Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы, богалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!
Сёння нашы храмы напоўнены людзьмі, якія прыйшлі праславіць Нованароджанае Богадзіця -Хрыста Спасіцеля і Яго Прачыстую Маці — Дзеву Марыю.
Ражджаство Хрыстова — цэнтральная падзея ўсёй чалавечай гісторыі. Чалавек заўсёды шукаў Бога: але ва ўсёй паўнаце Бог Сам адкрыў Сябе чалавецтву толькі ва ўцялесненні Свайго Адзінароднага Сына. 3 прышэсцем Сына Божага — і Сына чалавечага — свет даведаўся, што Бог ёсць Любоў, а не толькі Вышэйшая Сіла, Бог ёсць Міласць — а не толькі Той, Хто справядліва карае, Бог ёсць крыніца жыцця і радасці — а не толькі грозны Суддзя, Бог ёсць Святая Троіца, унутраным законам жыцця Якога з’яўляецца таксама любоў, — а зусім не адзінокі Ўладар свету.
I сёння мы святкуем падзею, якая карэнным чынам перамяніла ўвесь ход чалавечай гісторыі. Бог уваходзіць у самыя нетры чалавечага жыцця, становіцца адным з нас, бярэ на Сябе ўвесь цяжар нашых грахоў, чалавечых немачаў і слабасцяў — прыносіць іх на Галгофу, каб вызваліць людзей ад невыноснага цяжару. Бог з гэтага часу — не дзесьці ў непрыступных нябёсах, а тут, з намі, сярод нас. Кожны раз у час служэння Бажэственнай Літургіі прамаўляюцца словы «Хрыстос пасярод нас!» — і адказ: «I ёсць, і будзе!». Гэта яскравае сведчанне аб прысўтнасці Самога Уцялёсненага Бога — Хрыста Спасіцеля — сярод Сваіх верных. Рэгулярна прычашчаючыся Яго Святых Цела і Крыві, прыкладаючы намаганні да выканання Яго запаведзяў, мы ўваходзім у рэальныя зносіны з Ім, з нашым Спасіцелем, і атрымліваем прабачэнне грахоў.
Веруючыя ў Хрыста і верныя Яму вучні закліканы быць сведкамі яўленага ў Хрысце Царства Божага яшчэ ў час зямнога жыцця. На нас ускладзены вялікі гонар — жыць у гэтым свеце так, як жыў наш Настаўнік і Бог, сілаю Хрыстовай быць непахіснымі ў супрацьстаянні граху і злу, не слабець у руплівым здзяйсненні добрых спраў, не падаць духам у штодзённым намаганні па праабражэнню нашай грахоўнай прыроды ў новага, благадатнага чалавека.
Хрыстом Спасіцелем устаноўлены непарушны, абсалютны крытэрый шчырасці адносін да Бога -гэта наш бліжні. Прымаючы на сябе чужыя немачы, раздзяляючы боль і скруху, спагадаючы няшчасным і бяздольным, мы выконваем закон Хрыстоў (Гал. 6:2) і прыпадабняемся Спасіцелю, Які ўзяў немачы нашы і прыняў на Сябе хваробы нашы (Іс. 53:4).
I немагчыма ў гэты радасны і светланосны дзень Хрыстовага Нараджэння, калі ўсё тварэнне ў здзіўленні прыпадае да ясляў Богадзіцяці, забываць пра іншых. Тая вялікая благадаць, якую мы сёння атрымліваем у нашых храмах, павінна багата праліцца і на тых, хто ўсё яшчэ за межамі Царквы і жыве паводле стыхій свету гэтага, а не паводле Хрыста (Кал. 2:8). Але калі мы з вамі не пойдзем насустрач — гэтая Добрая Вестка можа і не дайсці да іх; калі мы з вамі не адкрыем свае сэрцы, каб падзяліцца перапаўняючай нас радасцю, — яна можа ніколі не дакрануцца да тых, хто яе не мае, але хто гатовы яе прыняць.
Уцялесненнем Сына Божага чалавечая прырода ўзнесена на небывалую вышыню. Кожны з нас не толькі створаны «паводле вобраза і падабенства Божага», але праз Хрыста цяпер яшчэ і ўсыноўлены Богу: мы ўжо не «чужынцы і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога» (Эф. 2:19). Пра гэтую блізкасць і адвагу да Бога гаворыць і малітва Гасподняя, у якой мы звяртаемся да Тварца як да роднага Айца Нябеснага.
Любое чалавечае жыццё бясцэннае: бо ж за яго заплачана Ўцялесненнем, Жыццём, Смерцю і Ўваскрасеннем Адзінароднага Сына Божага. Усё гэта яшчэ больш настойліва патрабуе ад нас з асаблівай паважлівасцю і ўвагай адносіцца да кожнага чалавека, незалежна ад таго, наколькі ён адрозніваецца ад нас. Паводле думкі свяціцеля Маскоўскага Філарэта (Драздова), «любоў ёсць жывы і дзейсны ўдзел у дабрабыце іншага». Да гэтай дзейснай любові і хочацца перш за ўсё заклікаць усіх у гэтыя радасныя дні Ражджаства Хрыстовага: быць, паводле слова апостала Паўла, браталюбнымі адзін да аднаго, з пашанаю служыць адзін аднаму, у руплівасці не спыняцца, духам палымнець, Госпаду служыць! (Рым. 12:10-11, Яўр. 13:16).
Сардэчна віншую Вас з вялікім святам Ражджаства Хрыстовага. Бог любові і міру (2 Кар. 13:11) няхай даруе народу нашаму і кожнаму з нас мір і дабрабыт у Новым годзе.
Кірыл, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі
Ражджаство Хрыстова 2013/2014 г. г. Масква