Першая беларуская граматыка выйшла ў сьвет у 1918 г. і напісаў яе кандыдат філалогіі Петраградcкага Унівэрсітэта Браніслаў Тарашкевіч. Выданьне адбылося ў Вільні ў друкарні М. Кухты пад эгідай Беларускага Камітэту.
Беларуская граматыка
Граматыка мела два выданьні — лацінкаю і кірыліцаю. Граматыка Тарашкевіча пачала новую эпоху ў разьвіцьці беларускай літаратурнай мовы.
«Дагэтуль, — пісаў яе аўтар, — беларуская літаратурная мова разьвівалася толькі паводле сваіх найгалоўнейшых правоў найбольш для яе характэрных і ад каторых яна не адступала.
Шмат якія пытаньні заставаліся без адказу. Ня было аднолькавага правапісу. Нічога дзіўнага. Пакінуўшы даўно парваныя і заняпаўшыя традыцыі старасьвецкае беларушчыны, мова новага пісьменства адразу пачала буйна ўзрастаць з народнага карэньня. А народнае карэньне — яно вельмі багатае. I ня гледзячы на вялікую суцэльнасьць усяе беларускае мовы, яна мае, як і кожная іншая мова, колькі асобных, выразьней азначаных гутарак. Кожная гутарка дабівалася, каб заняць пачэснае мейсца ў нашым пісьменстве. Дзеля гэтага і розныя, часта паміж сабою нязгодныя спосабы пісаньня.
Трэба было часу, каб само жыцьцё паказала, якая гутарка мае найбольш сілы і здатнасьці на тое, каб зрабіцца асновай літаратурнае мовы. Трэба было часу, каб праявіліся ў пісьменстве ўсе, якія толькі ёсць у асобных гутарках, чыста беларускія асобнасьці.
Бяз гэтага не магло быць ніякае хоць больш-меньш закончанае граматыкі, не магло быць і сталага, яснага правапісу. Бо граматыка павінна толькі замацаваць і падраўняць тыя лініі, якія сама мова ўжо назначыла. Мне здаецца, што гэтыя лініі і характэрныя асобнасьці ўжо азначыліся, дзеля чаго я і адважыўся выпусьціць у сьвет беларускую граматыку»
Тарашкевіч палажыў аснову нашай літаратурнай мове, даў ёй граматычнае афармленьне і цьвёрды закончаны правапіс. Бяз гэтай граматычнай нармалізацыі не магла існаваць і разьвівацца літаратурная мова, як без законнага афармленьня ня можа нармальна разьвівацца грамадзянскае жыцьцё.
3 дзесяткаў розных, хоць і блізкіх паміж сабою дыялектаў, на якія падзяляецца беларуская мова, як і мова кожнага іншага народу, Б.Тарашкевіч, як лінгвіст і знаўца беларускай мовы, распазнаў і вызначыў той дыялект, тую гутарку нашай мовы, якая «мае найбольш сілы і здатнасьці на тое, каб зрабіцца асноваю літаратурнае мовы».
Жыццёвы шлях
Аўтар граматыкі Тарашкевіч Браніслаў Адамавіч нарадзіўся 20 студзеня 1892 года ў Мацелішках Віленскага павету ў сялянскай сям’е. Віленскую гімназію закончыў з сярэбраным медалём. У 1916 годзе скончыў гісторыка-філагічны факультэт Петраградcкага ўніверсітэта.
Ён быў знакамітым беларускім нацыянальным дзеячом, філолагам, літаратарам, педагогам. Пераклаў на беларускую мову «Iліяду» Гамера, «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча.
У 1928 годзе быў абраны Акадэмікам Беларускай Акадэміі Навук. 3 1918 года з’яўляўся адным зь лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, выкладаў у Мінскім Беларускім педагагічным інстытуце. У 1919 годзе арыштоўваўся бальшавікамі, пасьля вызваленьня выехаў у Вільню.
Падчас польска-савецкай вайны на педагагічнай працы ў беларускіх навучальных установах. У красавіку-маі 1920 года выяжджаў у Слуцк чытаць лекцыі па беларускай філалогіі на беларускіх настаўніцкіх курсах. 3 канца 1920 года ў Вільні. У студзені 1927 года польскімі ўладамі быў арыштаваны й асуджаны за палітычную й грамадcкую дзейнасць. У 1933 годзе ў выніку абмену палітвязmнямі паміж Польшай і ССС вярнуўся ў Маскву. Працаваў загадчыкам аддзела ў Маскоўскім сельскагаспадарчым інстытуце.
У 1937 годзе быў арыштаваны й расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.
Падыход Тарашкевіча да мовы
Гаворачы пра Тарашкевіча Б.А., нельга напрыканцы не прывесьці яго падыходы да мовы.
«10 Памятак беларускага правапісу» па Тарашкевічу:
- Мяккі знак, як і належыць, пазначае мяккасьць: сьвята, абедзьве, празь мяне, сьцьвердзіць. Пасьля С 3 Ц ДЗ Н ь пішацца перад мяккімі зычнымі, апроч Г К X. Нагадаем: мяккія будуць тыя зычныя, за якімі йдуць І Е Ё Ю Я Ь. СЬвіснуў, але скінуў; раСЬлі, але беларускі.
- Разьдзяляльны мяккі знак пішам пасьля С 3 Н Л перад Е Ё Ю Я, а таксама I, калі яно пад націскам: бязьядзерны, маньяк, зь імі ці бязь іх.
- Доўгія мяккія гукі пішам празь мяккі знак: калосьсе, палозьзе, судзьдзя. Ня тычыцца прыставак на Д: ад-дзел, ад-цеміць.
- Зьбегі зычных пішуцца як чуваць: чэх — чэСкі, Парыж — ПарыСкі, УзбэЦкая й КазаСкая рэспублікі. Пішам як чуваць: еЖДЖу, пяШЧаны. Я сьмяюся — ты сьмяесься.
- У ды І заўсёды скарачаюцца пасьля галосных, калі перад імі няма знаку прыпынку й на іх ня падае націск: на ўскрайне, на ймя, на Йвана.
- Чужаземныя (заходня-эўрапейскія) словы маюць Л мяккае, як у тых мовах, адкуль яны прыйшлі: лямант, акуляры, калёна, плян, клямка, клюб, дэталь.
- 3 гэтае ж прычыны ў чужаземных словах пасьля зычных, акрамя Л і К, пішам Э: пэрыяд, мэтар, праспэкт, газэта. Але — анкета. Увага: пасьля Г і Х можа пісацца Е - хЕўра й хЭўра, гЕнЭрал і гЭнЭрал. У чужаземных словах пасьля 3 С Д Т пішацца й вымаўляецца Ы: сынонім, дыктар, Бразылія. Увага: -зія, -сія, -зійны, -сійны пішацца праз I: калізія, камісійны, сэсія.
- Вымаўляецца й пішацца -ТАР, -ДАР у словах: тэатар, мэтар, літар, кадар, монстар і падобных. Але: 36 кадраў, 5 мэтраў.
- Пасьля У вымаўляецца й пішацца В перад А: у вадзін вагон, у варанжавым сьвятле.
- Е пераходзіць у Я ў першым складзе перад націскам у НЕ і БЕЗ, нават калі яны пішуцца асобна: бяз волі, ня прыйдзеш, але: без ахвоты, невызначальны.
Крыніцы: Б. Тарашкевіч «Беларуская граматыка для школ»
Падрыхтаваў Аляксандр А. Сакалоўскі