Благавешчанне: «Радуйся Благадатная...»

Изображение
Image

Свята Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы належыць да нерухомых святаў у гонар Божай Маці і адзначаецца 25 сакавіка (7 красавіка). Мяркуецца, што свята Благавешчання было заснавана Апосталамі.

Гісторыя Свята

У 3-м стагогодзьдзі яго адзначалі ўжо надзвычай урачыста, а з 4 стагоддзя ў Канстанцінопалі была прынята цяперашняя дата (25 сакавіка па старым стылі). У гэты дзень прынята звяртацца з малітвамі да Багародзіцы як заступніцы перад Богам за людзей.

Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы — было прызначана ў гонар з’яўлення Архангела Гаўрыіла Прасвятой Дзеве Марыі і адзначаецца дакладна за 9 месяцаў да Раства Хрыстовага. Згодна з абяцаннем, якое далі Богу праведныя Іаакім і Ганна — бацькі Марыі, будучая Маці Іісуса ў трохгадовым узросце была ўведзена ў Іерусалімскі храм і стала яго выхаванкай.

У храме Марыя малілася, вывучала Біблію, разам са сваімі аднагодкамі займалася ткацтвам і іншым жаночым рамяством. Хутка Марыі прыспеў час выходзіць замуж. Святарам прагучаў голас з нябёсаў пра тое, што яны павінны знайсці Марыі прыстойнага мужа.

Былі абраны 12 кандыдатаў і іх посахі склалі каля алтара, а раніцай заўважылі, што адзін посах заквітнеў і на ім сядзіць галубка. Гэта быў посах 82 гадовага цесляра Іосіфа. Святары вырашылі, што гэта знак, і абвянчалі Марыю са старцам Іосіфам, і яна перайшла жыць у дом свайго мужа.

Аднойчы, калі яна чытала Біблію, да яе ўвайшоў Архангел Гаўрыіл і сказаў, што на яе сышла Боская благадаць: яна народзіць сына і назаве яго Іісусам.

У момант Благавешчання Прасвятой Багародзіцы Дзева Марыя, адгукаючыся на зварот Бога да людзей, ад імя ўсяго чалавечага роду і дзеля яго збаўлення выказала сваю згоду, без якой Бог не мог прыйсці ў свет і стаць чалавекам.

І калі ў Назарэце архангел Гаўрыіл з’явіўся Божай Маці і прынёс Ёй радасную вестку пра тое, што ад Яе народзіцца Сын Божы, Яна пакорна згадзілася з воляй Творцы.

«Я — служанка Гасподняя, хай станецца паводле слова твайго», — сказала Яна

Гэта быў Яе асабісты адказ на зварот Божы. Але Яна — адна з нас. І таму, як мы праз агульначалавечую салідарнасць і пераемства звязаны з Адамам і здзейсненым ім грахом, так і звязаны мы з Багародзіцаю, словы згоды Якой прагучалі ад імя усяго чалавецтва. Калі б не было Яе станоўчага адказу, не было б і Уцялеснення Сына Божага і Сына Чалавечага.

Багаслоў'е Свята

Без Сваёй Прачыстай Маці і насуперак Яе волі Іісус Хрыстос не змог бы прыйсці ў свет і прынесці яму збаўленне. У святочным набажэнстве падкрэсліваецца пакора Божай Маці і тайна Ўцялесьненьня Сына Божага, недаступная чалавечаму розуму.

Маці Божая прыраўноўваецца да «незгаральнага куста» і драбіны, якую Іосіф бачыў у сне. Гаворыцца таксама, што дзякуючы народзінам Божага Сына зямля зноў аб’ядноўваецца з небам, ажывае Адам, уваскрасае Ева, зноў адноўлена яднанне чалавека з Богам.

«Радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою» (Лк.1:28), — гэта словы Пасланца нябёсаў, звернутыя да Маці Божай, у якіх — сутнасць нашага свята.

З гэтых словаў пачынаецца наша выратаванне — збаўленне роду чалавечага. Гэтыя словы абвяшчаюць свету таямніцу Богаўцялеснення, прыносяць вестку з нябёсаў аб вялікай любові Бога да чалавека.

Сын Божы становіцца Сынам Дзевы. Свяціцель Іаан Златавуст кажа: «Бог — на зямлі, чалавек — на небе. Усё аб’ядналася: ангелы складаюць адзінае цэлае з людзьмі, людзі далучаюцца да ангелаў і іншых нябесных сілаў».

Іісус Хрыстос дзеля нашага збаўлення «павінен быў прыпадобніцца ва ўсіх адносінах да людзей, каб стацца міласэрным і адданым архірэям дзеля ўміласціўлення Бога за грахі людзей»(Яўр.2, 11-18).

Праваслаўная Царква ўшаноўвае Прасвятую Дзеву як найвышэйшую з усіх створаных Богам істотаў, не толькі людзей, але і ангелаў. Як Маці Богачалавека па Яго чалавецтву Яна пераўзыходзіць благадаццю і набліжанасцю да Бога ўсіх іншых істотаў — жыхароў свету зямнога і нябеснага, бачнага і нябачнага. І таму Царква называе Яе «Пачэснейшай за Херувімаў і непараўнальна слаўнейшай за Серафімаў».

Прасвятая Дзева Марыя — самая дасканалая прадстаўніца чалавечага роду, цалкам прысвяціўшая Сваё жыццё Богу.

Чалавечая прырода ў асабе Багародзіцы ў выніку свабоднага Яе асабістага выбару дае згоду паслужыць Уцялесненню Бога. Яна аддае сябе Богу цалкам у непаўторнай асобе канкрэтнага чалавека.

Згода Дзевы Марыі зрабіла магчымай сустрэчу чалавечай волі і волі Божай. Бог прымае нашу чалавечую прыроду, каб яе выправіць і нас жа ацаліць. Бог прыходзіць да нас, каб усіх нас, без выключэння, узняць на неба.

Гэтую радасць і ўзвяшчае архангел Гаўрыіл Дзеве Марыі. Гэта слова радасці пранеслася па ўсёй зямлі. З гэтым словам радасці на вуснах і гарачым пачуццём у сэрцы ішлі апосталы, абвяшчаючы свету жывую евангельскую ісціну. Пачуццё гэтай радасці натхняла многія тысячы святых мучанікаў Царквы і ўсіх падзвіжнікаў веры на іх пакуты і подзвігі.

Здольнасць Багародзіцы даверыцца Богу цалкам, да канца, не з’яўляецца прыроднай здольнасцю, уласцівасцю, атрыманай ад нараджэння, як многія могуць падумаць. Не. Гэтая Яе вера і давер Богу народжаны той любоўю, якой Прасвятая Дзева ўзлюбіла Госпада.

Так, сапраўдная любоў — гэта любоў самаахвярная, якая ўмее пераносіць пакуты і можа цалкам аддаць сябе за іншых; так, як усяго Сябе аддаў за нас Хрыстос.

Ён прыйшоў у свет як Агнец Божы для таго, каб прынесці ў ахвяру Сябе за кожнага чалавека, каб Сваёю Пачэснай Крывёю, пралітай Ім на Жыватворчым Крыжы, амыць грахі чалавецтва. Само прышэсце ў свет Хрыста Збавіцеля — гэта ўвасабленне ахвярнай і высакароднай любві Божай да людзей, бо

«так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ін.3:16).

І добрая вестка архангела Гаўрыіла Дзеве Марыі ёсць пачатак гэтай любові. Сын Божы добраахвотна ідзе на пакуты, смерць і пахаванне, каб даць людзям вечную радасць жыцця. Свята Благавешчання сугучнае самаму Евангеллю. Па-грэцку «евангелле» якраз і азначае ‘радасная вестка’. Таму ў храме ікона Благавешчання заўсёды знаходзіцца ў самым цэнтры — над Царскімі варотамі, якія вядуць з храма ў алтар.

Праз гэтыя вароты людзям выносіцца Пацір — Святая Чаша, з якой мы прычашчаемся: прымаем ў сябе Прачыстае Цела і Пачэсную Кроў Сына Марыі. Прачыстая Маці хадайнічае перад Збавіцелем аб усх верніках царквы..

Ад нас патрабуецца толькі вернасць Богу ў тым, што ў нашых сілах.

На жаль, вопыт нашага жыцця сведчыць, што мы па розных прычынах не гатовыя, а, магчыма, нават і не жадаем адказваць Богу сваёй любоўю. Замест любві, ад якой нараджаецца цярпенне, у нас часцей за ўсё ўзнікае нараканне, незадаволенасць усім і ўсімі. Але свята Благавешчання вучыць нас таму, што хрысціянін за ўсё павінен быць удзячны Богу: і за радасць, і за гора, таму што ўсё, пасланае нам ад Яго, карысна для нас.

Мы павінны з усёй сілай аддаваць Богу сваю ўдзячную любоў, а разам з Ім любіць і ўсіх тых людзей, што знаходзяцца побач з намі. У гэтай любові да Бога, Які перанёс жудасныя пакуты і прыняў смерць за нас, да Яго Прачыстай Маці і да ўсіх людзей — крыніца шчасця і блажэнства як тут, на зямлі, так і там, у будучым жыцці — у Царстве Божым.

Благавешчанне ў народным календары

У народным каляндары Благавешчанне звязана з культам зямлi.

«Да Благавешчання няможна чапаць маткi-зямлi, бо яна прагневаецца ды й не зародзiць»

Народнае ўяўленне прапаведуе таксама культ змяi («На Благавешчанне няможна нiчога з лесу прыносiць, бо ў хаце завядуцца гадзiны i чарвякi») і культ птушак, свята іх прылёту.

Гэта свята называюць святам прылёту буслоў — сімвалаў «зямлі пад белымі крыламі», «берага белых буслоў» — Беларусі.

Шчасце чакае таго чалавека, хто ўбачыць першага прыляцеўшага бусла. Шчасціла нібыта таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць, а не стаіць. А ў таго, каму ён трапіць на вока стоячы, нібы будуць балець ногі.

У гэты дзень забараняецца займацца асабістымі гаспадарчымі работамі.

Са святам звязана шмат бытавых прыкмет:

«Благавешчанне без ластавак — халодная вясна», «Калі пчала не выходзіць з вулля да Благавешчання, то будзе цёплае, ураджайнае лета, а калі пакажацца раней — то благое, беднае»; прымавак: «На Благавешчанне дзеўка касу не пляце, птушка гнязда не ўе»; забаронаў: «У гэты дзень не садзяць на яйкі гусей — інакш будуць калечкі».

Шматвяковыя назіранні над прыроднымі з’явамі ператварыліся ў прыкметы («калі саней не пакінуць за тыдзень перад Благавешчаннем, то яны спатрэбяцца на цэлы тыдзень і пасля Благавешчання» ), па тым, якое было надвор’е, меркавалі пра будучы ўраджай («калі на Благавешчанне дождж, будзе ўраджай на жыта; калі сухое, цёплае надвор’е, лета будзе засушлівае, а восень марозная: калі на Благавешчанне прайшоў снег, будзе мокрае лета» і інш.).

У гэты дзень чакаюць першага грому: «Благавешчанне чакаць, будзе гром грукатаць». Раней на Благавешчанне выконвалі абрад «адпушчэння птушак на волю». Раніцай гараджане куплялі іх у лаўцоў і тут жа выпускалі. Па народнаму павер’ю, Благавешчанне — самае радаснае свята на зямлі і на небе, нават грэшнікаў у гэты дзень у адзе, як і на Пасху, ня мучаюць

Асаблівае значэнне свята сярод вяліпосных дзён бачна і ў тым, што ў гэты дзень дазваляецца есці рыбу, ужываць раслінае масла і віно, нават манахам.

Аляксндр А. Сакалоўскі