і буквіц, нескладаны інструмент былі прывезены з Масквы, друкарскі станок зрабілі на месцы.

Рыгор Хадкевіч дапамог ім заснаваць Заблудаўскую друкарню і выдаць «Евангелле вучыцельнае» (1569) і «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570).

У двух маскоўскіх выданнях («Апостал» i «Часоўнік») i ў заблудаўскім «Евангеллі вучыцельным» прозвішчы кнігадрукароў Фёдарава i Мсціслаўца стаяць побач як выканаўцаў гэтай складанай справы — выдання духоўных кніг, што распаўсюджвалі дабрачыннасць, асвету, хрысціянскую мараль, чалавечую годнасць. У прадмовах i пасляслоўях друкары прасілі ў чытачоў прабачэння за магчымыя памылкі i недахопы ў выдадзеных імі кнігах.

Кнігавыдавецкая дзейнасць Мсціслаўца i Фёдарава набыла шырокую вядомасць на землях Вялікага княства Літоўскага i за яго межамі.

Калі віленскія купцы Мамонічы вырашылі распачаць выданне кніг, яны запрасілі Мсціслаўца ў Вільню для заснавання тут друкарні. У вялікім горадзе было больш магчымасцей для стварэння лепшай друкарні i пашырэння друкаваных кніг. Гэта акалічнасць, як i тое, што пасля Люблінскай уніі 1569 года Хадкевіч ужо ня мог сваім аўтарытэтам падтрымліваць друкароў праваслаўных кніг, прымусіла Мсціслаўца прыняць гэта запрашэнне.

У Вільні

Летам 1569 года Петр Мсціславец пакінуў Івана Фёдарава і пераехаў у Вільна, дзе і заснаваў там буйную друкарню, абсталяванную на сродкі праваслаўных купцоў Кузьмы і Лукі Мамонічаў.

Дапамогу ў гэтай справе Пятру Мсціслаўцу аказалі і багатыя гараджане Іван і Зіновій Зарэцкія
Для друкарні былі зроблены новы шрыфт, дошкі, застаўкі і літары. У віленскай друкарні Мамонічаў Пётр Мсціславец выдаў «Евангелле Напрастольнае» (1575). У гэтай кнізе ён упершыню выкарыстаў шрыфт, падобны да буйнога паўуставу, які ў далейшым капіраваўся пры кожным перавыданні «Евангелля Напрастольнага».

У 1576 годзе выдаў «Псалтыр», які карыстаўся вялікім попытам у ВКЛ і Маскоўскай дзяржаве. Тады ж у віленскай друкарні Мамонічаў Мсціславец выдаў «Часоўнік». Мсціславец у пасляслоўях да віленскага «Евангелля» і «Псалтыра» з удзячнасцю ўзгадвае імёны фундатараў, Зарэцкіх і Мамонічаў, кажучы пра Зарэцкіх, якія здолелі натхніць яго на самастойную працу: «понежа понудили есте нас недостойных выше наглея меры на сие дело»; пра Мамонічаў, якія забяспечылі яго памяшканнем у сваім доме і ўсім «изобильно его довольствовали». Пра сваю працу кажа вельмі сціпла, так, нібыта проста баіцца пакарання ад бога за марнаванне свайго таленту.

Клапоцячыся аб пашырэнні асветы і духоўным развіцці свайго народа, Пётр Мсціславец нават у сваім падборы царкоўных кніг для першапачатковага чытання крочыў услед за Скарынай. І таму невыпадкова, што пасля выдання «Евангелля напрастольнага» ён у 1576 годзе друкуе «Псалтыр», які Скарына лічыў «пачаткам всякое доброе наукы».

«Псалтыр» Пятра Мсціслаўца быў вельмі папулярнай у свой час кнігай. У адной толькі Маскве ён перавыдаваўся 31 раз, вытрамаў 8 выданняў у Кіеве, тройчы выдаваўся ў Чарнігаве, двойчы — у Вільні і Унеўскім манастыры і па аднаму разу — у Магілёве, Львове, Ясах і Куцеіне пад Оршай.
У пасляслоўі да «Псалтыра» адзначана, што ў арганізацыі друкарні прынялі ўдзел дзеячы Вялікага княства Літоўскага І.С. Зарэцкі, яго брат Зянон — член віленскай рады, купцы Кузьма і Лукаш Мамонічы.

Друкарня Мамонічаў выпусціла прыгожа аформленыя кнігі. Іх адметныя рысы — буйны прыгожы шрыфт, застаўкі з расліна-кветкавым арнаментам, чырвоная вязь у пачатку раздзлаў, умелы набор тэксту, разнастайнасць надрадковых літар і інш.

Аднак дзейнасць Пятра Мсціслаўца ў друкарні Мамонічаў працягвалася нядоўга. У 1576 годзе пасля выхаду з друку «Часоўніка» Мсціславец быў вымушаны яе пакінуць.

Мамонічы абмяжоўвалі самастойную дзейнасць кнігадрукара, ставячы перш за ўсё камерцыйныя мэты.

Судовая справа, узбуджаная Мсціслаўцам аб падзеле друкарні, набытай ім, вырашылася не на карысць яго. Усе нераспрададзеныя кнігі перайшлі ва ўласнасць Кузьмы Мамоніча, маёмасць друкарні засталася за Мсціслаўцам.

Верагодна, неўзабаве пасля гэтых абставін Пётр Мсціславец памёр, бо ніякіх звестак аб далейшай яго дзейнасці пасля 1577 года не захавалася.

Творчыя заслугі і гістарычная павага

Пётр Мсціславец быў не толькі адметным кнігадрукаром, але і адмысловым мастаком-гравюрам, якому былі уласцівы асаблівая параднасцю, пышнная гульня вобразаў. У беларускай гравюры канца 16 ст. замацаваўся распрацаваны Пятром Мсціслаўцам арыгінальны стыль. Ён стварыў новы тып кірылаўскай кнігі, развіў кніжную гравюру, ля вытокаў якой стаіць Францыск Скарына. Асаблівасцю ўсіх кніг Пятра Мсціслаўца з’яўляецца буйны прыгожы шрыфт, застаўкі з раслінна-каляровым фонам, чырвоная вязь у пачатку глаў, майстэрскі набор тэкста з добрым выдзяленнем строчак і разнастайнасцю надстрочных літар.

Выданні Мсціслаўца аказалі значны ўплыў на кнігадрукаванне ў Вялікім княстве Літоўскім. Яны распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, у Маскоўскай Русі i адыгралі вялікую ролю ў развіцці асветы. Вядома, што выдадзенае Мсціслаўцам «Евангелле» пазней капіравалі ў друкарнях Мамонічаў i В.Гарабурды i што Віленская Святадухаўская брацкая i Астрожская друкарні выкарыстоўвалі яго друкарскія матэрыялы.

Удзячныя нашчадкі ў знак глыбокай павагі ў 2001 годзе ўстанавілі ў г. Мсціслаўлі помнік друкару асветніку Пятру Мсціслаўцу.

Крыніцы:

  • Гасянкоў, У.Л. Гонар зямлі нашай. Памяць: Гіст.-дакум. хронікі гарадоў Беларусі.М., 1999. c. 35-37.
  • Зернова А. С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Исследования и материалы. Сб. IX. М., «Книга», 1964, с. 77–111.
  • Чаропка, В. Лёсы ў гісторыі. Мінск, 2005.
  • Ялугин Э. В. Иван Федоров и Петр Мстиславец. Иван Федоров и восточнославянское книгопечатание. Минск, 1984. С. 137–145

Аляксандр А. Сакалоўскі

2015 © Сайт Борисовское благочиние. Первый Борисовский церковный округ Борисовская Епархия Белорусская Православная Церковь,

активная cсылка на использованные материалы сайта обязательна, авторские материалы - только с разрешения автора

мнение администрации сайта не всегда совпадает с мнением авторов

электронная почта info@blagobor.by или воспользуйтесь этой страницей для отправки сообщения