Зямныя клопаты заўсёды былі бліжэй людзям. Але ж часам людз і адрывалі свой позірк ад зямлі і пазіралі ў неба, з надзеяй або просьбай.
Мабыць першымі ўсьвядомілі Боскае прызначэньне чалавека менавіта сьвятары. Магчыма, таму, што яны часьцей імкнуліся зьвярнуцца да Усявышняга, часьцей спрабавалі падзяліцца з Ім сваімі развагамі, думкамі.
Шчодрасьць Божая ня мела межаў. І чалавеку, які хацеў пайсці Божым шляхам, давалася магчымасць ярка выявіць сваю сутнасьць, паказаць, што ён сапраўды створаны падобным Богу — творцам.
Сярод тых людзей, якія усе свае Божыя дараваньні, духоўныя сілы, энергію, адукацыю, велізарную працаздольнасьць, адданасьць абранай справе. аддавалі жыцьцёвай мэце — справе разьвіццю навукі, адукацыі, магчымасьці чалавечымі намаганьнямі усьвядоміць навакольны сьвет. і ўсебакова яго вывучыць і пазнаць быў і наш зямляк Марцін Пачобут-Адляніцкі.
Выхаваньне. Адукацыя
Марцін Пачобут-Адляніцкі, доктар філасофіі і доктар тэалогіі, астраном, рэктар і прафесар Віленскага ўніверсітэта, член — карэспандэнт Парыжскай Акадэміі Навук і Французскага Народнага Інстытута, член Лонданскага Каралеўскага, Варшаўскага і іншых навуковых таварыстваў, нарадзіўся ў маёнтку каля вёскі Сламянцы пад Гродна 30 кастрычніка 1728 года.
У той час выхаваньне і адукацыя ў каталіцкіх дзяржавах знаходзіліся галоўным чынам у руках езуітаў, па гэтай прычыне і Адляніцкі, як толькі яму споўнілася дзесяць гадоў, паступіў ў. Гродзенскую езуіцкую калегію, дзе правучыўся 3 гады.
Юнак хутка зьвярнуў на сябе увагу выхавацеляў сваімиі выдатнымі здольнасьцямі, і езуіты пачалі намагацца каб Марцін уступіў у іх ордэн.
Гэты акт быў здзейсьніны калі Марціну было 17 гадоў. На працягу двух гадоў, так званы навіцыянт(курс), Марцін праходзіў у Вільні.
Затым ён вучыўся ў Слуцкай педагагічнай семінарыі і ў Полоцкай езуіцкай калегіі.
Пасля заканчэньня курсу навучаньня ў 21 гадовым узросце ён стаў выкладчыкам філасофіі і красамоўства ў Полацкай езуіцкай установе, а праз два гады выкладаў тыя ж навукі ў Віленскай езуіцкай установе.
На працягу двух гадоў Марцін вывучаў філасофію ў Віленскай иезуіцкай акадэміі і універсітэце. А пасьля гэтага быў пасланы ў Прагу для ўдасканаленьня ў матэматыцы, грэцкай і лацінскай мовах.
Сямігадовая вайна ў Еўропе перашкодзіла вучобе, і ўжо праз год Пачобут — выкладчык латыні ў Вільні і пры гэтым адначасова праходзіць курс вышэйшай тэалогіі.
Правячы у той час, князь Міхал Чартарыскі, — канцлер ВКЛ, вылучыў з сваіх сродкаў стыпендыянт для маладых людзей, жадаючых удасканаленьня ведаў за мяжой.
І ў 1761 годзе на гэтыя грошы Марцін Пачобут-Адляніцкі выехаў вучыцца.
За тры гады ён пасьпеў пабываць у Нямеччыне, Італіі і Францыі. Спачатку ён захапіўся паэзіяй, але, наведаўшы італьянскія навукова — матэматычныя ўстановы, зацікавіўся астраноміяй і вырашыў прысьвяціць сябе вывучэньню гэтай навукі.
Навуковая і адукацыйная дзейнасьць
Пазнаёміўшыся з дырэктарам марсельскай астранамічнай абсерваторыі Пэзэнам , Марцін прыняўся за працу пад яго кіраўніцтвам. Аднак, з-за абвастрэньня ў Францыі руху супраць езуітаў, Пэзэн прымушаны быў у 1763 годзе пакінуць Марсэль і пасяліцца ў Авіньёне. Туды ж перабраўся за ім і Адляніцкі.
Вясной 1764 года вярнуўся ў Неапаль. Тут пры дапамозе ангельскіх астранамічных прыбораў назіраў пачатак вялікага сонечнага зацьменьня.
У канцы гэта ж года праз Фларэнцыю, Венецыю і Вену, Пачобут вярнуўся ў Вільню і пачаў выкладаць матэматыку і астраномію ў Віленскім універсітэце, а таксама займацца астранамічнымі назіраньнямі.
Акрамя астрономіі Марцін Пачобут-Адляніцкі займаўся таксама геадэзіяй і картаграфіяй. У прыватнасьці, дасканала вызначыў каардынаты Вільні. Да Пачобута паступова прыходзіць слава аднаго з лепшых астраномаў Еўропы.
25 студзеня 1767 года Пачобуту быў дараваны тытул Каралеўскага астранома.
Пры ўдзеле Марціна Пачобута-Адляніцкага быў распрацаваны праект Віленскай абсерваторыі. Для закупаў астранамічнага абсталяваньня для абсерваторыі Пачобут выехаў у Еўропу.
У Даніі, а затым у Галандыі ён наведаў шэраг гарадоў, якія мелі вытворчасць дакладных прыбораў. Адтуль Пачобут прыехаў у Лондан — сталіцу дакладнай механікі і найбуйнейшы тагачасны астранамічны цэнтр. Скончыўшы справы ў Лондане, каралеўскі астраном выязджае ў Парыж. А ўжо адтуль , праз Берлін вяртаецца ў Вільню.
3 чэрвеня 1769 года адбылася вельмі рэдкая зьява — праход Венеры па дыску Сонца. Для назіраньня гэтай зьявы Марцін Пачобут-Адляніцкі, выязджае ў Рэвель, але дрэннае надвор’е не дазволіла правесьці назіраньні.
Вярнуўшыся з Рэвелю, Пачобут даведваецца, што ён абраны членам Каралеўскай Акадэміі навук у Лондане.
Да 1772 года працягваліся будаўнічыя работы ў новай Віленскай абсерваторыі. З-за немагчымасьці ў гэты час займацца назіраньнем зорнага неба, Пачобут перакладае «Асновы геаметрыі», якая неўзабаве і друкуецца.
Між тым, падзеньне езуіцкага ордэна станавілася ўсё больш яўным. Адляніцкі ўгаворвае віленскіх езуітаў, з прычыны будучага зьнішчэньня ордэна, саступіць сваю друкарню каралю Станіславу-Аўгусту, ад якога, праз нейкі час, Пачобут атрымлівае гэтую друкарню ў якасці падарунка.
Паступаючыя прыбыткі ад дзейнасьці друкарні ідуць на ўтрыманьне абсерваторыі.
У сваёй друкарні астраном выдаў вынікі зробленых ім самім і ягонымі супрацоўнікамі шматлікіх назіраньняў. У ёй жа Пачобут пачынае выдаваць штогоднік «Каляндар Віленскі», дзе публікуе матэрыялы па гісторыі краю, сучаснай палітыцы, тэалогіі, і піша на астранамічныя тэмы.
З пачатку 1773 года каралеўскі астраном пачынае рэгулярныя назіраньні ў новай абсерваторыі. У гэтым жа гадзе ліквідуецца Ордэн Езуітаў. Пачобут шукае іншые фінансавыя сродкі для ўтрыманьня ўніверсітэта і абсерваторыі.
У выніку Адукацыйная Камісія (першае ў Еўропе міністэрства адукацыі), ператварае езуіцкую акадэмію ў Галоўную Школу Вялікага Княства і пачынае яе фінансаваньне.
У 1773 годзе Пачобут распрацаваў праект заснаваньня ў Вільні спэцыяльнага Таварыства (накшталт Акадэміі Навук), які прадугледжваў разьвіцьцё як фундамэнтальных тэарэтычных напрамкаў, так і канкрэтных ведаў у галіне геаметрыі, мэханікі, земляробства, анатоміі ды іншых навук.
У 1775 годзе Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адзначае заслугі Марціна Пачобута-Адляніцкага залатым медалём, адбітым у яго гонар .
У 1778 годзе Пачобут выбіраецца членам — карэспандэнтам Парыжскай Акадэміі навук, а праз два гады становіцца рэктарам Акадэміі і сьвятаром касьцёла Св. Сёмухі ў Вільні.
У гэты ж час узнікла пагроза самаму існаваньню Галоўнай школы Літоўскай. Рэктар прыклаў шмат намаганьняў дзеля захаваньня школы. Пры яго асабістым ўдзеле Адукацыйная Камісія , зацьвердзіла Кодэкс, які захаваў навучальныя ўстановы на Літве.
У 1785 годзе Кароль узнагароджвае Пачобута ордэнам Св. Станіслава.
На працягу 1786 года Пачобут праводзіць шматлікія назіраньні размяшчэньня планеты Меркурыя, якую вельмі цяжка назіраць з-за блізкасьці да Сонца. А праз два гады праводзіць яшчэ больш сотні назіраньняў гэтай планеты, з вызначэньнем яе дакладных каардынатаў на небе. Атрыманыя дадзеныя, былі зьведзеныя ў табліцы размяшчэньняў планеты, і дасланыя ў Парыж.
Пачобут-Адляніцкі імкнуўся выявіць і прааналізаваць фізычную прыроду рэальных працэсаў, ператварыць кожную прызнаную гіпотэзу ў стройную тэорыю, закон.
У 1788 годзе рэктар Пачобут накіроўваецца ў Варшаву для далейшай прапрацоўкі законаў, зьвязаных з адукацыяй.
Праца над законамі доўжылася два гады.
У 1793 годзе. пагаршаецца здароўе астранома. Пачынаюцца моцныя і працяглыя галаўныя болі. Але Пачобут удзельнічае ў працы памятнага Гродзенскага сойму, рашаючы пытаньне з фінансаваньнем Галоўнай Літоўскай Школы пад час чарговага разбору Рэчы Паспалітай.
Поўнае зацьменне Сонца 1793г.
5 верасня 1793 г. адбылося поўнае зацьменне Сонца. Для гэтага ў Аўгустоў пад Гродна былі дастаўленыя астранамічныя прылады і ў прысутнасьці караля Станіслава Панятоўскага, рускага амбасадара Сіверса і мноства гасьцей, Пачобутам былі праведзеныя астранамічныя назіраньні зацьмення.
Дакладнае вымярэньне часу пакрыцьця дазволіла ўдакладніць геаграфічныя каардынаты Гродна і ўнесьці карэктыроўку ў вылічаную раней геаграфічную даўгату Вільні.
А самае галоўнае: сама астранамічная зьява і праца навукоўцаў зрабіла вялікае ўражаньне і паўплывала на фінансаваньне навукі.
У тым жа годзе . кароль узнагароджвае Пачобута Ордэнам Белага Арла.
З 1795 года пасля канчатковага разбору Рэчы Паспалітай і далучэньня Польшы да Расіі рэктар Пачобут зноў бярэцца за рашэньне праблем фінансаваньня Галоўнай школы.
Амаль два гады ён праводзіць у Гродна, бо тут знаходзіўся генерал-губернатар Літвы князь Рапнін. Толькі на прыканцы 1796 года Пачобут вяртаецца ў Вільню.
27 мая 1797 года новы рускі імператар Павел I, зьдзейсніў паездку па заходняй частцы імперыі і наведаў Галоўную школу і, ў прыватнасці, абсерваторыю. Усе прапановы Пачобута былі падтрыманыя. Універсітэт быў захаваны
Ён зрабіў прыкметны ўклад у развіцьцё асьветы ў родным краі, у папулярызацыю астранамічных і матэматычных ведаў. Як рэктар Віленскага універсітэта, ён прымаў удзел у дзейнасці Камісіі народнай адукацыі (Адукацыйнай камісіі) па Беларусі і Літве, у ажыццяўленьні мер па ўдасканаленьні навучальнага працэсу і выхаваньня навучэнцаў.
У часы рэктарства Пачобута ва ўнівэрсытэце былі арганізаваны 2 аддзяленьні — фізычнае (з факультэтамі матэматыкі, фізыкі і мэдыцыны) і маральнае (з факультэтамі лёгікі і права), адкрыта 4-гадовая школа падрыхтоўкі настаўнікаў.
Калі імператарам стаў малады Аляксандр I, Пачобут ездзіў у Пяцярбург рашаць універсітэцкія справы. І зноў фінансаваньне было зацьверджана, а ў якасьці ўзнагароды сам рэктар атрымаў ад маладога імператара пярсьцёнак.
Вярнуўшыся з Пяцярбурга, Пачобут падаў у адстаўку з паста рэктара ў сувязі з пагаршэньнем здароўя, адмовіўся ад прапанаванага яму з Рыма месца епіскапа і поўнасьцю прысьвяціў сябе астраномічным назіраньням..
Калі былі адкрыты малыя планеты — астэроіды. Пачобут, атрымаўшы інфармацыю аб месцазнаходжаньні на небе астэроіда Церэры, на пачатку красавіка 1802 года знаходзіць яго, і робіць серыю назіраньняў з вымярэньнямі становішча астэроіда для вызначэньня яго арбіты.
Нароўні з астраноміяй, усё сваё жыцьцё Пачобут захапляўся лацінскай паэзіяй і мовай.
19 чэрвеня 1802 года Вільню і ўніверсітэт наведаў малады імператар Аляксандр I. Ад імя ўсіх выкладчыкаў і студэнтаў, як самы вядомы і паважаны навуковец, да яго з прамовай на французскай мове зьвярнуўся Пачобут і прачытаў оду на латыні. Затым астраном правёў імператара ў абсерваторыю.
Пасля гэтага візіту Указам ад 8 верасня 1802 года была ўзноўлена сістэма адукацыі ў былым ВКЛ. А 4-га красавіка 1803 года выйшаў Указ, які пацьвярджаў існаваньне Галоўнай Школы Літоўскай у новых умовах пад назвай Імператарскага ўніверсітэта з поўным фінансаваньнем
Спачын
У гэтыя гады Пачобут прыступае да астранамічных назіраньняў астэроідаў. Але з-за пагаршэння стану здароўя ў 1807 годзе Пачобут пакінуў пост і дырэктара абсерваторыі.
У жніўні 1808 года Пачобут пераязджае ў Дынабурскі манастыр, каб там сустрэць сьмерць, як належыць манаху.
20 лютага 1810 года Марцін Пачобут-Адляніцкі скончыў сваё зямное жыццё.
У 1919 годзе імем Пачобута названа абсерваторыя адноўленага ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Імя нашага зямляка-астранома носіць таксама адзін з кратэраў на Месяцы.
Крыніцы:
- asoby.iatp.by
- kamunikat.org/8168.html
- nastaunik.info
- be.wikipedia.org
- mspu.by
- pawet.livejournal.com
- ru.wikipedia.org
Аляксандр. А. Сакалоўскі