Сейчас в благочинии

Ражджаство Хрыстова 2023/2024:Пасланне да Ражджаства Хрыстовага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла

Дата события

Пасланне да Ражджаства Хрыстовага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным сынам і дочкам Рускай Праваслаўнай Царквы

Узлюбленыя ў Госпадзе архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы, багалюбныя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!

Невымоўная любоў Божая сабрала нас сёння, каб у адзінстве духу і саюзе міру (Эф. 4, 3) сустрэць адно з найбольш урачыстых і разам з тым таямнічых святаў Царквы – Ражджаство Госпада нашага Іісуса Хрыста. Праслаўляючы прышэсце ў свет Спасіцеля, сардэчна віншую ўсіх вас, мае дарагія, з гэтай радаснай падзеяй, якая адкрыла новую эпоху ў адносінах паміж Богам і людзьмі.

Кожны раз узіраючыся ў тое, што адбылося два тысячагоддзі таму, мы спрабуем спасцігнуць веліч цуду Богаўцялеснення і не перастаем здзіўляцца добрасці і міласці нашага Стварыцеля. На працягу доўгіх стагоддзяў чалавецтва знемагала ў напружаным чаканні абяцанага Госпадам Прымірыцеля (Быц. 49, 10): Цара праведнага, Які спасае (Зах. 9, 9), на імя Якога будуць спадзявацца народы (Іс. 42, 4). І вось, калі, нарэшце, наступіла паўната часоў, Дзіця нарадзілася нам (Іс. 9, 6), каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае (Ін. 3, 16). Любоў Божая, вышэйшая за пазнанне (Эф. 3, 19), паслала ў свет не хадайніка, не ангела, не моцнага і магутнага правіцеля, як думалі людзі. Сам Бог уцялесніўся, каб вызваліць чалавека ад улады граху і зла.

Але выклікае здзіўленне тое, што найвялікшая ў гісторыі падзея, пра якую абвяшчалі старазапаветныя прарокі і якую прадчувалі нават выдатныя мысліцелі старажытнасці, адбылася так сціпла і знешне непрыкметна. Спаў Віфлеем. Спаў Іерусалім. Спала ўся Іудзея. Гасподзь Уседзяржыцель – Цар цароў і Уладыка сусвету – явіўся свету не пад урачыстыя трубныя гукі (Пс. 150, 3) і ўсеагульнае лікаванне, але пакорліва і ціхмяна, у начной цішыні ўбогай пячоры. Яго апяваў сонм ангелаў і нямногія пастухі, якія прыйшлі паглядзець тое, што адбылося (Лк. 2, 15).

У самым пачатку Свайго зямнога шляху Гасподзь нібы хоча «ў межах прыніжэння паказаць прыклад дабрадзейнасці», – разважае свяціцель Іаан Залатавуст. Так высакародна дзейнічае толькі дасканалая любоў, якая не шукае свайго (1 Кар. 13, 5), не выстаўляе сябе напаказ і не патрабуе пашаны і славы, але гатова пераносіць дзеля карысці блізкіх (бліжніх) усе нястачы і смутак. «Менавіта таму, – працягвае ўсяленскі настаўнік Царквы, – Гасподзь прымае маё цела, каб я ўмясціў Яго Слова, і, прыняўшы маю плоць, дае мне Свайго Духа, каб, і даючы, і прымаючы, перадаць мне скарб жыцця» (Слова на Ражджаство Хрыстова). У гэтым і раскрылася нам шчодрая любоў Божая, бо мы атрымалі сапраўдны скарб жыцця – Самога Госпада, таму што ўсё з Яго, і праз Яго, і дзеля Яго (Рым. 11, 36).

Любоў – сапраўдная прычына і стваральная сіла Божых учынкаў. Ён прывёў да быцця свет і стварыў чалавека, шчодра надзяліўшы яго дарамі. Паводле любові прыйшоў спасці яго, калі той адпаў ад зносін са сваім Тварцом. Паводле вызначэння Стварыцеля ўвесь сэнс чалавечага жыцця заключаецца ў тым, каб і мы любілі адзін аднаго (Ін. 14, 34). Але як гэтага дасягнуць у свеце, дзе столькі зла і нянавісці? Для гэтага перш за ўсё неабходна адкрыць і аддаць сваё сэрца Богу. Толькі Ён можа перамяніць і расшырыць яго так, каб яно, – цяпер такое нямоглае і абмежаванае, – стала здольным умясціць у сабе і бліжніх, і далёкіх, і дабрадзейных, і тых, якія крыўдзяць нас, – усіх тых, каго мы пакліканы любіць паводле запаведзі Хрыстовай, пераймаючы ў дасканаласці нашага Нябеснага Айца (Мф. 5, 48).

Схіляючыся ў малітве перад нованароджаным Богадзіцяткам, падумаем, а які ж дар прапануем Уладыку Сусвету мы? Ці можа быць наогул нешта вартае і суразмернае велічы Прадвечнага Тварца? Так, ёсць такі каштоўны дар, якога больш за ўсё жадае Гасподзь: наша пакорлівае сэрца, якое любіць і мілуе. Будзем жа праслаўляць уцялесненага Хрыста не толькі цудоўнымі песнаспевамі і віншавальнымі словамі, але перш за ўсё – добрымі справамі. Падзелімся светлай радасцю Ражджаства з тымі, хто мае ў гэтым патрэбу, сагрэем нашым клопатам бліжніх, наведаем хворых і абцяжараных смуткам. Суцешым і падтрымаем гаротных, пакрыем малітвай усіх, хто ў роспачы і смутку.

Вялікая выратавальная сіла любові ацаляе ад раўнадушша і зласлівасці, вылечвае ад нянавісці і крыўды. Яна змякчае норавы бязлітасных і выпраўляе многія хібы грамадскіх адносін! Калі будзем дзейнічаць так, то сапраўды выканаем сваё высокае хрысціянскае пакліканне, бо такой праявай любові, паводле слова прападобнага Ісаака Сірына, мы прыпадабняемся Богу (Словы падзвіжніцкія. 48).

Таямніца Богаўцялеснення – гэта таямніца рэальнай прысутнасці Бога ў свеце. Апостал і евангеліст Іаан, які прадбачыў жыццё будучага веку, сведчыць пра ўсяцэлае знаходжанне Госпада з людзьмі: «Ён будзе жыць з імі; яны будуць Яго народам, і Сам Бог будзе з імі, будзе Богам іх» (Адкр. 21, 3). Аднак гэтая невымоўная таямніца прысутнасці Бога пачынае ажыццяўляцца ўжо тут, на зямлі, бо з Ражджаством Спасіцеля споўніўся час і наблізілася Царства Божае (Мк. 1, 15). Мы відавочна ўваходзім у гэтую рэальнасць, утвараючы Адзіную Святую Царкву Хрыстову, праз Якую ўсе мы, мае дарагія, з’яўляемся пасланцамі і прадстаўнікамі гэтага Вышняга Царства любові. Гэтае дзіўнае і глыбокае перажыванне «з намі Бог» складае сутнасць таямнічага, патаемнага жыцця Царквы.

Будзем памятаць пра тое, што, калі Сам Уседзяржыцель – Альфа і Амега, пачатак і канец, першы і апошні (Адкр. 22, 13) – прыняў у Свае абдымкі чалавечую гісторыю і абяцаў застацца з намі ва ўсе дні да сканчэння веку (Мф. 28, 20), то нам няма чаго страшыцца і баяцца трывожных абставін цяперашняга часу. Адклікаючыся на вялікую любоў Спасіцеля, навучымся поўнасцю даручаць сябе Госпаду і спадзявацца на Яго добры Промысел, каб і да Другога слаўнага прышэсця Хрыстовага нават да апошніх зямлі (Іс. 8, 9) смела і з радасцю сведчыць, што з намі Бог!

ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ

Ражджаство Хрыстова 2023/2024

г. Масква

Фото
Image